БагатаДата 23–29 сакавіка
Што вы ведаеце пра Стракапытаўскае паўстанне? Яго стагоддзе адзначаецца на наступным тыдні. А што яшчэ было цікавага?
23 сакавіка
Сусветны метэаралагічны дзень.
1899. У пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна нарадзілася акторка Вольга Галіна. Гэта псеўданім, па мужы — Александроўская, у дзявоцтве — Грудзінская. У 1923–1962 гадах — акторка Купалаўскага тэатра. Яна пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Еўсцігнея Міровіча.
24 сакавіка
1794. Пачалося паўстанне народаў Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі супраць расійскай акупацыі.
1889. У вёсцы Дулічы Капыльскага раёна нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Аляксандр Сташэўскі. У 1920-я гады быў наркамам унутраных справаў, затым наркамам юстыцыі і пракурорам БССР. Неўзабаве быў абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы Ігнатоўскага — Жылуновіча, зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкама, яшчэ пазней — загадчыкам рабфаку Белдзяржуніверсітэта, потым дырэктарам Гомельскага сельскагаспадарчага педінстытута. У выніку расстраляны 29 кастрычніка 1937-га.
1919. У Гомелі пачалося ўзброенае антысавецкае выступленне, вядомае як Стракапытаўскае паўстанне. Бунт праз незадаволенасць адпраўкай на фронт распачалі чырвонаармейскія палкі, сфармаваныя пад Бранскам і Тулай, на чале з былым штабс-капітанам царскай арміі, эсэрам Уладзімірам Стракапытавым. Жаўнеры патрабавалі паравозы, каб вярнуцца на радзіму. Але потым зразумелі, што паасобку іх чакаюць рэпрэсіі, ды атабарыліся ў Гомелі, захапіўшы чыгуначны вузел, гарадскую турму, тэлеграф, артылерыйскія склады. Пад атакамі Чырвонай Арміі каля 6 тысяч паўстанцаў адступілі да Украінскай Народнай Рэспублікі, дзе працягнулі барацьбу з бальшавікамі, ваявалі ў арміі Юдзеніча і ў атрадзе БНР Булак-Балаховіча.
25 сакавіка
Дзень Волі, 101-я гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Прынятай у гэты дзень у будынку Сялянскага пазямельнага банка на мінскай вуліцы Серпухаўская (цяпер — Валадарскага, 9) Трэцяй Устаўнай граматай БНР абвяшчалася незалежнай дзяржавай у межах той тэрыторыі, дзе пражывае пераважна беларускае насельніцтва.
26 сакавіка
1969. У Оршы нарадзіўся Васіль Мацюшэўскі, беларускі фінансіст і дзяржаўны дзеяч. Працаваў у МЗС і Нацбанку. У 2014–2018 гадах — віцэ-прэм’ер. Цяпер узначальвае адзін з банкаў.
27 сакавіка
Сусветны дзень тэатра.
1909. У мястэчку Козырава (цяпер гэта ўжо Мінск), нарадзіўся паэт і перакладчык Валерый Маракоў. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года яшчэ з некалькімі дзясяткамі літаратараў. Валерый Маракоў — дзядзька вядомага даследчыка рэпрэсіяў Леаніда Маракова.
1989. Нацыянальны аэрапорт «Мінск», тады аэрапорт «Мінск–2», набыў міжнародны статус: з яго быў здзейснены рэйс на Берлін.
28 сакавіка
1934. У Зялёнай Дуброве на Міншчыне нарадзіўся Кастусь Цвірка, паэт, перакладчык, этнограф, галоўны рэдактар і кіраўнік выдавецтва «Беларускі кнігазбор».
1959. У Оршы нарадзіўся спявак, народны артыст Беларусі Якаў Навуменка. Выступаў сольна, а таксама ў складах Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча і Нацыянальнага аркестра пад кіраўніцтвам Фінберга. Загінуў у Крыме ўлетку 2012 года падчас бойкі на канцэрце.
29 сакавіка
1989. Ва ўзросце 35 гадоў пайшоў з жыцця адзін з самых лепшых беларускіх футбалістаў у гісторыі Аляксандр Пракапенка (па мянушцы Пракоп). Пракапенка — чэмпіён СССР 1982 года ў складзе мінскага «Дынама» і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў–1980.