Жаночая сетка «Мара» падтрымлівае ідэю вылучэння жанчыны на пасаду прэзідэнта
Ініцыятыва па стварэнні жаночай сеткі дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі вызначылася са сваёй назвай, а таксама з магчымасцямі свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года.
Цяпер міжпартыйнае аб’яднанне жанчынаў будзе мець назву Жаночая сетка «Мара». Актывісткі «Мары» падтрымалі ідэю вылучэння жанчыны на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
«Мы лічым, што без актыўнага ўдзелу жанчынаў у сферы прыняцця рашэнняў немагчыма дасягнуць сапраўднай дэмакратыі», — рэзюмуе «Мара».
На іх думку, з’яўленьне лідэркі ў палітычных падзеях дзяржаўнага ўзроўню — гэта ўжо выклік грамадскім стэрэатыпам. А вылучэнне жанчыны апаненткай дзейснаму кіраўніку дзяржавы здолее не проста абудзіць грамадскую актыўнасць і паспрыяць большай зацікаўленасці палітычнымі працэсамі з боку жаночага электарату, але істотна палепшыць імідж апазіцыйных сілаў.
Тым не менш, фармулючы свае крытэры да кандыдата ад дэмакратычных сілаў на выбарах-2015, удзельніцы «Мары» адзначылі, што будуць згодныя падтрымаць кандыдата незалежна ад яго полу, бо на першае месца ставяць асабістыя і прафесійныя якасці чалавека.
Актывісткі чакаюць, што іх кандыдатка ці кандыдат будзе выступаць за незалежнасць Беларусі, беларускую мову і культуру, а таксама падтрымліваць і прасоўваць ідэі гендэрнай роўнасці.
Ініцыятыва па стварэньні Жаночай сеткі ўзнікла ў кастрычніку 2014 года. На дадзены момант сярод удзельніцаў сеткі — прадстаўніцы Партыі БНФ, БСДП (Грамада), Маладых сацыял-дэмакратаў — Маладая грамада, партыі «Справядлівы свет» і Цэнтра рэгіянальнага развіцця з Гомеля.