За Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах гатовы галасаваць толькі 37% — НІСЭПД

Давер беларусаў да цяперашняй палітычнай апазіцыі застаецца невысокім, сведчаць вынікі сакавіцкага апытання насельніцтва Беларусі, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Вільнюс) (апытаныя 1.515 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%).



vybory_rb.jpg

Сёння апазіцыйным палітычным партыям давяраюць 18,8%, а не давяраюць 57,4%.

Гатоўнасць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах, зазначаюць сацыёлагі, сёння выказваюць амаль тры чвэрці выбаршчыкаў (35,8% — «так, вядома будуць» і 37,6% — «хутчэй так», 16,3% — «хутчэй не» і 6% — «вядома, не будуць»), перадае БелаПАН.

На пытанне «Калі Аляксандр Лукашэнка будзе ў пяты раз выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах і з ім будзе сапернічаць кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі, за каго з іх Вы б прагаласавалі?» 37% адказалі «за Лукашэнку», 23,2% — «за кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі», 21% — «ні за аднаго з іх».

На пытанне пра тое, які кандыдат ад апазіцыі будзе лепшым, 44,5% сказалі «дасведчаны, вядомы палітык», 22,3% — «новы чалавек, малавядомы палітык», 16,4% — «магчыма, жанчына-палітык».

Электаральны рэйтынг (па адкрытым пытанні) ва Уладзіміра Някляева сёння складае 7,6% (у снежні быў 3,5%), Мікалая Статкевіча — 4,5% (быў 2,7%), Аляксандра Мілінкевіча — 1,6% (быў 2,8%), Анатоля Лябедзькі — 2,9% (быў 0,8%), Сяргея Калякіна — 1,6% (быў 0,7%).

Рэйтынг Лукашэнкі па закрытым пытанні складае 36,9%, а Някляева — 9,4%.

Да прапановы некаторых лідараў апазіцыі «вылучыць кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе і зараз адбывае турэмнае зняволенне», станоўча ставяцца 16,6% рэспандэнтаў, адмоўна — 44,2%, а 19,5% ставяцца «станоўча, але ж па законе яго ўсё роўна не зарэгіструюць, і нічога з гэтага не атрымаецца».

На пытанне «Калі падчас выбарчай кампаніі 2015 года Вас папросяць падтрымаць дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты ад "Народнага рэферэндуму" і дапамагаць збіраць подпісы за яго вылучэнне, ці пагодзіцеся Вы?» станоўча адказалі 22,4%, адмоўна — 60%.

Дастаткова высокая падтрымка Лукашэнкі ў грамадстве, на думку амаль 40%, тлумачыцца тым, што «проста няма нікога іншага, хто быў бы лепшым», 34,9% — «што яму ўдасца зрабіць у наступным наша жыццё лепшым», 19,6% — «яго асабістымі і дзелавымі якасцямі», 17,8% — «яго рэальнымі поспехамі і дасягненнямі».