Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць ААТ «Агат — электрамеханічны завод»
Вялікабрытанія абнавіла санкцыйны спіс у
дачыненні да беларускага рэжыму і дадала туды ААТ «Агат-электрамеханічны завод», паведамляе reform.by.

Гэта сказана ў паведамленні Офіса па выкананні санкцый казначэйства Вялікабрытаніі.
Раней санкцыі Вялікабрытаніі распаўсюджваліся на ААТ «АГАТ-сістэм», але 8 ліпеня прадпрыемства выключылі з санкцыйнага спісу.
Як і «АГАТ-сістэм», «Агат — электрамеханічны завод» уваходзіць у холдынг «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» з кіруючай кампаніяй ААТ «АГАТ-сістэмы кіравання». Прадпрыемства выпускае прадукцыю спецыяльнага прызначэння (радыёрэлейныя станцыі, мабільныя вузлы сувязі, рухомыя пункты аўтаматызаванага кіравання лятальнымі апаратамі, перасоўныя камандныя пункты аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА) і вытворча-тэхнічнага прызначэння (камплектуючыя для машынабудаўнічай галіны).