Выбаркам не задаволіў скаргу Губарэвіча на прымусовае галасаванне студэнтаў

Выбарчая камісія Каліноўскай 108 акругі адмовіла ў задавальненні скаргі кандыдата ў дэпутаты, першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча на прымусовае датэрміновае галасаванне на ўчастку № 637.

hubarevic_594pc.jpg



«6 верасня 2016 года на Выбарчым участку № 637 Каліноўскай выбарчай кругі № 108 па выніку датэрміновага галасавання, у адпаведнасці з пратаколам Участковай камісіі, прагаласавала 928 выбаршчыкаў у першы дзень датэрміновага галасавання. Гэта складае каля паловы выбаршчыкаў гэтага ўчастка», — сказана ў скарзе.

Пры гэтым, паводле падлікаў акрэдытаваных назіральнікаў, якія стала знаходзіліся на ўчастку, прагаласавалі 497–500 студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту.

«Улічваючы той факт, што выбарчы ўчастак размешчаны ў навучальным корпусе БНТУ і выбаршчыкамі на гэтым участку з’яўляюцца навучэнцы ўніверсітэта, можна адназначна сцвярджаць, што мае месца прымус да датэрміновага галасавання выбаршчыкаў, а таксама факт фальсіфікацыі вынікаў яўкі выбаршчыкаў на ўчастку для галасавання», — адзначыў у скарзе Губарэвіч.

Па ягоных словах, прымус да датэрміновага галасавання можна кваліфікаваць як парушэнне артыкула 9.10 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. «А калі з’ява носіць масавы характар, то гэта крымінальнае злачынства. Гэта парушэнне арт. 191 КК РБ (перашкода ажыццяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць) і арт. 192 КК РБ (падробка дакументаў па выбарах)», — падкрэсліў кандыдат у дэпутаты.

«Я прысутнічаў на пасяджэнні камісіі, там была агучаная інфармацыя, што тры чалавекі нібыта выязджалі на ўчастак. Я задаў пытанне, ці яны праверылі элементарнае: ці супадае колькасць подпісаў у спісе выбаршчыкаў, з колькасцю тых, хто прагаласаваў. Гэта зроблена не было», — сказаў сайту Pyx.by Губарэвіч.

Акрамя таго, па ягоных словах, ён не атрымаў адказу пра тое, чаму студэнты, якія павінны былі прысутнічаць на занятках, масава іх прапускалі дзеля датэрміновага галасавання. «Камісія нешта казала пра розныя змены і карпусы. Але гэта не адказ», — патлумачыў кандыдат у дэпутаты.

Як лічыць Губарэвіч, устанавіць праўду можна было б, каб людзі, якія прыехалі праводзіць праверку, апыталі студэнтаў. Але і гэта зроблена не было.

Ён нагадаў, што толькі за першы дзень датэрміновага галасавання разыходжанне з вынікамі назіральнікаў было больш чым на 500 чалавек. «Кожны другі з іх на ўчастку не прысутнічаў. Праверка гэтага таксама не праводзілася», — дадаў Губарэвіч.

Ён лічыць, што акруговая камісія «дзейнічала па загадзя загатаваным сцэнары і пакрыла злоўжыванні ўчастковай камісіі 637».

Адзначым, што назіральнікі «Права выбару» на іншых участках таксама фіксуюць розніцу ў яўцы з выбарчай камісіяй, у тым ліку на 108 акрузе. Напрыклад, 8 верасня на 607 участку розніца склала 161 чалавек, на 611 — 103 чалавекі.

Вольга Быкоўская,  Pyx.by