Малыя дзеці на вялікай вайне

На пачатку вайны гэтым дзецям было ад пятнаццаці і менш, яны раздзялілі з бацькамі (а часцей з мацяркамі) усе нягоды і цяжкасці ліхалецця. Пераносілі голад і холад дома, угон на чужыну, уцёкі на балоты, жыццё ў зямлянках. А яшчэ яны бачылі смерць — чужых і блізкіх, глядзелі ёй у вочы, уцякалі ад кашчавай слабымі нажуткамі, учапіўшыся за руку дарослага.

iljustrat.jpg


Ніна і Дзіма

Асірацелыя дзеці бадзяліся па вёсках і лясах. «Ішлі мы з мамай па лесе, чуем плач. Падыходзім і глядзім. А пад елкай два хлопчыкі, гадоў шасці і дзевяці. Яны спалі, аднак бесперапынна круціліся ад холаду і праз сон енчылі, як зайчаняты… Брацікаў адправілі за лінію фронту» (Ніна Сталярова, атрад Мядзведзева).

Ніна трапіла ў бягомльскі атрад разам з маці і зводным братам. На вуліцы Правадной, дзе яны жылі, Дзіма паўдзельнічаў у дыверсіі: з нямецкага грузавіка падлеткі знеслі і закінулі ў сажалку зброю. Знаёмы падпольшчык папярэдзіў: вам трэба сыходзіць з горада.

Так яны аказаліся на радзіме бабулі. Дзіма не толькі выведаў, дзе знаходзіцца атрад, але і вадзіў у лес жадаючых. Туды ў хуткім часе выправіліся і бежанцы з Мінска. Маці загінула праз тры месяцы, калі пайшла з групай на заданне. «Дзімка-невідзімка» (так празвалі брата) ваяваў у атраднай разведцы. Бывала, шынялёк кулі прадзіравяць, а цела не зачэпяць. Меў свайго коніка і даваў сястры пакатацца. Яна адпрошвалася ў камандзіра, як у бацькі: «Можна я пайду да брата пакатацца?»

Гледзячы на іншых, дзяўчынка пераймала паводзіны і антураж дарослых, мела свой карабінчык і гранату-лімонку на поясе. Не для ворагаў — для сябе, на выпадак, калі схопяць. Гэткая Маленькая Разбойніца!

Двойчы яе выпраўлялі на заданне. Позняй восенню хадзіла ў Мінск, каб знайсці «дзядзю Жоржа» з іх вуліцы (вядомы падпольшчык Георгій Кулікоў. — Г.К). Адсырэлі батарэйкі, перарвалася сувязь з Цэнтрам. Шыфр Ніна вывучыла на памяць, яшчэ вярнуцца не паспела, а атрад ужо атрымаў дапамогу з самалёта.

Ніна прайшла з братам пекла на Паліку, скончыла педвучылішча ў Паставах. Яна ўсё жыццё працавала ў Магілёве, дзе атрымала званне заслужанай настаўніцы Беларусі.

dzeci_i_vajna.jpg


Віця і Міша

Успамінае ліхалецце яшчэ адна настаўніца — Ніна Аляксандраўна Моўчан, што жыве ў Калачах (Лагойскі раён). Яна — ураджэнка Слабады і сваячка вялікай сям’і Гілевічаў.

«Пры небяспецы беглі на балота. Маме сваякі пакінулі малога пляменніка, ён быў слабы і ўвесь час плакаў. Для мамы і яго спецыяльна зрабілі будан з краю балота, астатнія пабеглі ўглыб. Майго брата Віцю абклалі мохам і загадалі: «Калі на цябе наступяць — маўчы!» А ён не вытрымаў, усхапіўся і пабег за ўсімі. Цяжка было бегчы па плыткіх купінах, дык ён скінуў боты, скінуў верхнюю вопратку, толькі сухары збярог у торбачцы».

У балотах, дзе даводзілася ратавацца ад блакадаў, малыя неслі дарослым небяспеку: маглі выдаць плачам. Вось чаму з жанчынамі з дзецьмі ніхто стараўся блізка не знаходзіцца, і яны гуртаваліся самі з сабою. На такую групку нарваліся фашысты ў балоце на Дзікім возеры. Падступілі знянацку. Жанчыны кінуліся ўрассыпную, сабраўшы дзяцей на адну посцілку. Яны спадзяваліся, што ў катаў ёсць сэрцы. Якісь нелюдзь прашыў малечу адной аўтаматнай чаргой. Адбывалася гэтая крывавая дзея на вачах пяцігадовага Мішы Саўрыцкага. Яго паспелі схаваць пад корч.

Хлапчукі-падлеткі да чужынцаў праяўлялі вялікую цікаўнасць — быццам да цыркавых малпаў. Бегалі нават у суседнія вёскі, каб падзівіцца на «фрыцаў». Глядзець на іх было цікава. Машыны высокія, над бартамі толькі каскі блішчаць. Коней няшмат, але здаровыя. Сабакі і тыя сытыя, ажно поўсць ільсніцца.

 «У школе-сямігодцы немцы арганізавалі дом адпачынку, дротам выгарадзілі папоўскі сад, дзе пасвіліся іх коні. Мы, хлапчукі, хадзілі глядзець, як яны голяцца, мыюцца, граюць на губных гармоніках… Падбіралі абгорткі ад шакаладу і рабілі з іх для забавы «залатыя зубы».

Ад выгаленых афіцэраў з кінжаламі і стэкамі на поясе хораша патыхала. Нават выхлапы з іх машын былі не чаднымі, а нейкімі пахучымі. Мусіць, бензін быў добрай якасці. Вяскоўцы пазычалі ў доме адпачынку коней, каб адсеяцца» (Рыгор Лукшыц, вёска Гайна).

Ва ўмовах небяспекі дзеці маглі быць шчытом, якім прыкрываліся жанчыны, а ў крытычных сітуацыях самі ратавалі дарослых.

iljustrat.jpg


Аня і Геня

У Івана Карнейчыка хаваўся яўрэй.

«Прыехаў начальнік паліцыі з Мар’інай Горкі з уласаўцам. Пытаецца ў бацькі: «Яўрэя карміў? — Так, даў яму хлеба. Як я мог адмовіць? Гэта ж мой былы начальнік па фабрыцы».

Бацька ўцяміў, што дакладна яны нічога не ведаюць. Тады Грыгаровіч пачаў лупіць яго нагайкай. Калі стаміўся, перадаў нагайку ўласаўцу, але той адмовіўся: быў мясцовым і бацьку добра ведаў.

Мая старэйшая сястра Аня тым часам кінулася ў пуню: «Дзядзя, уцякайце!» Янкель па канаве папоўз у лес, а бацьку пагналі перад сабой. Ён бег зігзагамі, чакаючы стрэлу ў спіну, а мы, трое дзяўчатак, неадступна беглі следам і прасілі: «Пусціце татачку!»

Паліцай зжаліўся: «Ладна, ідзі». І адпусціў бацьку. А Янкеля ўсё роўна забілі, толькі пазней» (Ксенія Палачаніна).

Здаралася, непаўналетнія траплялі ў атрады са старэйшымі — бацькамі, братамі. Яшчэ часцей — асірацеўшы, не маючы прытулку. Пра юнага партызана Геню Занько я даведалася з публікацыі аповесці Мікалая Валуева ў лагойскай раённай газеце.

Вучань 22-й мінскай школы пражываў на Камароўцы. Па ўласнай ініцыятыве збіраў зброю, выконваў сакрэтныя даручэнні дарослых. У прыватнасці, разносіў нумары падпольнай газеты «Звязда». Так пазнаёміўся з атрадам «Мсцівец», які стаяў у Янушкавічах. У атрад імя Суворава запісаўся, калі страціў бацьку, а маці і сястра сышлі з горада. Загінуў пад Плешчаніцамі падчас падыходу фронту.

Хлапчукі ў атрады самі прасіліся, марылі паваяваць. Камандзіры на ўзрост заплюшчвалі вочы. Мікалай Арцюх (Наваградчына) успамінае пра свайго аднагодка-падлетка. «Паставілі яго ў дазор. Пайшоў камандзір атрада правяраць, а хлопец спіць. Заснуў каля зямлянкі. Яго арыштавалі, а назаўтра правялі разбіральніцтва. А што ён скажа? Плача — і ўсё. Камандзір, канечне, не расстраляў. Папужалі-папужалі, ды на гэтым усё і скончылася» (паводле расійскага сайта «Я помню»).

Падлеткам трапіў у атрад і Пётр Гарохавік з Ізбішча (Лагойскі раён). Паставілі яго ў начны дазор. Стрэл перапалохаў увесь лагер. Што здарылася? Хлопец, не спытаўшы па правілах «Хто ідзе?», стрэліў — і забіў дзіка. А каб сувязны ішоў? Толькі таму і даравалі, што ежа сама прыбегла… (Паводле Аляксандра Гарохавіка).

ljustrativnoe.jpg


Віця і Тамара

У брыгаду «Штурмавая» запісалі трох падлеткаў з-пад Шаршуноў. Віця Тарасевіч адпрасіўся ў лес на сямейным савеце. Савет складаўся з маці і малодшай сястры. Бацьку ў 1937-м асудзілі і выслалі на ўранавыя руднікі ў Бурацію, бабуля памерла. 14-гадовы хлапчук сказаў хатнім, што не хоча ехаць у Германію (тады якраз забіралі моладзь). Ідучы з задання, зайшоў дадому пераначаваць. З вінтоўкай, у тужурцы — сапраўдны баец. Ранічкай прачнуўся, зірнуў у акно, а там на дарозе падводы. Немцы! Ён за вінтоўку — і лезці праз акно. Збіраўся бегчы ў лес праз чыстае поле.

«Мама за валасы ўцягнула брата назад у хату. Мне загадвае: «Тамара, насі дровы!» Паклала яго ў ложак, тэрмометр пад паху, вінтоўку схавала ў падпечак і заклала дровамі.

Пад’ехалі немцы да нашага дома. Пагрукаўся доўгі, худы, бялявы немчык. Шукаў старонніх, не выгаворваючы слова «партызан». Атрымлівалася: «Парызан? Парызан?» Пытаецца: «Дзе фатэр?» Мама на пальцах паказала рашотку — зразумеў. Агледзеўшы нашага «хворага», спалохаўся: тыфус?

Мама ўпала на калені: «Не! Не! Горла ў яго!»

Немчык сышоў. Абоз пасунуўся ў суседнюю вёску, забраўшы трох хлопцаў з нашай. Мы не выходзілі з дому. Віця ляжаў так да канца дня, каб не агледзелі і не заклалі суседзі. Вечарам зноў заходзіць той самы абвешаны рэчамі немец з аўтаматам цераз плячо. Чамусьці пахваліў маму: «Гут, матка, гут!» Нічога не ўзялі, бо ў нас ні Шпачка, ні Рагулькі ўжо не было» (Тамара Тарасевіч).

 

hlopczyk.jpg

Зіна, Надзя, Алена

Закрану тэму далікатную: жанчыны ў атрадзе. Бывала, яны там знаходзілі мужоў, і не ўсе сем’і раскідваліся пасля вайны. Яшчэ часцей жанчыны рабіліся «ваенна-палявымі жонкамі» камандзіраў, што, як пісаў у данясенні І.М.Цімчук, «падрывала маральны дух байцоў». У зоне рызыкі знаходзіліся дзяўчаты-сувязныя і жанчыны, якія пяклі хлеб, кармілі-абмывалі. Ад «галодных» мужчын, здаралася, нараджалі. Тыя з дзяцей, што з’яўляліся ва ўмовах акупацыі, мелі няшмат шанцаў выжыць: паміралі ад інфекцыйных хваробаў, ад рызыкоўных паводзінаў мацярок. Напрыклад, кулямётчыца Р. падчас бою клала немаўля на бруствер. Тлумачыла проста: «А хто ёй цыцку дасць, калі мяне заб’юць?» (Ад Фелікса Баторына). Партызанская сувязная К., ідучы на працяглае заданне, прывязвала малога сына да табурэта і ставіла перад ім кубак з вадою (Ад Зінаіды Надумовіч).

Гераізацыя ўдзелу дзяцей у вайне была традыцыяй яшчэ з Грамадзянскай. Дарослыя ў гарадах і мястэчках актыўна выкарыстоўвалі непаўналетніх для падпольных мэтаў. Два прыклады з Плешчаніцаў. Ада Нікалаева па просьбе бацькі пераносіла лістоўкі ў бідончыку з-пад малака. Павел Пустаход тапіў грубку ў жандармерыі і назіраў за абстаноўкай. Былы старшыня калгаса арганізаваў у вёсцы Далькавічы камсамольска-піянерскую (!) групу, даваў дзецям адказныя і небяспечныя заданні. Але адна справа — выведка, і зусім іншая — даручэнні, на якіх можна папасціся «з палічным». Толькі сацыялістычная мараль дазваляла спярша падстаўляць дзяцей, а пасля рабіць з ахвяр герояў. Ворагі ж таксама на ўзрост не зважалі. Сувязную атрада «Барацьба» Зіну Іваноўскую паліцаі злавілі з лістоўкамі, а фашысты пасля жорсткіх допытаў зацкавалі сабакамі.

На пасёлку ля Слабады (Гаенскай) жылі дзве Ніны, хаты адна насупраць другой. Мелі аднолькавыя прозвішчы, сваячкамі пры гэтым не лічыліся. Цётка старэйшай Ніны, Надзя Думанская, ваявала ў атрадзе. І дзяўчынак неяк выправілі завезці ў Калачы небяспечны груз — тол.

Падрыхтавалі ўзрыўчатку, надзейна схавалі на возе. Дзяўчаткам не сказалі, што пад саломай, але папярэдзілі: не чапаць і, барані Бог, нікога не падвозіць! Ехаць было не страшна, бо немцаў з сельсавета партызаны выцеснілі. Груз прынялі ў Бабрах: забралі разам з канём і калёсамі. Дзяўчынак на іншым возе завезлі дадому партызаны (Паводле Ніны Моўчан).

У канспіратыўную дзейнасць была ўцягнутая дзесяцігадовая дачка мінскай падпольшчыцы Алены Загорскай. Гуляць у мячык і падаваць знакі, калі хтось набліжаецца, — нескладана і нават цікава. Альбо ісці праз горад з чужым дзядзькам за руку, каб яго не западозрылі і не затрымалі. Аднак у размове выявілася адна далікатная акалічнасць: Ірына Станіславаўна не жадала публічнага розгаласу наконт яе ранняга ўдзелу ў дарослых справах. Маўляў, «будуць смяяцца». Я спачатку не зразумела, які падтэкст стаіць за гэтай фразай. Бо што тут смешнага?

Кемлівая Іра паспяхова спраўлялася з абавязкамі пасыльнай — прынесці-аднесці важныя паперы, перадаць інфармацыю, папярэдзіць. Часта служыла ў якасці схову: дакументы або лістоўкі на ноч клаліся пад кашульку і прыціскаліся гумкай ад майткоў.

Загорская загінула ў Трасцянцы. Дзве яе дачкі прайшлі пекла, але засталіся жывымі. Бабуляю ўжо, маючы статус удзельніцы вайны, малодшая адмаўлялася расказваць пра Нямеччыну, і ўвогуле перапужалася ад роспытаў. Яна мо думала, што яе правяраюць, як правяралі калісьці органы?

Пасля таго, як фашыстаў пацяснілі на Захад, яшчэ хапала гора на нашай зямлі. Як заўсёды, гінулі слабейшыя: дзеці хварэлі з-за антысанітарыі, падрываліся на мінах і снарадах, якія заставаліся ў наваколлі. У Янушкавічах у раўку ляжала штось жалезнае і круглае: дзеці на невядомы прадмет скакалі з мастка. Хтосьці з дарослых усё ж агледзеў, што гэта бомба. Прыехалі два грузавікі з вайскоўцамі, у адным быў пясок. Бомбу акуратна пагрузілі і павезлі. Праз паўгадзіны прагучаў такі выбух, што аж скаланулася наваколле (Паводле Ларысы Лявончык).

photo_183630.jpg


Сіроты

Не ведаю, ці падлічыў хто колькасць сірот на нашай зямлі пасля Вялікай Айчыннай. Мноства беларусаў палегла пад Кёнігсбергам у свой асноўны прызыў 1944 года. У каго былі сваякі, тыя бралі дзяцей да сябе і гадавалі як сваіх. У сям’і Карпа Локця ў Малых Янушкавічах гадавалася двое сіротаў: пляменніца і чужы хлопчык. Хлопчык быў сынам Аляксандра Бабкевіча, чыю цяжарную жонку забілі ў блакаду. Іх паранены ў руку хлопчык прывязаўся да аднагодка і прыйшоў у дом Карпа Локця. Там і застаўся.

«Наш сусед-партызан папрасіў маму: «Калі мяне на фронт пагоняць, то паглядзі маё дзіця». Алік жыў з намі да канца вайны. Вярнуўшыся, Аляксандр сказаў маме: «Я цябе ніколі не забуду» (Леаніда Тарлецкая).

Круглых сіротаў дзяржава адпраўляла ў дзіцячыя дамы. Выхаванкі Мінскага дзіцячага дома № 7 Вольга Далгачова (Гумен) і Надзея Іюльская (прозвішча, як вы разумееце, прыдуманае. — Г.К.) сцвярджаюць, што ім зайздросцілі дзеці з сем’яў: дзетдомаўкі насілі прыгожанькія кітайскія паліто і чаравічкі з лендлізу, пра іх клапаціліся шэфы з прадпрыемстваў.

У Плешчаніцах адкрыліся два дзіцячыя дамы: адзін для дзяцей франтавікоў, другі — для дзяцей калабарантаў. У адзін калектыў іх не зводзілі. І меню, як вы разумееце, было не аднолькавае.

Выхавальнікі дзіцячага дома ў Крывічах. Крайняя справа — удзельніца партызанскага руху Н.Сталярова. 1949 год.

Выхавальнікі дзіцячага дома ў Крывічах. Крайняя справа — удзельніца партызанскага руху Н.Сталярова. 1949 год.

Ля Крывічоў у былым памешчыцкім маёнтку працаваў дзіцячы дом для юных «остарбайтараў». Выхаванцы там знаходзіліся, пакуль шукалі іх сваякоў, якія маглі б забраць бязбацькавічаў. Кантынгент быў яшчэ той: хлопцы бегалі ў суседнюю вёску па самагонку, дзяўчаты пагульвалі. Сваю аднагодку-выхавацельку слухаліся і паважалі: яна перажыла акупацыю і ў іх вачах была гераіняй.

Жыхар Лагойска Анатоль Макарэвіч застаўся круглым сіратою. Перш спынілася сэрца ў бабулі, калі партызаны выводзілі з хлява ўжо другую карову, потым ад ранаў і туберкулёзу памёр бацька. Затым хлопец пахаваў матулю і трох брацікаў-сястрычак. Двое выжыўшых трапілі ў дзіцячы дом. А Толік туды не захацеў — і ў 13 гадоў гаспадарыў у доме адзін. Прамакаткай затыкаў дзіравы чаравік і гэтак ішоў у школу.

У гарнізоне з ворагамі даводзілася жыць побач. Кожны дзень бачыць іх зверствы, выконваць іх загады. Так што лагойскія жыхары нацярпеліся ад усіх: і ад акупантаў, і ад паліцэйскіх, і ад партызанаў. Пра паліцаяў гавораць, што былі найгоршымі, і што нават немцы ў параўнанні з імі «нармальныя людзі».

«З 18.00 аб’яўлялася каменданцкая гадзіна. На вуліцы ні душы, адно паліцаі дзяжураць. Паслала нас мама ў студню па ваду, трэба было купаць браціка. Старэйшая сястра набірала, а мне даручылі пільнаваць. А тут яны, двое, са зброяй. Як закрычаць дзікім голасам — «Пароль!» — і наставілі на сястру аўтамат. Я ўсікалася ад страху, пабегла да мамы, трасуся і паўтараю, як заведзеная: «Пароль! Пароль!» Мама ўсё зразумела і кінулася на двор. Яна на каленях прасіла паліцаяў нам дараваць» (Валянціна Гарачка).

Саўдзенеўская Юля Жук асірацела ў 1943-м. Бацькі яна ўвогуле не ведала, маці знікла ў Мінску, выконваючы падпольнае заданне. Выратаванне Юлі падобна на цуд. Гарэла вёска, запаленая паліцаямі. Адны жыхары разбегліся, другія хаваліся ў рэчцы пад карчамі. Многія тады пагінулі… Глядзіць Адам Рабчун — па Сліжанцы, уніз па цячэнні тупае малая годзікаў чатырох. Адам, яшчэ не ведаючы, чыё дзіця, прынёс яе на руках дадому і гаворыць: «Во, Аміля, будзе і ў нас дачка».

У Адама не было сваіх дзяцей, дык Бог яму прыслаў гатовае. Сам з фронту не вярнуўся, а дзяўчынка вырасла (Паводле Тамары Давідовіч, вёска Сліжына).

Неакрэплая дзіцячая псіхіка траўмавалася на ўсё астатняе жыццё ад пакутаў і смерці блізкіх, ад штодзённай небяспекі, бесперапыннага стрэсу. Доктарка Ганна Дораш прызналася, што яе доўга праследаваў панічны страх перад самалётамі — хацелася не тое што схавацца, а закапацца ў якуюсьці мышыную нару.

Здараліся страсенні, якія цяжка перанесці нават сталаму. На вачах у Валі Сакалоўскай (Акаловіч) у жніўні 1941-га паліцай разбіў вінтоўкай чэрап хлопчыку-яўрэю, а яго маці зарэзала сябе сярпом.

Такія прыклады можна доўжыць бясконца. Перажытае адклалася ў падсвядомасці і замацавалася як праграма, назва якой — страх перад вайной. Адна плешчаніцкая пенсіянерка сказала: «Я гатова есці чорны хлеб і піць ваду, каб толькі не было вайны».

faff6762088b48ecafe31b46b7e83ab1.jpg


Козачка Белачка

Каб унесці трошкі пазітыву ў гэтую цяжкую для псіхікі тэму, пазнаёмлю чытачоў з допісам Алы Бароўскай, якая прымала ўдзел у конкурсе твораў пра жывёл.

«Сям’я Бароўскіх сыходзіла ў партызанскі атрад, пакінуўшы маёй маме козачку і куру з куранятамі. Маме, партызанскай сувязной-разведчыцы, было не да казы і курэй. Курыцу яна даручыла бабулі, а козачку — мне». Дзяўчынка палюбіла прыгажуньку-козачку з маленькімі завушнічкамі і разумнымі зелянцова-шэрымі вачамі. Гаспадынька пасла, карміла сваю гадаванку, а потым і раздаіла на паўлітра смачнага малачка. Белачка не адставала ні на крок і ахвотна ўдзельнічала ў дзіцячых гульнях.

«Праз пару дзён мы павінны былі з козачкай сустракаць маю маці. Яна пераводзіла ў партызанскі атрад беларускага пісьменніка Рыгора Мурашку.

— Глядзі ўважліва на галоўную вуліцу, — сказала мне маці, — і калі ўбачыш нямецкую машыну, бяры козачку і бяжыце насустрач. Я паўдня праседзела ля школы, уважліва гледзячы на вуліцу. Падыходжу да цэнтра вёскі, дзе спынілася машына, і тут бачу, што насустрач ідзе мая маці з нейкім мужчынам. Гэта і быў той самы Мурашка. На шчасце, маці хутка ацаніла абстаноўку. Падышла да паліцая, які не зводзіў з яе вачэй, і сказала:

— Знаёмцеся! Пан інспектар прыехаў правяраць нашу школу».

Дзяўчынка тым часам старалася адцягнуць увагу немцаў, што сядзелі ў машыне.

«А ну, Белачка, пакажы, якая ты ў мяне артыстка!» — скамандавала я і падняла руку ўгару, раскрыўшы далонь. Белачка ўсё зразумела і пачала хуценька круціцца пад маёй рукой, стаўшы на заднія ножкі і стараючыся галоўкай папасці ў далоньку. Немцы рагаталі… «Разумніца!» — сказала я козачцы і пацалавала яе ў цёплы носік».