Вызваліць палітвязняў да Еўрапейскіх гульняў!
Вызваліць палітвязняў, спыніць цкаванне асобных актывістаў і
адмяніць "Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму" — такія патрабаванні
ўдельнікаў форуму "Свабоду палітвязням Беларусі".
"На 30 студзеня 2019 года ў Беларусі налічваецца восем палітычных вязняў: Святаслаў Барановіч, Тарас Аватараў, Міхаіл Жамчужны, Ілля Валавік, Піліп Іваноў, Вадзім Бойка, Зміцер Цехановіч, Алесь Юркойць.
Паводле палітычных крымінальных прысудаў адбываюць “хатнюю хімію” лідары незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Пад крымінальным следствам рэдактар парталу “Тут.бай” Марына Золатава, актывісты анархісцкага руху Зміцер Паліенка ды Яўген Чуліцкі, а таксама грамадская актывістка Анастасія Гусева.
Пагрозы крымінальнага пераследу рэгулярна выказваюцца на адрас Змітра Паліенкі і старшыні Маладога Фронту Дзяніса Урбановіча. Ідзе пераслед журналістаў незалежнага тэлеканала “Белсат” і “Радыё Рацыя”, перакрываецца доступ да парталу “Хартыя-97”. Тым часам рэжым праводзіць шматлікія перамовы на высокім узроўні з еўрапейскімі палітыкамі, атрымлівае запрашэнні ў еўрапейскія сталіцы, рыхтуе “Еўрапейскія гульні”.
Мы лічым ганебным становішча, калі прадстаўнікі дэмакратычных дзяржаваў ігнаруюць факт наяўнасці палітычных вязняў і рэпрэсіяў у Беларусі.
Мы патрабуем вызвалення Святаслава Барановіча, Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага, Іллі Валавіка, Піліпа Іванова, Вадзіма Бойкі, Змітра Цехановіча, Алеся Юркойця, адмены неправасуднага палітычна матываванага прысуду лідэрам незалежнага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку.
Мы патрабуем спынення крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу актывістаў і журналістаў, адмовы ад блакавання незалежных сайтаў.
Мы патрабуем адмены “Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, які выкарыстоўваецца дзеля палітычных рэпрэсіяў супраць іншадумцаў, актывістаў і дысідэнтаў.
Мы заклікаем урады еўрапейскіх краінаў, еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі супраць дэмакратычнага руху, прафсаюзаў ды незалежнай прэсы.
Калі да пачатку “Еўрапейскіх гульняў” палітвязні не будуць вызваленыя і не спыняцца рэпрэсіі — прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і сваякі палітвязняў будуць праводзіць акцыі пратэсту падчас саміх гульняў.
Свабоду палітвязням Беларусі!
Спыніць рэпрэсіі!
Менск, 30.01.2019"
Паводле прэс-рэлізу