БагатаДата 13–19 ліпеня

Круглая дата Барыса Пятровіча і Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Іншыя цікавыя даты — у нашым аглядзе.

mens_stories_2.jpg

13 ліпеня

1889. У Маскве нарадзіўся Сяргей Нікалаеў, народны мастак БССР. У 1938–1959 гадах афармляў дэкарацыі пастановак у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Сцэна з балета "Князь-возера", які афармляў Сяргей Нікалаеў

Сцэна з балета "Князь-возера", які афармляў Сяргей Нікалаеў


14 ліпеня

1994. У Канадзе памёр беларускі оперны спявак Пётр Конюх. Нарадзіўся ў вёсцы Турэц Карэліцкага раёна на Гродзеншчыне.

Пасля вайны, падчас якой Конюх удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна і атрымаў за яе ордэн, застаўся ў Італіі, бо ў 1945 годзе атрымаў ваенную стыпендыю на навучанне ў Рымскай акадэміі мастацтваў.

sh_konuh.jpg

У 1955 годзе пераехаў у ЗША. Выступаў у самых вядомых операх свету. Выкладаў спевы ва ўласных школах. Выконваў і беларускія народныя песні. У 1975 годзе наведаў Беларусь, але ніколі на Радзіме так і не выступіў. Пахаваны ў ЗША на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, дзе яшчэ пры жыцці набыў участак.


15 ліпеня

1874. Пачаўся скразны рух па Лібава-Роменскай чыгунцы — ад Лібавы ў Латвіі да Ромнаў ва Украіне. У тым ліку праз Мінск.


16 ліпеня

1944. У Мінску адбыліся шматтысячны мітынг жыхароў і парад партызанаў з нагоды вызвалення горада ад фашыстаў.

1959. У Маскве памёр беларускі савецкі архітэктар родам з Пінска Іван Жалтоўскі. Браў удзел у аднаўленні Гомеля пасля Другой сусветнай вайны, а ў Маскве яго працы — дом Тарасава на Спірыдонаўцы, дом Скакавога таварыства на Бегавой, будынкі Першай сельскагаспадарчай выставы, будынак Дзяржбанку, шэраг жылых будынкаў, званых як «дамы Жалтоўскага».

Дом Жалтоўскага на Махавой у Маскве

Дом Жалтоўскага на Махавой у Маскве

Будынак іпадрома

Будынак іпадрома

1964. Ва ўкраінскім Дняпры нарадзіўся Вадзім Зайцаў, былы старшыня КДБ Беларусі (2008–2012 гады). Быў адхілены ад пасады ў сувязі з расследаваннем забойства аднаго з супрацоўнікаў гэтай спецслужбы. Цяпер — гендырэктар тэлекамунікацыйнай кампаніі «Космас ТБ».

1969. У Гродне нарадзіўся гандбаліст Андрэй Мінеўскі, алімпійскі чэмпіён 1992 года ў складзе аб’яднанай каманды СНД.


17 ліпеня

1924. У БССР быў уведзены новы тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел. З’явіліся 10 акругаў, якія аб’ядналі 100 раёнаў. Акругі былі такія: Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская (была на Магілёўшчыне), Мінская, Магілёўская, Мазырская, Аршанская, Полацкая, Слуцкая.

Барыс Пятровіч (Сачанка) Фота svaboda.org

Барыс Пятровіч (Сачанка) Фота svaboda.org

1959. У вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся пісьменнік, заснавальнік часопіса «Дзеяслоў», старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка).


18 ліпеня

1909. У вёсцы Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Андрэй Грамыка, легендарны міністр замежных спраў СССР цягам 28 гадоў. На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» («Містэр Не») за адмысловы стыль вядзення перамоў. Паводле самога Грамыкі, ён зрабіў падчас палітычнай кар’еры дзве памылкі — пагадзіўся на ўвядзенне савецкіх войскаў у Афганістан і, як вялікі аўтарытэт, рэкамендаваў Міхаіла Гарбачова на пасаду кіраўніка СССР. Андрэй Грамыка гаварыў з беларускім акцэнтам.

1984. Створаны Дзяржаўны маладзёжны тэатр.

 Дзяржаўны маладзёжны тэатр. Фота zviazda.by

 Дзяржаўны маладзёжны тэатр. Фота zviazda.by

1989. Пастановай Савета міністраў БССР быў заснаваны Ліцэй БДУ. Гэта была першая навучальная ўстанова новага тыпу ў нашай краіне.


19 ліпеня

1869. У вёсцы Дубейкава Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі, грамадска-палітычны дзеяч, архітэктар. Быў галоўным урадавым архітэктарам БНР, яе консулам у Польшчы. Праектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах. Будаваў кляштар пад Варшавай і мiкрараён на Антокалi ў Вiльнi.

Касцёл у Дрысвятах, 1930 г.

Касцёл у Дрысвятах, 1930 г.