За мір з Пуціным давядзецца аддаць усю Украіну. А што будзе з Беларуссю?

Захад не да канца разумее, што насамрэч патрэбна Пуціну, а таму гульні з перамовамі патэнцыйна небяспечныя вынікамі, якія немагчыма прадказаць. У тым ліку ў дачыненні да сусветнай бяспекі. І калі Украіна акажацца «разменнай манетай», то што будзе з Беларуссю?

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Ілюстрацыйнае фота: «Reuters»

Псіхіятры і грамадскія дзеячы Беларусі і Расіі выступілі з ініцыятывай правесці комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу і ўстанавіць кантроль за псіхічным здароўем Пуціна і Лукашэнкі. Адкрыты зварот накіраваны на адрас Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ААН, Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя, Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі.

«Сёння чалавецтва стаіць на парозе планетарнай катастрофы праз вар'яцтва некалькіх дыктатараў, якія не толькі ўзялі ў закладнікі народы сваіх краін, але і развязалі вайну з пагрозай прымянення ядзернай зброі супраць іншых дзяржаў. Пакуль яшчэ не позна, трэба ўзяць псіхічнае здароўе вышэйшых службовых асоб дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй і вядуць агрэсіўныя войны, пад нацыянальны і міжнародны кантроль!» — гаворыцца ў звароце.

Пад гэтай петыцыяй можна падпісацца усімі дзесяццю пальцамі абедзвюх рук. Калі б не адно «але»! Аўтары не прапаноўваюць (ды і не могуць, па вялікім рахунку, прапанаваць) дзейсны механізм рэалізацыі сваіх ідэй, піша «BGmedia». Уявіць сабе, што СААЗ або іншая міжнародная арганізацыя атрымае карт-бланш і будзе кантраляваць псіхічнае здароўе дыктатараў, тым больш выносіць вердыкт, абавязковы для выканання, можна, толькі валодаючы бязмежнай фантазіяй і найвышэйшай ступенню наіўнасці.

Умоўна кажучы, калі б падобная экспертыза праводзілася ў дачыненні да вышэйшай службовай асобы дэмакратычнай дзяржавы і выявіла б сур'ёзныя парушэнні псіхікі, шанцы на яе адхіленне або адхіленне ад улады былі б не нулявымі. У аўтарытарнай краіне яны нават са знакам «мінус». І гэта аўтаматычна ставіць крыж на падобнага кшталту ініцыятывах.

Іншая справа, што варта было б ужо цяпер прадумаць механізмы, як засцерагчы сябе ў будучыні ад прыходу да ўлады новых Неронаў і Калігулаў. Бо іх галоўнае адрозненне ад далёкіх папярэднікаў у тым, што ў тых неадэкватнаў, з глыбокай старажытнасці і Сярэднявечча, не было ў руках «ядзернага чамаданчыка».

Ці можа Украіна даць «пад дых» Маскве з боку Беларусі?

Тым часам, цяперашні беларускі Калігула па-ранейшаму спрабуе «прадаць» суайчыннікам мірнае неба. Маўляў, пакуль я ва ўладзе, ніякай вайны ў вас не будзе. Гэты наратыў прадаецца ўжо трыццаць гадоў. Вось толькі неба над краінай перастала быць мірным, бо ў ім пастаянна лётаюць расійскія беспілотнікі. Мала таго, што лётаюць, дык яны яшчэ і выбухаюць у гэтым самым небе.

Днямі ў інтэрв'ю калегам з «Зеркала» дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк фактычна зняпраўдзіў нядаўняе выказванне самапрызначанага пра тое, што паміж ім і кіраўніцтвам Украіны нібыта існуе дамоўленасць — не падсвятляць у СМІ залёты БПЛА ў Беларусь з тэрыторыі паўднёвай суседкі.

Падаляк назваў такія дзеянні «бессэнсоўнымі» і «немагчымымі». Паводле яго, аніякія ўкраінскія дроны ў Беларусь не залятаюць. Залятаюць толькі іранскія «шахеды», натуральна, пасланыя расійскім войскам. Так што, мяркуючы з усяго, выйшаў у дыктатара чарговы аблом. Зрэшты, хлусня — гэта яго ўсё, аснова ўсёй яго шматгадовай палітыкі па абдурванні беларусаў і іншых.

Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік (дарэчы, ураджэнец нашай краіны) не падтрымаў ідэю дэпутата Вярхоўнай рады ад кіруючай партыі Алега Дунды, які, выступаючы некалькімі днямі раней на Форуме свабоднай Расіі ў Вільні, прапанаваў перанесці вайну на тэрыторыю Беларусі: «Я глыбока ўпэўнены — калі зойдзем адносна невялікімі падраздзяленнямі ў Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве — паказаць, што яна не кантралюе гэтыя тэрыторыі, не гатовая абараняць іх».


Глядзіце таксама

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка ўжо паспеў пракаментаваць выказванне Дунды, будучы ў Маскве. Там ён заявіў, што ваеннае ўварванне ў РБ «прывядзе да краху кіеўскай улады». Паводле слоў Лукашэнкі, гэта «вяканне несур'ёзных людзей», а Зяленскі пра такое не думае.

У гэтым кіраўнік мае рацыю. Пра тое, што ў Кіеве падобны сцэнар сур'ёзна ніхто не разглядае, сказаў і Падаляк. Так што меркаванне ўкраінскага дэпутата — хутчэй яго асабістае меркаванне, якое падліло вадзіцы на млын дыктатара. Ён цяпер можа яшчэ больш развіваць міф пра падрыхтоўку нашэсце на Беларусь з поўдня, маўляў, да гэтага ж заклікаў прадстаўнік украінскай улады.

Вось прыедзе Байдэн... і ацэніць ступень ідыятызму Пуціна?

Ва ўжо згаданым інтэрв'ю Міхаіла Падаляка ён трохі прыадкрыў заслону таямніцы вакол «плана перамогі», які Уладзімір Зяленскі прадставіў на гэтым тыдні кіраўнікам вядучых краін ЕС падчас свайго чарговага еўрапейскага турнэ. Адным з пунктаў гэтага плана, паводле слоў дарадцы прэзідэнта Украіны, значыцца стварэнне ўмоў для антываенных настрояў унутры Расіі.

— У «плане перамогі» прапісана, як гэта зрабіць — за кошт павелічэння колькасці ўдараў па розных рэгіёнах Расіі. Іх павінна быць вельмі шмат. Для гэтага патрэбна іншая колькасць ваеннай тэхнікі, тых жа дальнабойных інструментаў. Толькі праз прымус вельмі хутка мы зможам, па-першае, прыбраць рэшткі расійскай лагістыкі і зменшыць яе магчымасць эфектыўна падвозіць рэсурсы на лінію баявога судакранання. Па-другое, мы зможам істотна паўплываць на сацыяльныя настроі ў Расійскай Федэрацыі, маштабаваць на 20-25 рэгіёнаў гэтыя ўдары, пасадзіўшы людзей у бамбасховішчы. Яны павінны адчуць тое, што Украіна адчувае ўжо тры гады. У такім выпадку мы будзем мець зусім іншыя настроі і ціск на палітычную інфраструктуру ў Расіі. Адпаведна, такім чынам мы паскорым і ўсведамленне таго, што вайна — гэта мінусы, дэфіцыты, трагедыі і яна павінна скончыцца. Але скончыцца на справядлівых умовах, — падкрэсліў Падаляк.


Глядзіце таксама

Фактычна, ён прызнаў, што Украіна рыхтуецца да нанясення магутных удараў углыб расійскай тэрыторыі, закліканых вырашаць не толькі ваенныя задачы, але і палітычныя. У прыватнасці, падарваць давер насельніцтва да ўлады. Наколькі гэты план спрацуе, складана прадбачыць. Але галоўнае — мы пакуль не ведаем, як да яго ставяцца ў заходніх сталіцах.

Перанос сустрэчы высокага ўзроўню ў фармаце «Рамштайн», якая павінна была адбыцца на мінулым тыдні ў Германіі з удзелам прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, не дадаў пэўнасці ў гэты сюжэт. Фармальна Байдэн не прыехаў у Еўропу праз ураган у Фларыдзе, які, мяркуючы па ўсім, аказаўся не такім магутным, як чакалася.

Між тым, 10-бальны ваенны ўраган пашыраецца цяпер не толькі на ўсходзе Украіны, але і на Блізкім Усходзе. Аднак не варта чакаць ад амерыканскай адміністрацыі аніякіх рэальных крокаў па эскалацыі да 5 лістапада. З гэтым, падобна, змірыліся ў Кіеве, прызнаўшы, што анансаваны на лістапад другі мірны саміт, хутчэй за ўсё, таксама давядзецца адкласці.

Што тычыцца пазіцый расійскага боку з нагоды магчымых перамоў, тут, на наш погляд, варта прыслухацца да меркавання палітолага Уладзіміра Пастухова: «Ёсць меркаванне — і яно, на мой погляд, глыбока памылковае, — што Пуцін гатовы скончыць вайну, легітымізаваўшы ў той ці іншай форме сваё валоданне акупаванымі Расіяй тэрыторыямі. Думаць так — значыць дэманстраваць на трэцім годзе вайны наіўную веру ў тое, што Пуцін — дурань, а ён — не ён. Калі Пуцін скончыць вайну проста тым, што спыніць агонь па лініі цяперашняга супрацьстаяння і нічога не захоча ў абмен, тады так — ён будзе поўным ідыётам. Вайна ў цяперашнім выглядзе, калі і "цісне" Пуціну, то на паўразмера, з такой вайной на нагах можна хадзіць яшчэ некалькі гадоў. А вось спыненне агню без дадатковых умоў — гэта для Пуціна калодка катаржаніна, з якой далёка не пойдзеш. Чаму? Асобная тэма».

На думку Пастухова, Пуцін разумее, што спыненне агню можа абярнуцца хуткім ператварэннем Украіны ў ваенны фарпост Захаду — свайго кшталту «стэпавы Тайвань». Таму адзіна правільны варыянт для яго — запатрабаваць прававога замацавання за Расіяй усіх захопленых тэрыторый, гэта значыць мірнай дамовы, а не перамір'я, а таксама поўнай дэмілітарызацыі Украіны. Не трэба быць прарокам, каб прадказаць: гэтыя патрабаванні завядуць перамовы ў тупік. Аднак палітолаг мяркуе: на Захадзе няма поўнага разумення таго, чаго напраўду хоча Крэмль.

— Памылка Захаду палягае ў тым, што там чамусьці лічаць, што Пуцін гатовы ўзяць частку Украіны, пакуль ён гатовы проста браць яе па частках. Таму план Трампа выглядае альбо нерэалістычным, альбо хітрым. Калі Трамп намякае, што гатовы аддаць тэрыторыі Украіны ў абмен на мір з Пуціным, ён, хутчэй за ўсё, не дагаворвае. За мір з Пуціным давядзецца аддаць усю Украіну.


Глядзіце таксама

Ці гатовы да гэтага Трамп — пытанне адкрытае. На яго атрымаем адказ, толькі калі амерыканцы 5 лістапада абяруць яго прэзідэнтам другі раз. Высокая верагоднасць таго, што памер катастрофы будзе нашмат большым, чым «размен тэрыторыямі».

Гаворка ідзе пра фундаментальны перагляд контураў еўрапейскай бяспекі. Якім у гэтым выпадку будзе лёс Беларусі, можна толькі здагадвацца. Але, хутчэй за ўсё, такі сцэнар нежыццяздольны з прычыны таго, што ва Уладзіміра Пуціна не хопіць для гэтага ні рэсурсаў, ні часу.

Ордэн замест ордэра

У сераду, 9 кастрычніка, Уладзімір Пуцін уручыў Аляксандру Лукашэнку найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду РФ — Ордэн святога апостала Андрэя Першазванага, на якім напісана «За веру і вернасць». Пуцін любіць жэсты. У святле апошніх падзей гэта можна расцэньваць як узнагароду за вернасць Расіі і карпарацыі УЧК, за непахісную веру ў іх агульныя ідэалы.


Глядзіце таксама

У перакладзе на ўсім зразумелую мову: «Гэта наш сукін сын. Агульныя нашы ворагі задумалі для яго Гаагскі ордэр, а я яму даў ордэн». Паказальна, што гаўляйтар на напаўсагнутых схіліўся перад патронам у момант уручэння.

Ну, што тут скажаш? Псіхіятры глядзяць у корань. Засталося толькі дакапацца да яго і вырваць гэтае пустазелле роду чалавечага (прабачце за таўталогію) з коранем.