Віктар Бабарыка: Усе людзі, якіх зараз выклікаюць і апытваюць, з'яўляюцца невінаватымі

З раніцы 11 чэрвеня ў галаўным офісе Белгазпрамбанка, а таксама ў кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кентаўр», «Кампары» праходзяць ператрусы. У прэс-службе Камітэта дзяржкантролю TUT.BY паведамілі, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю пачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». Прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка правёў прэс-канферэнцыю з гэтай нагоды.

babaryka_1.jpg

— Падзеі, якія адбыліся раніцай, патрабуюць маёй увагі, — сказаў Віктар Бабарыка ў самым пачатку прэс-канферэнцыі. — Я б гэтага не рабіў, калі б гэта не тычылася маіх сяброў, з якімі мяне звязваюць гады жыцця.
Віктар Бабарыка яшчэ раз заявіў, што ўся яго дзейнасць на пасадзе старшыні праўлення Белгазпрамбанка «не выклікала ні ў каго заўваг, у тым ліку праваахоўных органаў».
Белгазпрамабанк праходзіў міжнародныя аўдыты і аўдыты беларускіх кампаній, праверкі Нацыянальнага банка. Апошняя пазапланавая праверка скончана ў студзені 2020 года. Ні адна з гэтых праверак не выявіла ніякіх істотных заўваг, якія маглі б быць прычынай якіх-небудзь дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў Белгазпрамбанка.

babaryka_2.jpg

Ён адзначыў, што кампанію «ПрыватЛізінг», куды сёння прыйшлі з ператрусамі, таксама правяралі. Пасля праверкі яна працягнула заставацца адным з найбуйнейшых кліентаў Белгазпрамбанка.
Я не сцвярджаю, але напрошваецца выснова, што дзеянні сённяшняга дня носяць заказны палітычны характар, — сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты.
Віктар Бабарыка сказаў, што чакаў, што ціснуць будуць на яго самога. Тое, што ціснуць сталі на іншых, па яго словах, кажа пра тое, што на яго «няма ні-чо-га».

babaryka_3.jpg

Ён кажа, што падобныя дзеянні выклікаюць зваротны эфект: людзі з яго каманды гатовыя працаваць яшчэ больш актыўна. Ён кажа, што ніякіх варыянтаў нерэгістрацыі яго кандыдатам няма, таму што няма ніякіх фармальных і нефармальных прычын гэта зрабіць.
На дадзены момант, распавёў Віктар Бабарыка, ініцыятыўная група сабрала больш за 100 тысяч ідэальна вывераных подпісаў. Сёння ж іх мелі намер здаць у акруговыя выбарчыя камісіі.
Таксама Віктар Бабарыка выказаўся пра тое, з кім ён гатовы аб'яднацца падчас гэтай выбарчай кампаніі.
Мы можам аб'яднацца, калі ў нас ёсць агульныя мэты і супадае бачанне руху. Я гатовы да аб'яднання з любымі кандыдатамі, якія адказваюць гэтым двум умовам.

babaryka_4.jpg

Віктар Бабарыка пракаментаваў і заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што некаторыя прыватныя кампаніі прымушаюць сваіх супрацоўнікаў падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў.
Мы вельмі рады таму, што і гэты кандыдат у кандыдаты далучыўся да нашай ініцыятывы за сумленныя выбары. Яна мела на ўвазе неабходнасць паказваць на ўсе парушэнні. Калі ёсць той, хто ведае пра іх, не бойцеся паведамляць у наш штаб аб усіх парушэннях, незалежна ад таго, каго яны дакранаюцца.
Віктар Бабарыка дапускае правакацыі ў свой адрас, але не дапускае фізічнага гвалту або ліквідацыі.
Цяпер гэтыя дзеянні паказваюць, што мяжа мінула, Рубікон пяройдзены. Я дапускаю любыя правакацыі. Адзінае, што я працягваю не дапускаць, — гэта фізычную ліквідацыю або гвалт як у дачыненні да людзей, якія ў штабе і ініцыятыўнай групе, так і супраць мяне.
Віктар Бабарыка лічыць, што тое, што пакуль што адбывалася, не носіць рэпрэсіўнага характару.
Усе людзі, якіх зараз выклікаюць і апытваюць, з'яўляюцца невінаватымі. Іх вінаватасць усталёўвае толькі суд. Гэта людзі, якія ўцягнутыя ў працэс. Так, працэс дзіўны, верагодна, ён прадыктаваны палітычнымі матывамі. Калі гэта так, то гэта класічнае злоўжыванне службовым становішчам адным кандыдатам у кандыдаты, хоць юрыдычную ацэнку павінен даваць не я. Дзеянні пакуль не носяць рэпрэсіўнага характару. Пакуль не пакараны ні адзін чалавек. Але можна падазраваць, што гэта мае палітычную афарбоўку.

babaryka_5.jpg

Закранулі на прэс-канферэнцыі і тэму даходаў Віктара Бабарыкі, яго наўпрост запыталіся, ці не краў ён грошы банка.
У Белгазпрамбанку былі дастаткова вялікія зарплаты, каб уся краіна іх абмяркоўвала і банкіраў называлі тлустымі катамі. У мяне дастаткова грошай, каб пабудаваць тую хату, у якой я жыву, ездзіць на тых машынах, якія ёсць. Для гэтага не трэба злоўжываць службовым становішчам. Для гэтага трэба проста сумленна працаваць на пасадзе старшыні найбуйнейшага банка краіны.
— Вы гатовыя пацвердзіць гэта на паліграфе? — спытаў адзін з журналістаў.
— Я гатовы пацвердзіць гэта сваёй дэкларацыяй аб даходах.
Нагадаем, раней каманда Віктара Бабарыкі запусціла кароткі стрым, які доўжыўся ўсяго некалькі хвілін. Падчас яго Бабарыка заявіў, што прамога кампрамату на яго няма.
Сёння пачалі адбывацца дзеянні, якія паказваюць з поўнай яснасцю, што прадстаўнікі сённяшняй улады рэальна гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэння ў нашай краіне сумленных выбараў. Увесь цынізм гэтых дзеянняў складаецца ў тым, што яны накіраваны не на мяне, яны накіраваны на маіх сяброў, на людзей, з якімі я працаваў. Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма, і ёсць вялікая надзея, што людзей запалохаюць, прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых людзей. Я магу з дакладнасцю заявіць, што адзіным правільным спосабам у гэтай сітуацыі і адказам на самавольства і беззаконне з'яўляецца працяг нашых дзеянняў, працяг нашай барацьбы.
Паводле news.tut.by