«Прасіце Бога, каб нас уз’яднаў…» Шчыры расповед остарбайтэра з Падароску
Гэтая гісторыя пачалася з архіву з дваццаці канвертаў 1943–1944 гадоў, які часова апынуўся ў маіх руках. Да таго ж канверты былі не пустыя, але хавалі ў сабе лісты, напісаныя Мікалаем Давыдзюком на адрас свайго бацькі ў Падароск, што на Ваўкавышчыне. І тут я пачаў чытаць…
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__5__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
Што мы ведаем пра остарбайтэраў у часы Другой сусветнай вайны? Перад вачыма адразу паўстаюць змучаныя хлопцы і дзяўчаты ў робах з нашыўкай OST, што працуюць на нейкім абарончым заводзе ў Сілезіі ці Памераніі… Ёсць статыстыка, ёсць лічбы, ёсць базы з прозвішчамі. Але каб займець больш рэалістычную карціну, давайце дадзім слова самому остарбайтэру, які ў 1943-м трапіў з Падароску ў Фраўэнбург на берагах Балтыкі…
Гэтая гісторыя пачалася з архіву з дваццаці канвертаў 1943–1944 гадоў, які часова апынуўся ў маіх руках. Да таго ж канверты былі не пустыя, але хавалі ў сабе лісты, напісаныя Мікалаем Давыдзюком на адрас свайго бацькі ў Падароск, што на Ваўкавышчыне. І тут я пачаў чытаць… Лісты простага хлопца, напісаныя на руска-беларуска-польскай трасянцы, падаюцца максімальна шчырымі, без хітрыкаў і пафасу, і ад гэтага тым больш цікавымі. За імі — рэаліі побыту остарбайтэраў, нашых землякоў, якія апынуліся цягам вайны ў Германіі.
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
«Прашу, каб не сумавалі, пакуль весела»
Першыя некалькі кароткіх лістоў, якія датуюцца ліпенем 1943-га, Мікалай піша бацькам з часовага лагеру. Ягоная дарога выглядала наступным чынам: Падароск — Ваўкавыск — Беласток — Фраўэнбург. Замест зваротнага адрасу — наўпрост «Беласток», тагачасны цэнтр «бецырку», куды ўваходзіў і Ваўкавыск, усё гэта намінальна адносілася да Усходняй Прусіі і было часткай Рэйху.
«Па гэты дзень знаходзімся ў Беластоку, — піша Мікалай. — Ад’езд у аўторак ці сераду. Штодзённа адпраўляюць моладзь, ёсць тут і сем’і з Украіны з-пад Уладзімірска(?). Бачыў Кердала Стася, які падыходзіў да брамы, каб пагутарыць, мо’ ёсць хто з Падароску. Прашу вас, каб не сумавалі, тут весела…»
![Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі](/img/v1/images/ostarbajtery_z_zahodnjaj_belarusi_u_hermanii__1__1_logo.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
Наступны ліст — амаль праз месяц, ужо напрыканцы ліпеня, калі хлопцаў размяркоўваюць па розных мясцовасцях, дзе ім далей жыць і працаваць.
Чытаем: «Учора ўвечары на заходзе сонца пагрузіліся на цягнік. Аб 11 вечару былі ў Беластоку. Зараз чакаем камісіі, паводле (рашэння) якой паедзем у пэўныя пункты. Дарогаю было весела, тут едуць людзі з розных гмінаў. Прашу вас, каб не сумавалі, нам пакуль весела. Тыя, хто выехаў з Падароску, трымаюцца разам».
Кава, хлеб і… мармелад
Па выніку размеркавання Мікалай трапіў у Фраўэнбург на беразе Балтыкі, што зараз знаходзіцца ў Польшчы (Фромбарг), але на той час лічыўся прускім гарадком.
![Фромбарк, сучаснае фота Фромбарк, сучаснае фота](/img/v1/images/frombark__suczasnae_fota.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фромбарк, сучаснае фота
У другой палове жніўня ён піша бацькам падрабязны ліст, дзе апісвае ўмовы свайго побыту. Найперш, вядома, пра ежу: «Сталуемся мы на кухні ў осляндзі (мабыць, ад «Остланд»), тут працуе каля 40 чалавек. Ранкам перад працай кава і кавалак хлеба, нашмараванага чым-небудзь. (…) У абед бульба з морквай ды капустай. (…) Праз дзень порцыя мяса, на вячэру бульба з мукою. Апроч гэтага атрымліваем ежу па картках».
Далей ідзе апісанне двухтыднёвай нормы, якую супрацоўнік атрымлівае па картцы. Гэты тры булкі, якія важаць па паўтара кілаграмы. А яшчэ ёсць «цузас-карта», па якой ідзе яшчэ хлеб… З іншых прадуктаў: 25 дэкаў масла (дэка — 10 грамаў, таму, чытай 250 грамаў масла), 25 дэкаў цукру, 50 дэкаў мармеладу, 20 дэкаў маргарыну, 25 дэкаў вяндліны, 4 яйкі, 2 кг, альбо 40 будачак з пшаніцы. Гарбата — «колькі заўгодна і калі заўгодна».
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__6__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
«Майстар сказаў, што мы як у войску…»
У тым жа лісце Мікалай апісвае працу, на якую трапіў. Гэта фізічная праца па ўмацаванні ды будаўніцтве чыгуначных шляхоў. Туды і назад усю брыгаду возіць цягнік. Працуюць 8 чалавек, з якіх чацвёра хлопцаў, тры жанчыны і майстар-паляк. Цікава, што апошні — не остарбайтэр, але перасяленец з 1913-га года, паходзіць з Радама, ён ажаніўся ды застаўся тут. Паляк будзе фігураваць у лістах і надалей: ён дапамагацьме хлопцам цёплай бялізнай ды ежай.
У пакоях працоўныя жывуць па два чалавекі. Ложак звычайны: сеннік і падушка. Зранку пад’ём і… «Праца лёгкая, ад шостай да паловы на чацвёртую — наша праца з дарогай. Пасля працы хто як жадае, дадому ісці альбо ў горад. А палове на чацвёртую абед стаіць у печцы. (…) Нядзеля вольная, можна хадзіць па горадзе. Прашу вас, не сумуйце, бо кожную ноч сніцца мне, як вы мяне выпраўляеце і я развітваюся».
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__7__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
Варта дадаць, што напрыканцы 1943-га года кагосьці з хлопцаў з ваколіц пераводзяць на іншыя працы, але Мікалай спакойны: «Я пытаўся ў свайго майстра, ці могуць забраць нас, але ён адказаў, што мы як у войску, таму спадзяюся дабыць на адным месцы».
Магчыма, праца на чыгунцы лічылася стратэгічнай, а мо’ нават адносілася да ведамства парамілітарных структураў, кшталту RAD ці Арганізацыі Тодта, адсюль і абарот пра «войска».
Варта дадаць, што па заездзе ў хлопца з’яўляецца і сталы адрас, нязменны ад жніўня 1943-га да траўня 1944-га: Mikolaj Dawydzuk, Frauenburg, Langgasse №166, Kreis Braunsberg, Reg Bez. Konigsberg (Ostpr.).
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__3__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
Гармонік і лекі «ад слабага сэрца»
Стасункі Мікалая Давыдзюка з сям’ёй (бацька, маці, сёстры, дзядзька) — гэта не толькі гісторыя ліставання, а яшчэ і пасылкі ды грашовыя пераводы. Грошы Мікалай дасылае ў Падароск траншамі па 50 марак: калі вельмі груба, гэта нешта кшталту 100 сучасных долараў. Ад грошай з боку бацькоў ён адмаўляецца: «…Вы пішаце, што хочаце выслаць грошай, але яны мне не патрэбныя. Купляць няма чаго, а калі што і трапляецца, то і грошы знаходзяцца».
Што высылаюць бацькі? Нагавіцы, шкарпэткі, рушнік, а з харчоў: сухары, каўбаса, «вантрабянка», сланіна ды іншае мяса. Апроч грошай Мікалай высылае дадому скрыні, але што ў іх, на жаль, удакладняе зрэдку, напрыклад: пра дрожджы і канверты. Іншым разам піша пра лекі, якія шукае па замове бацькоў, — кроплі ад «слабага сэрца». З медыкаментамі выйшла праблема, і хлопец вымушаны звяртацца па дапамогу да немца. Іншым разам нейкі Валодзя, відаць, сваяк, просіць Мікалая пра… гармонік! Той адказвае, што пад рукой няма, але пашукае, як будзе ў горадзе.
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__8__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
З лістамі і пасылкамі час-почас здараюцца перабоі. Так сталася, прыкладам, у лістападзе 1943-га. Хлопец піша пра абмежаванне колькасці лістоў: два на месяц. Але і тут знаходзіць лазейку, прапаноўваючы бацькам, як што, пісаць на іншы адрас — на іншага чалавека. Тое ж і з пасылкамі. У наступным лісце, ужо з канца лістапада 1943-га, Мікалай супакойвае бацькоў: «Вы можа думаеце, што я не атрымліваю тое, што вы дасылаеце, але я атрымліваю».
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
«Выглядаю не горш, як дома»
Пра што пытаецца Мікалай у бацькоў? Як чалавек з вёскі, найперш цікавіцца гаспадарчымі працамі. Ці пасадзілі бульбу? Ці вазілі гной? Колькі выпала снегу? Ці праклалі дарогу праз «нашу дзялку»? Вядома, пытаецца пра здароўе ды лёсы родных, час-почас паведамляе пра землякоў, што сустрэў «на чужой старане», напрыклад: «Сепсяка дачка недалёка, усяго ў 67 кіламетрах…»
Асобная тэма — гэта апісанне сноў. Міколу сніцца, як бацькі «выпраўляюць» яго з Падароску, сніцца таксама хворы бацька, пасля чаго ён цікавіцца пра рэальны стан яго здароўя. Зразумела, усё гэта вельмі чалавечае, прычым, закаванае ў лаканічную форму кароткага ліста… У лісце з пачатку 1944-га года ёсць такі абарот: «Калі Госпад Бог дапаможа, то магчыма хутка вернемся, але калі няварты буду вярнуцца, дык нічога не паробіш. (…) Яшчэ прашу, каб прасілі Госпада, каб нас уз’яднаў».
![Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка ](/img/v1/images/arhiu_listavannja_mikalaja_davydzjuka_da_rodnyh__4__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
На вялікі жаль, мы не маем фота Мікалая Давыдзюка, хоць у лістах ён згадвае, што дасылае па некалькі штук — і бацькам, і нейкай дзяўчыне. Зрэшты, сфатаграфавацца ў яго атрымалася не адразу, бо «сдёмщика» мясцовага, зразумела, немца, забралі на фронт. Таму — толькі варыянт пошуку атэлье ў Фраўэнбургу цягам нядзельнага шпацыру ў горадзе. «Мне тут добра, як выдадуць (фота)картку, то ўбачыце, што выглядаю не горш, як дома», — рэзюмуе Мікалай.
![Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі](/img/v1/images/ostarbajtery_z_zahodnjaj_belarusi_u_hermanii__4__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
«У вас грыміць ці не?..»
Цікавы сегмент — урыўкі інфармацыі пра знешні свет, якім, на жаль, аўтар надае вельмі мала значэння ў ліставанні. Напрыклад, напрыканцы лютага 1944-га года Мікалай піша, што чуў перадачу, нібыта ў Расіі выпала два метры снегу. Значыць, радыё яны ўсё ж такі слухалі. Іншы варыянт — інфармацыя, атрыманая па «сарафанным радыё», пра тое, як у іншага рабочага забілі сына пад Кіевам…
![Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі](/img/v1/images/ostarbajtery_z_zahodnjaj_belarusi_u_hermanii__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
«Прашу вас, каб пісалі, што чуваць, бо тут языкамі шмат балбочуць, толькі як насамрэч невядома», — такую просьбу з ноткамі трывогі чытаем у лісце ад 15 траўня 1944 года. У іншым травеньскім лісце сустракаецца цікавы пасаж, які можна трактаваць дваяка: «У вас грыміць ці не? Бо тут са мной адзін з Высокалітоўска (?), дык яму пішуць, што грыміць…» Пра што размова? Пра травеньскую навальніцу і дождж ці пра лінію фронту, якая, нібы хваля, імкліва коціцца назад, з усходу на захад?..
![Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам](/img/v1/images/pracounaja_knizka_dlja_zameznika___takija_vydavalisja_ostarbajteram__2_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам
«Пока до свидание Дорогие родители и сестры кланяюсь Вам и целую Ваше лицо писал 6.5.44 год», — гэтае неймаверна простае і шчымлівае развітанне хочацца прывесці мовай арыгіналу і без знакаў прыпынку — так, як у лісце.
![Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам](/img/v1/images/pracounaja_knizka_dlja_zameznika___takija_vydavalisja_ostarbajteram__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам
Лістоў за чэрвень у архіве мы ўжо не знаходзім. Пра далейшы лёс Мікалая Давыдзюка ды ягонай сям’і не ведаем. Цалкам магчыма, што склаўся ён трагічна, бо выжыўшых остарбайтэраў, дэпартаваных назад у СССР, чакалі новыя фільтрацыйныя лагеры, а часцяком і ГУЛАГ… за «здраду савецкай радзіме».
![Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі](/img/v1/images/ostarbajtery_z_zahodnjaj_belarusi_u_hermanii__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
Замест пасляслоўя
У гэтым артыкуле я не ставіў за мэту пераканаць чытача, маўляў, усе остарбайтэры як сыр у масле каталіся. Наўпрост для аб’ектыўнага бачання сітуацыі мала эмоцыяў ды статыстыкі з дзясяткамі тысяч угнаных у Германію, але важныя асабістыя гісторыі ды сведчанні. Безумоўна, шмат для каго ўгон абярнуўся не толькі расставаннем з роднымі і блізкімі, але і нечалавечымі пакутамі на абарончых заводах. Для іншых — адзінай у жыцці магчымасцю ўбачыць вялікі свет, Еўропу, іншую цывілізацыю. Іншая справа, што вяртанне з гэтай 1–2-гадовай выправы дадому часам магло зацягнуцца альбо не адбыцца ўвогуле.
Фота аўтара