БагатаДата 7–13 верасня
Ці ведаеце вы, што ўласцівасці адрэналіну адкрыў беларус? І чаму вернікам лепш не піць 11 верасня? Гэтыя і іншыя цікавыя факты — у нашым аглядзе.
7 верасня
1764. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. З дапамогай расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, былой каханкі, Панятоўскі стаў апошнім кіраўніком Рэчы Паспалітай, канчатковы падзел якой адбыўся ў 1795 годзе. Па запрашэнні Паўла І Панятоўскі стаў жыць у Санкт-Пецярбургу, дзе і памёр. У 1938 годзе перапахаваны ў Воўчыне (Камянецкі раён Брэстчыны), дзе нарадзіўся, а ў 1995-м — у Варшаве.
1919. У вёсцы Пушкары Віцебскага раёна нарадзіўся пісьменнік Алесь Асіпенка. Працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» і газеты «Літаратура і мастацтва», суаўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Ясь і Яніна», «Трэцяга не дадзена».
8 верасня
1514. Адбылася бітва пад Оршай. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага разбіла амаль утрая большую армію Масковіі.
1844. Выйшла першая кніга зборніка Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
1954. У Мінску нарадзіўся палітык, стваральнік і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч. Удзельнічаў у некалькіх прэзідэнцкіх выбарах. Палітолагі называюць яго спарынг-партнёрам Аляксандра Лукашэнкі.
9 верасня
1944. Заключанае пагадненне паміж БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ў сувязі ў тым, што Беласточчына перадавалася ад Беларусі Польшчы. З нашай краіны ў Польшчу выехалі 27 тысяч чалавек, а з Польшчы да нас перабраліся 36 тысяч.
10 верасня
1929. У Рослаўлі Смаленскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі кампазітар, дырыжор і педагог Яўген Глебаў. Яго творы: оперы «Твая вясна», «Майстар і Маргарыта», аперэты «Прытча пра наследнікаў», «Мільянерка», музычная камедыя «Калізей», балеты «Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада», «Ціль Уленшпігель», «Курган», «Маленькі прынц». Напісаў музыку да мноства фільмаў: напрыклад, «Трэцяя ракета», «Я родам з дзяцінства», «Дзікае паляванне караля Стаха».
1990. Пачалася ўстаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
11 верасня
Агульнацаркоўны дзень цвярозасці: у беларускіх праваслаўных храмах ладзяцца адпаведныя малебны. Упершыню адзначаўся ў Расійскай імперыі ў 1913 годзе, калі спажыванне алкаголю на душу насельніцтва было што ў Расіі, што ў Беларусі, у некалькі разоў меншым.
1938. Адкрыты для наведвальнікаў Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку.
12 верасня
1929. У вёсцы Калюціна Расонскага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся драматург Мікалай Матукоўскі. Яго п’есы — «Амністыя», «Апошняя інстанцыя», «Мудрамер».
1959. У Смалявічах на Міншчыне нарадзіўся Уладзімір Алейнік, сярэбраны і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў па скачках у ваду.
1964. У Вялікабрытаніі памёр польскі пісьменнік-авантурнік беларускага паходжання (родам з Ляхавічаў) Сяргей Пясецкі. Пачытайце, напрыклад, яго кнігі «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» і «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі».
13 верасня
1854. У вёсцы Крываносы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці нарадзіўся беларуска-польскі філосаф і фізіёлаг Напалеон Цыбульскі. Вызначыў хуткасць кровазвароту і масу крыві пры дапамозе прапанаванага ім прыбора — фотагематометра. Адкрыў уласцівасці адрэналіну.
1944. У Мінску (або, па некаторых звестках, у Мар’інай Горцы) нарадзіўся беларускі акцёр, заслужаны артыст Беларусі Алесь Лабанок. З 1969 года працаваў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. Памёр 19 верасня 2005 года.
1994. Дзяржаўная камісія па арфаграфіі, створаная ў Беларусі, апублікавала выніковыя рэкамендацыі, у якіх прызнавалася пажаданасць вяртання некаторых дарэформенных нормаў беларускай мовы.