Максім Вінярскі заклікае падтрымаць палітвязняў 7 ліпеня
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» прымеркаваў акцыю пратэсту да сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая будзе праходзіць з 5 да 9 ліпеня.
Максім Вінярскі заклікае выйсці 7 ліпеня а 18:00 на Кастрычніцкую плошчу, каб запатрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, а таксама выказаць пратэст супраць вучэнняў «Захад–2017».
«Важную ролю ў вызваленні ўдзельнікаў “Справы патрыётаў” сыграў ціск на рэжым як унутры Беларусі, так і звонку. Улада вымушаная ісці на саступкі ў тым ліку з-за правядзення ў сталіцы Беларусі важных міжнародных форумаў, якія рэжым імкнецца выкарыстоўваць для сваёй легітымізацыі. Адна з іх — сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ — пройдзе ў Менску з 5 па 9 ліпеня. Мы патрабуем, каб падчас яе правядзення ўзнялі пытанне аб парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне», — напісаў ён.
3 ліпеня акцыю супраць беларуска-раскйскіх вучэнняў правёў Мікола Статкевіч. Ён паабяцаў, што наступную акцыю правядзе ў верасні.