Псіхіятры: Лукашэнку і Пуціну патрэбна комплексная экспертыза

Супольнасць беларускіх псіхіятраў заклікае праверыць псіхічны стан дыктатараў, у чыіх руках — неабмежаваная ўлада над людзьмі і ядзерная зброя.

Ілюстрацыя «НЧ»

Ілюстрацыя «НЧ»

Група незалежных беларускіх псіхіятраў у эміграцыі і публічная ўстанова «Грамадзянскі цэнтр "Беларускі вердыкт"» стварылі петыцыю, у якой патрабуюць правядзення псіхіятрычнай экспертызы ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Яны лічаць, што варта ставіць пытанне наконт удакладнення двух дыктатараў дыягназаў і магчымасці заняцця імі вышэйшых дзяржаўных пасад.

«Мы заклікаем звярнуць асаблівую ўвагу і прыняць папераджальныя меры ў дачыненні да асоб, якія прэтэндуюць на займанне або займаюць вышэйшыя пасады ў сваіх дзяржавах, у сусветных структурах, і пры гэтым маюцца важкія падставы падазраваць наяўнасць у гэтых асоб стану псіхікі, які мае непасрэдную небяспеку для іх саміх і для навакольных», — заяўляюць яны.

Аўтары петыцыі ўпэўненыя, што на сёння не існуе механізмаў, здольных абараніць звычайных грамадзян ад захопу ўлады людзьмі з псіхічнымі паталогіямі. У якасці прыклада яны якраз прыводзяць самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку і яго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна.

«Так, у Рэспубліцы Беларусь амаль трыццаць гадоў незаконна ўтрымлівае прэзідэнцкую ўладу ў сваіх руках Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ да моманту заняцця пасады прэзідэнта ён знаходзіўся пад дыспансерным наглядам у мясцовым псіхдыспансеры, у сваіх паводзінах выяўляў відавочныя прыкметы параноіднага разладу асобы. Праз некалькі гадоў кіравання краінай Лукашэнка ўсталяваў дыктатарскі рэжым, пачаўшы рэпрэсіі, якія суправаджаліся гвалтоўнымі знікненнямі палітычных апанентаў. Незалежныя псіхіятры яшчэ 25 гадоў таму паставілі Аляксандру Лукашэнку дыягназ па МКБ-9 "мазаічная псіхапатыя" (форма псіхічнага разладу, якая была ў Іосіфа Сталіна). Па МКБ-10 гэты дыягназ Лукашэнкі вызначаецца як "змяшаны (параноідны і дысацыяльны) разлад асобы". Пасля 2020 года разлад псіхікі ў беларускага тырана выявілася яшчэ больш відавочны: ён разгарнуў халодную грамадзянскую вайну, рэпрэсіі супраць соцень тысяч іншадумцаў — з маштабам, нябачаным для Еўропы ў 21 стагоддзі.


Глядзіце таксама

Дыктатар у Беларусі трымаецца толькі на падтрымцы свайго патрона — прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Апошні аднаўляе Расійскую імперыю, будуючы ў сталінскім духу неататалітарны рэжым, пачаў вайну супраць украінскага народа і дзяржавы, разбурыў мір, бяспеку ў рэгіёне. Абодва нелегітымныя дыктатары пагражаюць з выкарыстаннем ядзернай зброі развязаць Трэцюю сусветную вайну, што знішчыць жыццё на планеце. Расійскія псіхіятры ўпэўнена ставяць Пуціну дыягназ аб разладзе асобы: базавы — нарцысічны, другасны — параноідны, псіхолагі ж дыягнастуюць у яго так званую "цёмную трыяду", якая ўключае: нарцысізм, макіавэлізм і псіхапатыю».

Дактары заклікаюць правесці комплекснае псіхіятрычнае абследаванне гэтых дваіх палітыкаў і некаторых іншых і акцэнтуюць увагу на тым, што ў людзей з псіхапаталогіямі, якія ўзурпуюць уладу ў Беларусі і Расіі, ёсць доступ да ядзернай зброі, што стварае вельмі небяспечную сітуацыю для сусветнай грамадскасці. 


Глядзіце таксама

«У імя псіхічнага здароўя, жыцця беларускага, расійскага народаў, салідарнасці з гераічнай барацьбой украінскага народа за сваю свабоду і выжыванне, мы заклікаем да пільнасці і актыўнасці ўсю прагрэсіўную міжнародную супольнасць. Пакуль яшчэ не позна, трэба ўзяць псіхічнае здароўе вышэйшых службовых асоб дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй і вядуць агрэсіўныя войны, пад нацыянальны і міжнародны кантроль!»  заклікаюць аўтары петыцыі.

Зварот будзе накіраваны ў Сусветную арганізацыю аховы здароўя ААН, Сусветную федэрацыю псіхічнага здароўя, Сусветную псіхіятрычную асацыяцыю і ў Псіхіятрычныя асацыяцыі Канады, ЗША, Літвы, Беларусі, Расіі. Падпісаць яго можа любая беларуская і замежная арганізацыя. Адрас для кантакту: belarusverdict@gmail.com.