Крыж Вінцэнту Гадлеўскаму

Калі мы гаворым пра неверагодную колькасць страчаных у другой сусветнай вайне людзей, немагчыма не прыгадаць адзін з буйнейшых у свеце лагераў смерці, створаны ў ваколіцах Мінска ля вёскі Малы Трасцянец. Афіцыйна, гэта чацвёрты ў свеце канцэнтрацыйны лагер трэцяга рэйха па колькасці ахвяр.



09e7655fc1dc8fa7c9d6c4478313d5e6.jpg

Калі мы гаворым пра неверагодную колькасць страчаных у другой сусветнай вайне людзей, немагчыма не прыгадаць адзін з буйнейшых у свеце лагераў смерці, створаны ў ваколіцах Мінска ля вёскі Малы Трасцянец. Афіцыйна, гэта чацвёрты ў свеце канцэнтрацыйны лагер трэцяга рэйха па колькасці ахвяр.
Тут знішчаліся яўрэі з розных гета — як з беларускіх гарадоў, так і з многіх еўрапейскіх краінаў, мірныя жыхары Беларусі, ваеннапалонныя. Трасцянец стаў для беларускай грамадскасці сакральным помнікам. Менавіта сакральным. Бо, па іроніі лёсу, а можа цалкам свядома, прадстаўнікі камуністычнай улады ўжо ў найноўшыя, пасляваенныя гады стварылі на гэтым месцы гарадскі сметнік. Агромністы абеліск бруду за некалькі дзясяткаў гадоў надзейна схаваў пад сабою сотні тысяч чалавечых костак.
Назва лагера смерці “Трасцянец аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: гэта сам лагер, размешчаны побач з вёскай; урочышча Шашкоўка, дзе палілі людзей, і ўрочышча Благоўшчына, дзе масава расстрэльвалі людзей.
Не ўсім вядома, што ўрочышча Благоўшчына звязана з яшчэ дзвюма трагічнымі падзеямі ў гісторыі Беларусі. Менавіта тут у 30-я гады беларусаў знішчалі супрацоўнікі НКВД. І менавіта тут ужо нацысцкімі акупантамі па наводцы камуністаў быў забіты рэлігійны, грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі, стваральнік і кіраўнік Беларускага антынацысцкага руху ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.
Да гэтага часу пра Гадлеўскага большасць беларусаў нават не чулі. Нічога пра яго няма ў афіцыйных падручніках. А значнасць, магутнасць гэтай асобы для Беларусі і беларускага грамадства неабсяжныя. Адзін з першых рыма-каталіцкіх святароў, які праводзіў набажэнствы на роднай мове, дасведчаны выдавец, перакладчык (яму належыць пераклад на родную мову Новага Запавету), публіцыст, педагог, палітык. Сваёй адукаванасцю, дасведчанасцю, любоўю і адданасцю Беларусі В. Гадлеўскі выклікаў вялікую павагу як у простых людзей, сялян, так і ў вядомых палітычных і культурных дзеячаў свайго часу.
В. Гадлеўскі скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, затым — Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Пецярбурзе, там жа быў пасвечаны ў ксяндзы і атрымаў вучоную ступень магістра тэалогіі. У снежні 1917 года з’яўляўся дэлегатам 1-га Усебеларускага з’езду, які быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі; у 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады БНР, быў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Затым быў накіраваны ў Нясвіж на пасаду школьнага прэфекта і рэктара бенедыктынскага касцёла. Заўсёды ён выступаў за незалежную Беларусь, за адзінства каталіцкіх і праваслаўных беларусаў, марыў пра стварэнне царкоўнай уніі.
У 1921 годзе, калі Масква і Варшава па Рыжскай дамове падзялілі паміж сабой Беларусь, Гадлеўскі быў святаром Жодзінскай парафіі. Сюды сцякалася шмат вернікаў, каб паслухаць палымяныя прамовы святара Гадлеўскага на роднай беларускай мове. Вядома, як ставіліся бальшавікі да каталіцкіх святароў. Але ж і ад польскіх акупантаў наш славуты зямляк нацярпеўся не менш.
У мястэчку Жодзішкі пробашча Гадлеўскага двойчы судзіў польскі суд — у 1925 і 1926 гадах. Тады ён быў кінуты ў знакамітую Лукішскую турму. Падчас арышту жандары на званіцы паставілі кулямёт, каб сяляне не маглі адбіць упадабанага святара.
У 1927 годзе В. Гадлеўскі зноў схоплены і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі, адбываў пакаранне ў турме пад Варшавай. Падставай для арышту стала заахвочванне моладзі спяваць рэвалюцыйны гімн “Адвеку мы спалі….

Кіраўнікі БХД; у першым шэрагу — ксяндзы А. Станкевіч, Я. Германовіч, В. Гадлеўскі. 
У другім шэрагу — ксяндзы Леваш, С. Глякоўскі


Калі ў свеце пачалі ўсталёўвацца жорсткія дыктатарскія рэжымы, Гадлеўскі зразумеў жахлівасць сітуацыі і пачаў ствараць беларускія падпольныя палітычныя структуры, якія павінны былі змагацца з любымі акупантамі на Беларусі.
Падчас другой сусветнай вайны ксёндз В. Гадлеўскі займаў пасаду галоўнага школьнага інспектара пры нямецкім камісарыяце, а таксама быў адзіным беларускім каталіцкім святаром на ўвесь Мінск. Выкарыстоўваючы сваё становішча, ён рыхтуе беларускую антынацысцкую партызанку (у далейшым — практычна ўсёй паваеннай партызанкай кіравалі вучні В. Гадлеўскага), а ў асаднай Беларусі стварае сетку пачатковых, сярэдніх і спецыяльных беларускамоўных школ. У 1941–1942 гадах вядзе перамовы з Масквой, каб стварыць нацыянальную беларускую армію і забяспечыць рэлігійныя свабоды беларусам.
Распрацаваная Гадлеўскім тактыка і рэалізацыя беларускай ідэі не падабалася ні нацыстам, ні камуністам, і 24 снежня 1942 года па наводцы з Масквы В. Гадлеўскі быў арыштаваны спецслужбамі рэйха ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Яго расстралялі ў той жа дзень у Трасцянцы. Але беларусам было абвешчана, што ксёндз знаходзіцца ў канцлагеры.
Па сканчэнні вайны камуністы пусцілі плётку, нібыта В. Гадлеўскага забілі савецкія партызаны. І праўду аб сапраўдных абставінах гібелі Вінцэнта Гадлеўскага беларускае грамадства даведалася толькі ў 1990-х гадах.
Сёння мемарыялізацыя месца забойства ксяндза, а таксама яго рэабілітацыя звязаныя са шматлікімі цяжкасцямі. Вядома, на пачатку 90-х гадоў Кацёл у Беларусі распачаў кананізацыю каталіцкіх святароў, якія трагічна загінулі ў часы другой сусветнай вайны. Беларускае грамадства справядліва спадзявалася, што належнае месца ў спісе кананізаваных зойме і ксёндз В. Гадлеўскі, які аддаў сваё жыццё на служэнне богу і Беларусі. Але гэтага не адбылося.
Чаму ўсё ж так складана на Беларусі ўшанаваць памяць свайго знакамітага дзеяча, забітага нацыстамі? Можа, гэта звязана з тым, што да гэтага часу афіцыйна не прызнана існаванне Беларускага нацыянальнага антынацысцкага Супраціву падчас нямецкай акупацыі? На афіцыйным узроўні кажуць пра савецкі, украінскі, польскі, толькі не пра наш, беларускі. Прызнаць гэта — значыць тлумачыць, а чым жа быў для беларусаў савецкі супраціў, савецкія партызаны. Адным перапісваннем падручнікаў па гісторыі не скончыцца. Таму ўлада і адпаведныя структуры маўчаць, нібыта нічога такога не было. Схаваная ўладамі інфармацыя па дзейнасці беларускага антынацысцкага супраціву ўмацавала вельмі простую схему, зручную для таго, каб тлумачыць альбо замоўчваць шматлікія гістарычныя факты. А схема простая: існавалі савецкія партызаны, а ўсе, якія не савецкія, — акупанты і калабаранты.
Менавіта таму да гэтага часу многія афіцыйныя гісторыкі называюць ксяндза В. Гадлеўскага калабарантам…
Некалькі гадоў таму прадстаўнікі беларускай грамадскасці ўпершыню ўсталявалі на месцы забойства В. Гадлеўскага мемарыяльны знак — крыж Ефрасінні Полацкай, які сімвалізуе трагедыю страты не толькі выбітнага духоўнага і палітычнага павадыра Беларусі, але і ўсіх людзей, знішчаных рукамі розных акупантаў ва ўрочышчы Благоўшчына.
Упершыню акцыя па ўшанаванні В. Гадлеўскага адбылася ў снежні 2001 года. А ініцыятарам усталявання памятнага крыжа праз пяць гадоў быў старшыня руху салідарнасці “Разам Вячаслаў Сіўчык.
— Крыж меркавалася паставіць і асвяціць 24 снежня 2006 года — у чарговую гадавіну смерці В. Гадлеўскага, — распавядае В. Сіўчык. — Месца мы выбіралі разам з былым дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, на жаль, ужо нябожчыкам, Яўгенам Цумаравым. У спадара Яўгена меліся архіўныя дакументы з Берліна, дзе з нямецкай педантычнасцю было канкрэтна пазначана, у якім месцы Трасцянца кіраўніцтва мінскага СД забіла лідара Беларускага нацыянальнага антынацысцкага Супраціву.
 

 Вячаслаў Сіўчык ля крыжа Вінцэнта Гадлеўскага


— Вядома, нацызм даўно асуджаны цывілізаваным чалавецтвам, — працягвае В. Сіўчык. — Таму ні ў адной еўрапейскай краіне ў ХХІ стагоддзі, акрамя Беларусі, не можа быць так, каб перашкаджалі ставіць мемарыяльны знак чалавеку, які загінуў ад рук нацыстаў.
В. Сіўчык распавёў, што ў 2006 годзе ўлада запалохвала каталіцкі касцёл, каб не адбываліся ніякія акцыі ў памяць В. Гадлеўскаму.
— Калі мы ўсё ж дамагліся правядзення акцыі, урочышча Благоўшчына было ачэплена прадстаўнікамі сілавых структур. Тады крыж разам з ксяндзом, які павінен быў яго асвяціць, не быў дапушчаны ў Трасцянец. Больш двух дзясяткаў беларусаў, сярод якіх у асноўным людзі сталага ўзросту, вядомыя грамадскія дзеячы, гісторыкі, журналісты, былі затрыманыя, іх развезлі па розных міліцэйскіх пастарунках.
Тады сярод пацярпелых аказалася пенсіянерка, бацькоў якой забілі нацысты ў Трасцянцы. І забівалі якраз на тым месцы, на якім у гэты раз затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі па ўшанаванні памяці Вінцэнта Гадлеўскага. У пастарунку жанчына паважанага ўзросту, уся ў слязах, мусіла паказваць міліцыянтам дакументы і артыкулы пра сваіх бацькоў, над якімі расправіліся акупанты…
— Мы два гады чакалі, каб Касцёл паставіў крыж, але так і не дачакаліся, — працягвае В. Сіўчык. — Таму 24 снежня 2008 года мы забралі крыж з касцёла і паставілі яго самі. Усталяваў яго намеснік старшыні руху салідарнасці “Разам Алесь Макаеў разам з некалькімі актывістамі.
В. Сіўчык адзначыў, што пачынаючы з 2006 года акцыя па ўшанаванню памяці В. Гадлеўскага стала традыцыйнай, праводзіцца штогод у Трасцянцы, ля крыжа Ефрасінні Полацкай — у дзень яго трагічнай смерці.
 


Акцыя па ўшанаванню памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій 29 кастрычніка 2010 года
 


А летась, напрыканцы года, кіраўнік клуба “Спадчына Анатоль Белы і сябры клуба скульптары Уладзімір Каралацкі і Алесь Цыркуноў усталявалі ля крыжа яшчэ адзін мемарыяльны помнік — павялічаную копію крыжа з выявай Маці Божай Вострабрамскай і надпісам “Святому пакутніку Беларусі, айцу Вінцэнту Гадлеўскаму.
 


Памятны крыж, усталяваны па ініцыятыве А. Белага сябрамі клуба “Спадчына


25 снежня 2010 года, акурат пасля жахлівых падзей на Плошчы, калі супраць беларусаў чарговы раз прымянілі гвалт і рэпрэсіі, сябрам руху салідарнасці “Разам пад кіраўніцтвам вядомага дысідэнта, вязня мардоўскіх савецкіх лагераў Сяргея Ханжанкова ўдалося правесці акцыю ў Трасцянцы. У памяць Вінцэнта Гадлеўскага запалілі знічкі, усклалі кветкі і прачыталі малітву “Магутны Божа. Упершыню з 2006 года на ўшанавальнай акцыі не было лідара руху салідарнасці “Разам Вячаслава Сіўчыка. Якраз у гэты час на яго кватэры супрацоўнікі КДБ праводзілі вобшук па падзеях 19 снежня.
 


Вядомы дысідэнт С. Ханжанкоў на акцыі памяці па Гадлеўскаму 25 снежня 2010 года


-----------------------------------------------------
Біяграфічная даведка
Гадлеўскі Вінцэнт [Вікенцій Іванавіч; 16.11 (паводле іншых звестак 16.12) 1888 г., мяст. Поразава (паводле іншых звестак в. Шурычы) Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл. — 24.12.1942, Трасцянец пад Мінскам], рыма-каталіцкі святар, публіцыст, перакладчык, выдавец, педагог. У 1912 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916-м — Мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Петраградзе. Пасвечаны ў святары 3.6.1914. Служыў вікарыем пры катэдральным саборы ў Мінску. Удзельнік 1-га Усебеларускага з’езду 1917 года. У 1918-м уваходзіў у склад Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Рэдагаваў газету “Krynica (Мінск, 1918). Выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. З 1924 года — пробашч у мяст. Жодзішкі на Віленшчыне (цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). За актыўную нацыянальна-палітычную дзейнасць арыштоўваўся польскімі ўладамі 25.6.1925 (зняволены ў віленскай турме Лукішкі), 30.9.1925. 1.3.1926 асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (зняволенне заменена штрафам). Арыштаваны ў сакавіку 1927-га; асуджаны на 2 гады зняволення, якія адбыў у Макатоўскай турме ў Варшаве. З 1929 года жыў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (выдадзены ў Вільні, 1939). У 1936 годзе выйшаў з БХД, да верасня 1939-га выдаваў газету “Беларускі фронт, у якой выступаў як публіцыст, рыхтаваў стварэнне незалежніцкай партыі. З пачаткам другой сусветнай вайны пераехаў у Коўна, у 1940 годзе — у Варшаву, дзе арганізаваў паўлегальны “Беларускі Нацыянальны Фронт, як прыкрыццё падпольных структураў. Заснавальнік Беларускай Незалежніцкай Партыі. У чэрвені 1941 года ўвайшоў у склад створанага ў Берліне Беларускага нацыянальнага цэнтру. З верасня 1941 года жыў у Мінску. Галоўны школьны інспектар пры Генеральным камісарыяце Беларусі, сябра Галоўнай Рады Беларускай Народнай Самапомачы. Ініцыяваў стварэнне падпольнай арганізацыі “Беларускі Цэнтральны Фронт, якой кіраваў. Спрабаваў заснаваць кіруючы цэнтр Беларускага Рэзістансу. Арыштаваны СД у Мінску 24.12.1942 і ў той жа дзень расстраляны ў Трасцянцы.
Паводле энцыклапедычнага даведніка “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991 (укладальнік — Леанід Маракоў). Т. 1. Мінск, 2002, стар. 221–223.