БагатаДата 30 лістапада — 6 снежня
Круглая гадавіна з дня народзінаў Міхася Лынькова, і чвэрць стагоддзя Будапешцкага мемарандуму, які не перашкодзіў аднаму з «гарантаў суверэнітэту» ўварвацца ва Украіну. Чым яшчэ адметныя гэтыя дні — у нашым аглядзе.
30 лістапада
Міжнародны дзень абароны інфармацыі і Сусветны дзень хатніх жывёлаў.
1899. У вёсцы Зазыбы Лёзненскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся пісьменнік Міхась Лынькоў. Працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі», дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук. Быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Аўтар знакамітай аповесці «Міколка-паравоз», паводле якой зняты фільм. Іншыя вядомыя творы: «Пра смелага ваяку Мішку», «Векапомныя дні».
1 снежня
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам.
1939. У вёсцы Стайкі Аршанскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся матэматык Уладзімір Платонаў, які ў 1987–1992 гадах быў прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.
1969. У Гомелі нарадзіўся банкір, цяперашні прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас.
1989. У Маскве памёр Мікалай Патолічаў. Ураджэнец Дзяржынскага раёна, але Ніжагародскай вобласці Расіі, ён у першай палове 1950-х гадоў быў першым сакратаром кампартыі Беларусі. Затым займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў СССР, таксама кіраваў Міністэрствам знешняга гандлю СССР.
2 снежня
Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства.
1954. У Мінску нарадзіўся мастак Андрэй Смаляк. Мае срэбны медаль Еўрапарламенту за ўнёсак у еўрапейскае мастацтва.
1959. У вёсцы Гайнаўка на Беласточчыне нарадзіўся Міхал Андрасюк, пісьменнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы. Працаваў настаўнікам і каменячосам, затым журналістам беластоцкай рэдакцыі Радыё «Рацыя». Па снежань 2010 года шэф Радыё «Рацыя», вядучы тэлеканала «Белсат».
3 снежня
Міжнародны дзень інвалідаў і Сусветны дзень адмовы ад пестыцыдаў.
1944. У вёсцы Кавалі Брагінскага раёна на Гомельшчыне нарадзіўся Міхаіл Раманюк, мастацтвазнаўца і этнограф. Аўтар альбомаў «Беларускае народнае адзенне», «Беларускія народныя крыжы». Кансультаваў многія мастацкія фільмы кінастудыі «Беларусьфільм» — у прыватнасці, «Людзі на балоце». Працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва».
4 снежня
1939. Выйшаў указ прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб стварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей», які зацвердзіў новае адміністрацыйнае дзяленне заходніх рэгіёнаў Беларусі.
1959. У Мінску адкрыўся для наведванняў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Раней пісьменнік там жыў з сям’ёй: гэты дом класіку беларускай літаратуры быў падораны ўрадам БССР на 70-годдзе.
1989. Створана Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
5 снежня
Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця.
1994. Быў падпісаны Будапешцкі мемарандум, паводле якога Беларусь і Украіна цалкам адмаўляліся ад ядзернай зброі, што заставалася на іх тэрыторыях з савецкіх часоў, а наўзамен Расія, ЗША і Вялікабрытанія гарантавалі дзвюм краінам суверэнітэт.
6 снежня
У Беларусі святкуюць Дзень юрыста (адзначаецца ў першую нядзелю снежня).
1899. У Маскве нарадзіўся тэатральны рэжысёр Барыс Мардвінаў. На мяжы 1940-х і 1950-х гадоў працаваў галоўным рэжысёрам Тэатра оперы і балета ў Мінску. Пры ім былі пастаўленыя «Алеся» і «Кастусь Каліноўскі». У 1953-м вярнуўся ў Маскву, і праз некалькі гадзін пасля вяртання памёр ад інфаркту.