ПАТРЭБНА ВАША ДАПАМОГА! Ганна шукае сваякоў свайго бацькіі свае карані

«Я шукаю свайго бацьку больш за 50 гадоў. Дапамажыце мне знайсці яго!». Такі ліст прыйшоў на рэдакцыйную пошту «Новага часу» ад Ганны, якая жыве ў Чэхіі.

tree_2246628_1280.jpg


Ганна распавяла, што амаль нічога не ведае пра свайго бацьку Grigorij Timofejevič Šenderov. Вядома, што ён нарадзіўся ў 1920 годзе, удзельнічаў у вызваленні Чэхаславакіі напрыканцы Другой Сусветнай, а потым вярнуўся на Радзіму. З таго часу звестак ад яго не было, хаця і абяцаў прыехаць і жыць з маці Ганны.
Яго нельга ў гэтым вініць, бо мы ўсе цудоўна ведаем, якім быў той час і разумеем, што шанцаў на з'яднанне з сваёй чэшскай сям'ёй у Рыгора Шэндэрова амаль не было.
Калі Ганне споўнілася 20 гадоў, яна пачала шукаць свайго бацьку. Пісала нават Міхаілу Гарбачову. Тады яна даведалася, што Grigorij Timofejevič Šenderov жыў недзе ў Беларусі. Больш дакладнай інфармацыі не было: Ганна не мела адраса бацькі і не магла даказаць, што з'яўляецца яго дачкой.
Яшчэ праз таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца стала вядома, што ён нібыта не вярнуўся з вайны, а яго маці памерла ў 1967 годзе.
Зараз Ганне 72 гады. Яна выдатна разумее, што шанцы адшукаць кагосьці са сваякоў па лініі бацькі вельмі малыя. Але яна спадзяецца на гэта і верыць, што знойдзе свае карані і людзей, якіх зможа назваць сям'ёй.
Калі вы пазналі ў гэтай гісторыі знаёмага вам челавека, ведаеце штосьці пра лёс Grigorij Timofejevič Šenderov (менавіта так напісала яго Ганна) ці яго сваякоў, напішыце, калі ласка, нам на адрас: novychas@gmail.com. Ганна вельмі чакае на гэтую інфармацыю.