Вызваліць усіх палітвязняў! За кратамі яшчэ 8 чалавек

Форум «Свабоду палітвязням» прыняў зварот з патрабаваннем вызваліць 8 чалавек, якія несправядліва пакараныя пазбаўленнем волі.

forum_svabodu_palitviazniam_liava_5_logo.jpg

Адозва з патрабаваннем спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі будзе накіравана дэпутатам Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у Камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі Савета Еўропы, спецдакладчыку ААН па правах чалавека Міклаша Харашці і пасольствам замежных краін.

forum_svabodu_palitviazniam_liava_9_logo.jpg

Удзельнікі пасяджэння Форуму не хаваюць, што прымеркавалі падпісанне заявы да сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая неўзабаве распачнецца ў Мінску, каб максімальна павялічыць шансы быць пачутымі. На іх думку, еўрачыноўнікі не павінны заплюшчваць вочы на рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да актывістаў, ахвяраваць дэмакратычнымі каштоўнасцямі дзеля наладжвання дыялогу з беларускімі ўладамі.

forum_svabodu_palitviazniam_liava_4_logo.jpg

pospiekh_liudmila_forum_svabodu_palitviazniam_liava_2_logo.jpg


Паводле заявы Форума “Свабоду палітвязням”, зыходзячы з крытэрыяў ПАСЕ, палітвязнямі таксама з’яўляюцца Міхаіл Жамчужны, Зміцер Паліенка (першых двух афіцыйна прызнаюць беларускія праваабаронцы), Алесь Юркойць, Тарас Аватараў, Аляксей Жалноў, Ілля Валавік, Зміцер Цехановіч, Ірына Моцная.

img_3413_logo.jpg

Таксама аўтары дакумента нагадваюць, што крымінальныя справы ў адносінах да патрыётаў, якіх напрыканцы чэрвеня вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, не спыненыя.

У заяве вылучана патрабаванне поўнага і неадкладнага вызвалення ўсіх палітзняволеных, ды спынення іх крымінальнага пераследу.

Таксама ў заяве ўтрымліваецца просьба да дэпутатаў ПА АБСЕ і ПАСЕ ўзяць пад больш пільны кантроль сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Падпісалі заяву ўсе ўдзельнікі чарговага пасяджэння Форума “Свабоду палітвязням”, сярод якіх былі Ганна Шапуцька, Вольга Мікалайчык, Святлана Каваленка, Максім Вінярскі, Кацярына Садоўская, Мікола Бамбіза, нядаўна вызвалены фігурант “справы патрыётаў” Сяргей Стрыбульскі, а таксама Людміла Поспех (маці пакаранага за актыўную падтрымку Ўкраіны Тараса Аватарава, якому падкінулі ў рэчы муляж гранаты), Раіса Валавік (маці футбольнага фаната-антыфашыста Іллі Валавіка, асуджанага за бойку), Яўгенія Жалнова (маці Аляксея Жалнова, якому інкрымінавалі збіццё міліцыянта, а фактычна пакаралі за змаганне з міліцэйскім бязмежжам) ды іншыя.

forum_svabodu_palitviazniam_liava_7_logo.jpg


Удзельнікі пасяджэння абмяркоўвалі магчымасці ўплыву на ўладу з тым, каб яна мінімізавала, а ў ідэале — адмовілася ад рэпрэсій. “Замежнікі нам кажуць адкрытым тэкстам: “Мы не чуем заяваў пра тое, што ў Беларусі ёсць палітвязні”. Патрэбныя публічныя заявы пра наяўнасць палітвязняў на плошчах гарадоў!”, — выказаў перакананне Максім Вінярскі. Іншае меркаванне: непад’ёмныя штрафы не дазваляюць прымаць удзел у несанкцыяваных публічных акцыях.

forum_svabodu_palitviazniam_liava_1_logo.jpg

Прысутныя ўрэшце пагадзіліся ад імя Форума падтрымаць ідэю правядзення 7 ліпеня а 18-й гадзіне акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якую ініцыюе Максім Вінярскі. Таксама на пасяджэнні прынятае рашэнне арганізаваць цягам месяца прэс-канферэнцыю са сваякамі несправядліва асуджаных, а пасля зладзіць круглы стол на тэму пераследу антыфашыстаў і міжнародную канферэнцыю, прысвечаную праблеме палітычнага пераследу ў Беларусі.

Фота аўтара

P.S. На наступны дзень пасля публікацыі артыкула стала вядома, што за кратамі апынуліся яшчэ два антыфашыста Вадзім Бойка і Філіп Іваноў. Такім чынам спіс зняволеных, вызвалення якіх патрабуе Форум "Свабоду палітвязняў" складае 10 чалавек.