БагатаДата 17–23 траўня
Вы ведаеце, што аўтар песні «Майскі вальс» («Вясна сорак пятага года») нарадзіўся ў Мінску? А калі адкрыўся самы вядомы піянерскі лагер у Беларусі? Больш цікавых фактаў — у нашым аглядзе.
17 жніўня
1629. У замку Алеска (цяпер Львоўская вобласць ва Украіне) нарадзіўся Ян Сабескі, абраны ў 1674-м каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Супраць яго кандыдатуры выступала кіруючая прааўстрыйская групоўка магнатаў ВКЛ на чале з Пацамі, аднак яго падтрымалі групоўкі Радзівілаў і Сапегаў. Пры Сабескім быў апошні ўздым Рэчы Паспалітай.
1969. На возеры Нарач у Мядзельскім раёне адкрыўся самы вядомы ў Беларусі дзіцячы адпачынкавы лагер — «Зубраня». Тады — піянерскі лагер. Цяпер — нацыянальны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр.
18 жніўня
1924. У Мінску нарадзіўся паэт-песеннік Міхаіл Ясень. Напісаў на рускай мове вядомыя на ўвесь былы СССР песні. Напрыклад, «Майскі вальс» («Вясна сорак пятага года»). А сапраўдныя імя і прозвішча паэта — Міхаіл Гольдман.
19 жніўня
1954. У Белай Царкве, што ва Украіне, нарадзіўся знаны вучоны ў галіне хіміі Алег Івашкевіч. Працаваў дырэктарам Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ. З’яўляецца аўтарам амаль паўсотні вынаходніцтваў, патэнтаў і навучальнага дапаможніка «Прыкладная квантавая хімія».
20 жніўня
1949. У расійскім Краснадары нарадзіўся доктар медыцынскіх навук Уладзіслаў Астапенка, уся лекарская кар’ера якога прайшла ў Беларусі, пачынаючы з Мінскага медінстытуту. Міністр аховы здароўя Беларусі ў пачатку 2000-х гадоў.
21 жніўня
1904. У Скапіне Разанскай вобласці Расіі нарадзіўся Сяргей Бірузоў, маршал, галоўнакамандуючы СПА СССР і намеснік міністра абароны. Загінуў у авіякатастрофе каля Бялграда ў 1964 годзе. У Мінску ёсць вуліца яго імя.
22 жніўня
Міжнародны дзень памяці ахвяраў гвалту на падставе рэлігіі або перакананняў.
23 жніўня
Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.
1939. У Маскве наркамам замежных справаў СССР В. Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І. Рыбентропам падпісаны Дагавор аб ненападзе на 10 гадоў, да дагавора быў прыкладзены «Сакрэтны дадатковы пратакол», які размежаваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе.
1924. У вёсцы Азяршчына Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці нарадзіўся Рыгор Лапато, вучоны-вынаходнік у галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Працаваў дырэктарам НДІ ЭВМ
1954. У ГУЛАГу не стала беларускага нацыянальнага дзеяча Васіля Русака. Ураджэнец Случчыны, ён быў удзельнікам Першага Усебеларускага з’езду пры канцы 1917 года, браў удзел у Слуцкім паўстанні як камандзір аднаго з палкоў. Летам 1945-га арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасць у эміграцыі», прысуджаны да 10 гадоў лагераў, у якіх і памёр.