964-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ заахвочвае сваіх вайскоўцаў караць смерцю ўкраінцаў

Амаль тысячу дзён цягнецца вайна ва Украіне. Сёння ўпершыню за 50 дзён Украіну не абстрэльвалі «Шахеды» — але іншыя БПЛА і ракеты РФ білі па мірных украінскіх гарадах і мястэчках.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на павелічэнне пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных, якія заахвочваюць расійскія камандзіры.

Украінскі праект «Deepstate» паведаміў 13 кастрычніка, што расійцы пакаралі смерцю 9 украінскіх ваеннапалонных каля вёскі Зялёны Шлях Курскай вобласці 10 кастрычніка.

Як паведамляецца, украінскія аператары беспілотнікаў нечакана сутыкнуліся з расійскімі войскамі ў зоне, якую яны, імаверна, успрынялі як блізкі тыл, і папалі пад расійскі агонь.

Маючы абмежаваны запас боепрыпасаў, яны былі вымушаныя здацца, і расійцы ўзялі іх у палон.

Даныя наступстваў пакарання сведчаць пра тое, што расійскія войскі раззброілі, распранулі і расстралялі ўкраінскіх ваеннапалонных — гэта выразна паказвае на папярэдні характар пакарання.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец асудзіў пакаранне як сур'ёзнае парушэнне «Жэнеўскай канвенцыі аб абыходжанні з ваеннапалоннымі». Украінская пракуратура абвясціла, што пачала расследаванне паведамленняў пра пакаранне дзевяці ўкраінскіх ваеннапалонных у Курскай вобласці.

«Апошнім часам ISW назірае павелічэнне колькасці пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных расійскімі войскамі па ўсім тэатры баявых дзеянняў, а расійскія камандзіры, імаверна, патураюць, заахвочваюць ці непасрэдна аддаюць загады аб пакаранні ўкраінскіх ваеннапалонных.

ISW працягвае адсочваць відэазапісы і паведамленні пра пакаранні смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных расійскімі вайскоўцамі і назірае больш шырокую тэндэнцыю расійскіх злоўжыванняў супраць украінскіх ваеннапалонных на розных участках фронту, якія, як уяўляецца, дапускаюцца, калі не наўпрост ухваляюцца, асобнымі расійскімі камандзірамі».

Аналітыкі дадаюць, што так званыя венныя блогеры ў РФ у асноўным праслаўлялі пакаранне ўкраінскіх ваеннапалонных, пацвярджаючы норму апраўдваць і адзначаць ваенныя злачынствы ў больш шырокай ультранацыяналістычнай супольнасці.

«Многія расійскія блогеры не толькі апраўдвалі, але і святкавалі пакаранне расійскіх ваеннапалонных у Курскай вобласці, сцвярджаючы, што пакаранні былі заслужанымі або што такія пакаранні смерцю — звычайны аспект вайны».

У той жа час, адзначаюць у аглядзе, іншыя расійскія блогеры падкрэслена заклікалі сваіх вайскоўцаў павялічыць колькасць пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных на ўсім тэатры баявых дзеянняў.

«Многія з гэтых расійскіх мілітары-блогераў маюць вельмі шмат падпісчыкаў і звязаныя з Крамлём, што дае ім адчуванне ўлады ва ўстанаўленні і ўмацаванні прынятых культурных норм у расійскай ультранацыяналістычнай супольнасці.

Расійскія мілітары-блогеры часта праслаўляюць зверствы і жорсткасць ва Украіне з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, і гэтае ўслаўленне падкрэслівае больш шырокую культуру, якая, верагодна, заахвочвае сістэматычныя пакаранні ўкраінскіх ваеннапалонных».

***

Адносна саміх ваенных дзеянняў аналітыкі ISW адзначаюць, што акупанты аднавілі наступ на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей і дасягнулі некаторых тактычных поспехаў, аднак пакуль гэта не выглядае часткай маштабных аператыўных наступальных намаганняў.

«Гэтыя тактычныя поспехі не з'яўляюцца вынікам раптоўнага або нечаканага прарыву расійскіх войскаў», — гаворыцца ў аглядзе.

Эксперты нагадваюць, што на пачатку кастрычніка расійскія войскі актывізаваліся на ўчастку фронту на захадзе Запарожскай вобласці паблізу Каменскага (на поўдзень ад Стэпнагорска), але гэтая актыўнасць пакуль была абмежаванай і прывяла толькі да нязначных тактычных дасягненняў.

Разам з тым, адзначаецца ў аглядзе, расійцы могуць зноў актывізавацца на менш актыўных участках фронту на поўдні Украіны, каб адцягнуць увагу Украіны ад прыярытэтных наступальных аперацый Расіі ў Данецкай вобласці, а таксама для таго, каб зафіксаваць украінскія войскі ўздоўж фронту на поўдні Украіны і не дапусціць перадыслакацыі УСУ ў Данецкую вобласць.

«Аднак ISW не фіксаваў паведамленняў аб тым, што расійскія войскі праводзяць заўважна маштабныя наступальныя аперацыі на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей або назапашваюць жывую сілу і матэрыяльныя сродкі для ўзмоцненых наступальных намаганняў, супастаўных з расійскімі наступальнымі аперацыямі на ўсходзе Украіны.

Расійскія войскі, наадварот, перадыслакавалі сілы, якія раней знаходзіліся ў памежнай зоне Данецкай і Запарожскай абласцей і ў іншых месцах на поўдні Украіны, каб адказаць на ўкраінскае ўварванне ў Курску».

***

У ноч на 14 кастрычніка аналітыкі праекта «Deep State» абнавілі мапу ваенных дзеянняў, адзначыўшы, што расійскія акупанты прасунуліся каля Вугледара і Часавага Яра ў Данецкай вобласці:

«Вораг прасунуўся каля Калінаўкі, Часавага Яра, Грыгораўкі, Вугледара, Альгоўкі (Курская вобл., РФ), Крэмневага (Курская вобл., РФ), ля Цукурына і Залатой Нівы».

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 161 баявое сутыкненне з акупантамі, больш за ўсё — на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках. Упершыню за амаль 50 дзён у ноч на 14 кастрычніка расійскія акупанты не атакавалі Украіну беспілотнікамі тыпу «Шахед», паведамляе Генштаб УСУУ Паветраных сілах Украіны не каментавалі, з чым можа быць звязана раптоўнае зацішша з боку акупантаў.

Раней паведамлялася, што расійскія акупацыйныя войскі ўсё часцей акрамя «Шахедаў» выкарыстоўваюць дроны неўстаноўленага тыпу, якія часта падпадаюць пад уплыў украінскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і падаюць на зямлю, не нанёсшы шкоды.

Таксама Генштаб УСУ абнавіў інфармацыю пра расійскія страты ў вайне: з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Сілы абароны Украіны абясшкодзілі больш за 670 тысяч акупантаў, больш за 19,4 тысячы артылерыйскіх сістэм, больш за 17,8 тысячы ББМ і 8 975 танкаў. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 10.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 670 190 (+1 260) чалавек;
  • танкаў — 8 975 (+5) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 17 895 (+19) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 19 421 (+11) адз.;
  • РСЗА — 1 231 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 978 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 009 (+17) адз.;
  • крылатых ракет — 2619 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 26 622 (+38) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 437 (+2) адз.

***

За мінулыя суткі акупанты нанеслі 177 удараў па 9 населеных пунктах Запарожскай вобласці, атакавалі населеныя пункты 84 беспілотнікамі рознай мадыфікацыі, паведаміў кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў.

Паводле слоў Фёдарава, войскі РФ здзейснілі 4 авіяцыйныя ўдары па Цяміраўцы.

84 БпЛА рознай мадыфікацыі атакавалі Лабкова, Гуляйполе, Новаандрэеўку, Новаданілаўку, Рабоціна, Малую Такмачку, Малінаўку і Ляваднае.

Таксама 7 абстрэлаў з расійскіх РСЗА накрылі Лабкова, Новаданілаўку і Малую Такмачку.

Акупанты нанеслі 82 артабстрэлы па тэрыторыі Лабкова, Гуляйполя, Новаандрэеўкі, Новаданілаўкі, Рабоціна, Малой Такмачкі, Малінаўкі і Ляваднага.

«Паступіла 4 паведамленні аб разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры. Мірныя жыхары не пацярпелі».

***

Уначы і раніцай расійскія войскі 9 разоў КАБамі стралялі па памежных тэрыторыях і населеных пунктах Сумскай вобласці, паведамляе Сумская АВА.

Абстрэлам падвергліся:

  • Краснапольская грамада (1),
  • Трасцянецкая грамада (2),
  • Вялікапісараўская грамада (1),
  • Глухоўская грамада (5 выбухаў).

***

У выніку расійскіх абстрэлаў 13 кастрычніка ў Данецкай вобласці загінулі 4 чалавекі, яшчэ 3 атрымалі раненні, напісаў кіраўнік Данецкай АВА Вадзім Філашкін у Telegram.

«Расія забівае грамадзянскіх! За 13 кастрычніка расійцы забілі 4 жыхароў Данецкай вобласці: 2 у Часавым Яры, 1 у Звонаўцы і Вішнёвым. Яшчэ 3 чалавекі ў вобласці за суткі атрымалі раненні».

Філашкін адзначыў, што колькасць ахвяр расійцаў у Данецкай вобласці пададзена без уліку Марыупаля і Валнавахі.

***

Расійцы атакавалі прыпартовую інфраструктуру Адэсы балістычнай ракетай. Загінуў адзін чалавек, яшчэ восем атрымалі раненні, усе яны — супрацоўнікі прыпартовай інфраструктуры, паведаміў кіраўнік Адэскай АВА Алег Кіпер у Telegram.

«Цэллю ворага чарговы раз стала прыпартовая інфраструктура. Забіты адзін чалавек, яшчэ восем атрымалі раненні. Пацярпелыя знаходзяцца ў бальніцы, двое з іх у цяжкім стане. Медыкі аказваюць усю неабходную дапамогу.

Усе параненыя і загінулы — работнікі прыпартовай інфраструктуры, грамадзяне Украіны».

Кіпер паведаміў, што пашкоджанні атрымалі грамадзянскія судны: «NS Moon» пад сцягам Беліза і сухагрузнае судна пад сцягам Палаў «OPTIMA». Роўна тыдзень таму «OPTIMA» ўжо было пашкоджана ў выніку абстрэлу балістыкай.

Таксама ў выніку атакі ёсць пашкоджанні прыпартовай інфраструктуры, у прыватнасці, склада з збожжам.

***

Расійцы атакавалі з дрона аўтамабіль непадалёк ад вёскі Гаўрылаўка Херсонскай вобласці: два чалавекі загінулі, яшчэ адзін чалавек атрымаў раненні, паведаміў кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін у сацсетках.

«У абед расійцы атакавалі з дрона грамадзянскі аўтамабіль паблізу Гаўрылаўкі.

На жаль, траўмы, несумяшчальныя з жыццём атрымалі дзве жанчыны, 72 і 56 гадоў. Мае спачуванні родным і блізкім загінулых».

Паводле даных кіраўніка АВА, таксама паранены 46-гадовы кіроўца.

***

Украінцы на расійскім ваенным аэрадроме «Арэнбург-2» спалілі варожы ваенна-транспартны самалёт Ту-134, паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі.

У ноч з 12 на 13 кастрычніка 2024 года ў Расіі згарэў самалёт Ту-134, які належаў 117-му вайскова-транспартнаму авіяпалку Узброеных сіл РФ.

Такія савецкія борты выкарыстоўваюцца, у прыватнасці, для транспарціроўкі кіруючага саставу Міністэрства абароны РФ.

https://t.me/DIUkraine/4648?fbclid=IwY2xjawF5lFtleHRuA2FlbQIxMAABHTa0nkmE8ndf_ggqIqFHeWWyIO97PT9jzgEDy9j4bGNSrnF700LI7s59yw_aem_oTZo8IPmRyMP8AJIi4PAaw

***

На думку спікера Ваенна-марскога флоту УСУ Дзмітрыя Пляценчука, расійскі флот страціў магчымасці ўплываць на ход баявых дзеянняў ва Украіне.

«Больш прафесійна на гэтае пытанне могуць адказаць калегі з выведкі... Я магу адзначыць, што, якой бы там ні была ступень гатоўнасці і колькасць адзінак, — паўплываць на ход баявых дзеянняў на нашым тэатры гэта фактычна не можа. Нават нягледзячы на тое, што некаторыя адзінкі расійцы маглі б перакінуць па ўнутраных водах, яны гэтага рабіць не будуць, таму што не могуць справіцца нават з тымі адзінкамі, якія ў іх застаюцца ў Чорным моры, у Чарнаморскім флоце, які фактычна паралізаваны ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне.

Што тычыцца іншых акваторый, як, напрыклад, Міжземнамор'е, адтуль сюды яны гэтак жа не могуць патрапіць», — цытуе словы прадстаўніка ВМФ «Украінская праўда».