БагатаДата 3–9 жніўня
А вы ведаеце, што 60 гадоў таму рабочы пасёлак стаў Салігорскам? А пра тое, што на МАЗе калісьці збіралі «Форды» ды «Студэбекеры»? Іншыя цікавосткі і круглыя даты — у нашым традыцыйным аглядзе.
3 жніўня
1899. У вёсцы Урачыншчына (цяпер Падляшскае ваяводства Польшчы) нарадзіўся Баляслаў Грабінскі, лекар-дантыст з уласнай практыкай і мецэнат, адзін з кіраўнікоў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». У 1930-х гадах ён заснаваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.
1994. Памёр знакаміты савецкі акцёр з беларускімі каранямі Інакенцій Смактуноўскі, вядомы перадусім па фільме «Сцеражыся аўтамабіля». Сапраўднае яго прозвішча — Смактуновіч.
4 жніўня
1579. Войска Рэчы Паспалітай пачало аблогу Полацка, які больш за 15 гадоў быў у руках маскоўскага цара Івана Жахлівага. У выніку пры канцы жніўня горад быў вызвалены ад маскоўцаў. Гэта адзін з эпізодаў працяглай Лівонскай вайны, падчас якой ВКЛ не здолела самастойна супрацьстаяць Масковіі, а таму вымушанае было аб’яднацца з Польшчай.
5 жніўня
1844. У горадзе Чугуеў у Расіі нарадзіўся мастак Ілля Рэпін. У 1892–1900 гадах ён жыў і працаваў у сваім маёнтку Здраўнёва каля Віцебска. Там Рэпін намаляваў палотны «Восеньскі букет», «Месяцовая ноч», «Дуэль», «Паляўнічы», «Беларус». На многіх карцінах мастака — краявіды Здраўнёва. На месцы яго былой сядзібы цяпер месціцца дом-музей Іллі Рэпіна.
1924. У вёсцы Янава Талачынскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся мовазнаўца Аркадзь Жураўскі. Быў старшынёй Беларускага камітэта славістаў. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы, прааналізаваў мову Францыска Скарыны, Сямёна Буднага, Васіля Цяпінскага.
6 жніўня
1904. У вёсцы Саннікі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся Цімафей Гарбуноў, гісторык, акадэмік, дзяржаўны дзеяч БССР. Сярод іншага быў галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, сакратаром ЦК КПБ, у 1955–1963 гадах — старшыня Вярхоўнага Савету БССР.
7 жніўня
1859. У Пакрэўне каля Каўнаса нарадзіўся мастак Генрых Вейсенгоф. Пасля Варшавы, Санкт-Пецярбургу, Мюнхена і Парыжа пасяліўся ў маёнтку бацькоў у Русаковічах (Пухавіцкі раён на Міншчыне). У наваколлі створаны карціны «Могілкі ў Русаковічах», «Дарога на Рудзенск», «Куток у Польным», «Беларускія паляўнічыя». У Беларусі яго твораў няма — яны ў Вільні, Варшаве ды Кракаве.
1954. У Мсціславе на Магілёўшчыне нарадзіўся Алег Трусаў, беларускі археолаг, гісторык архітэктуры, былы дэпутат Вярхоўнага Савету. Быў там намеснікам старшыні камісіі па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны.
Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў 11–12 красавіка 1995 года супраць арганізаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму аб адмене бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў, а таксама скасавання статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Быў адным з заснавальнікаў і на працягу многіх гадоў узначальваў Таварыства беларускай мовы. Цяпер выканаўца абавязкаў рэктара ўніверсітэту імя Гілевіча, які ствараецца.
8 жніўня
1959. Прэзідыум Вярхоўнага Савету БССР прыняў пастанову аб заснаванні на тэрыторыі будаўніцтва Старобінскага калійнага камбіната рабочага пасёлку і наданні яму назвы Салігорск.
9 жніўня
1944. Заснаваны Мінскі аўтамабільны завод. Спачатку тут збіралі грузавікі з амерыканскіх камплектаў, што пастаўляліся па ленд-лізе. Збіраліся «Форды» ды «Студэбекеры». Першыя ўласныя самазвалы «МАЗ» завод паказаў на парадзе да гадавіны Кастрычніка — 7 лістапада 1947 года.
1959. У Адэсе нарадзілася сусветна вядомая оперная спявачка Марыя Гулегіна. Першую славу яна здабыла, працуючы ў Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры БССР. У 1989 годзе ў яе ўзнік канфлікт з кіраўніцтвам тэатра, у выніку чаго яна ўцякла ў нямецкі Гамбург. З таго часу жыве за мяжой ды выступае ў самых вядомых операх свету.