БагатаДата 21–27 снежня

У гэтыя дні нарадзілася мноства выбітных асобаў. Народзіны Дзеда Талаша, Канстанціна Ракасоўскага, Алеся Дудара і «другі дзень народзінаў» Фёдара Дастаеўскага. Хто яшчэ што святкуе? Чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.

Іван Чыгрынаў

Іван Чыгрынаў

21 снежня

1894. У Варшаве нарадзіўся славуты савецкі палкаводзец, маршал Канстанцін Ракасоўскі. Яго бацька — паляк, маці — беларуска з Целяханаў (Івацэвіцкі раён на Брэстчыне). У 1937 годзе быў звольнены з арміі, а затым арыштаваны нібыта за сувязі з польскай і японскай разведкамі. У турме яго катавалі і нават выводзілі на расстрэл, але стралялі халастымі. У 1940-м рэабілітавалі.

Канстанцін Ракасоўскі з жонкай Юліяй Пятроўнай

Канстанцін Ракасоўскі з жонкай Юліяй Пятроўнай

Менавіта Ракасоўскі камандаваў 1-м Беларускім фронтам падчас аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі ў 1944 годзе.

1934. У вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці нарадзіўся пісьменнік Іван Чыгрынаў. Меў званне Народнага пісьменніка Беларусі. Працаваў старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». Найбольш вядомы як аўтар рамана «Плач перапёлкі», па якім зняты аднайменны фільм. Чыгрынаў разам з Іванам Новікавым — аўтар сцэнарыя тэлесерыялу «Руіны страля­юць...»


22 снежня

1849. Рускага пісьменніка з беларускімі каранямі Фёдара Дастаеўскага разам з іншымі ўдзель­нікамі дысідэнцкага гуртка прывезлі на Сямёнаўскую плошчу ў Пецярбургу, каб пакараць смерцю. Але ў самую апошнюю хвіліну рас­стрэл замянілі катаргай.

1969. Уведзены ў эксплуатацыю першы энергаблок Лукомльскай ГРЭС, самай вялікай цеплавой электрастанцыі ў Беларусі. Дата яго запуску была абраная невыпадкова — у Дзень энергетыка.


23 снежня

1769. У Ігумене (цяпер горад Чэрвень у Мінскай вобласці) нарадзіўся Міхаіл Рымінскі, танцоўшчык, спявак і акцёр. Быў прыгонным у Антонія Тызенгаўза, дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, мецэната, і акцёрам у яго тэатры ў Гродне.

Тэатр Антонія Тызенгаўза ў Гродне

Тэатр Антонія Тызенгаўза ў Гродне

Пасля смерці Тызенгаўза трупа стала ўласнасцю караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Рымінскі выступаў на сцэне Нацыянальнага тэатра ў Варшаве. У тыя часы ён быў самым папулярным балетным артыстам.


24 снежня

1784. У маёнтку блізу вёскі Гайна Лагойскага раёна на Міншчыне нарадзіўся этнограф Зарыян Даленга-Хадакоўскі. Сапраўднае імя — Адам Чарноцкі. Быў арыштаваны царскімі ўладамі за прыватны ліст, у якім выказвалася прыхільнасць да антыпрыгонніцкіх ідэяў Напалеона. Чарноцкага пазбавілі шляхецкага статусу і забралі ў жаўнеры. У 1811 годзе ён інсцэніраваў сваё ўтапленне і ўцёк у Варшаву, дзе ўступіў у французскую армію. Пасля паразы Напалеона быў вымушаны хавацца — і таму ўзяў псеўданім.

Зарыян Даленга-Хадакоўскі

Зарыян Даленга-Хадакоўскі


Як Зарыян Даленга-Хадакоўскі ён шмат вандраваў з даследчымі мэтамі. У выніку яго архіў стаў самым першым багатым зборам фальклору славянскіх народаў па колькасці запісаў і ахопе тэрыторыі.



1904. У вёсцы Навасёлкі Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся паэт і перакладчык Алесь Дудар. Тройчы арыштоўваўся ДПУ. Спачатку за легендарны верш «Пасеклі край наш напалам...», затым па «справе Саюза вызвалення Беларусі», а потым «як член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Апошні раз — са смяротным выракам.


25 снежня

Божае нараджэнне паводле каталіцкай і ўніяцкай традыцыі.

Пашоўка з сайта kroplia.by

Пашоўка з сайта kroplia.by


1844. У вёсцы Белка Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Васіль Талаш. Той самы Дзед Талаш, славуты партызан і народны герой. Адзначым, супраць нямецка-фашысцкай акупацыі Талаш змагаўся ў стогадовым узросце!

1939. Паводле пастановы Саўнаркаму БССР створаны дзяржаўны запаведнік, цяпер Нацыянальны парк «Белавежская пушча».


26 снежня

1869. У Мінску нарадзіўся класік партрэтнай фатаграфіі Маісей Напельбаум. Ён здымаў многіх знакамітасцяў — ад савецкага кіраўніцтва, будучы фактычна ўрадавым фатографам, да культурніцкага бамонду (напрыклад, пасмяротнае фота Ясеніна — яго праца). «Мінулае чалавека, яго думкі, погляды на жыццё, стаўленне да людзей пакідаюць адбітак на яго твары», — казаў Напельбаум.


27 снежня

1919. У Старобіне (Салігорскі раён, Мінская вобласць) нарадзілася актрыса тэатра і кіно Галіна Макарава. Сапраўднае імя — Агата Чаховіч. Яе бацька, не прыняўшы савецкую ўладу, служыў у белагвардзейскай арміі Дзянікіна. Падчас навучання на актрысу Агата ўзяла іншае імя і прозвішча маці — Апанашчык, каб не быць звязанай з рэпрэсаваным бацькам. Усе старыя дакументы сям’я знішчыла. Потым актрыса вылічыла, што сапраўдны год яе нараджэння — 1916-ты. 

2009._stamp_of_belarus_31_2009_10_13_m.jpg

Дарэчы, паралельна з вучобай на актрысу яна цікавілася экстрэмальнымі відамі спорту і нават выйграла чэмпіянат БССР па мотакросе. Макарава — прозвішча ад першага мужа. Слава да яе прыйшла пасля фільма «Удовы». Іншыя кінастужкі: «Белыя росы», «Іван», «Восеньскія сны», «Альпійская балада», «Развітанне славянкі», «Час выбраў нас».