«Нам гэто усё кажацца сном»
Хто раскажа праўду пра трагічны лёс нашых землякоў з Заходняй Беларусі, якія сталі ахвярамі дэпартацыяў 1940 года на поўнач СССР, у «лядовае пекла»? Пісьменнікі, рэжысёры, гісторыкі?.. Хай кожны распавядзе сваю гісторыю, чым больш згадак — тым лепей. Мы ж звернемся толькі да аднаго ліста звычайнай малапісьменнай сялянкі з-пад Падароску, датаванага 17 красавіка 1940 года.
![Фрагмент карты Анежскага раёна часоў Сталіна Фрагмент карты Анежскага раёна часоў Сталіна](/img/v1/images/frahment_mapy_anezskaha_rajonu_stalinskih_czasou.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фрагмент карты Анежскага раёна часоў Сталіна
Ліст захоўваецца ў прыватным архіве аднаго з гродзенскіх краязнаўцаў. Нават канверту не засталося — адно аркушык паперы, спісаны дробным почыркам на беларуска-польскай трасянцы. Адрасаваны ён землякам і кумам аўтаркі — Сямёну Міхайлавічу Глебіку (у лісце — «кум», «кумок») ды яго жонцы. Імя «кумушкі», на жаль, нам не вядомае.
Звернемся найперш да абставінаў, у якіх ліст быў напісаны. У 1940 годзе былі праведзеныя тры аперацыі па высяленні розных групаў насельніцтва з новадалучаных да СССР тэрыторыяў Заходняй Беларусі ды Украіны: 10 лютага, 13 красавіка ды 29 чэрвеня. Высяленне праходзіла за адзін дзень — «па-стаханаўску». Пагрузка людзей у чыгуначныя вагоны і сам шлях займалі больш часу: у дарозе эшалоны знаходзіліся каля 2–4 тыдняў, а пасля ахвяраў часцяком чакаў яшчэ пераезд да месцаў рассялення. За тры этапы дэпартацыяў першай паловы 1940 года было выселена прыкладна 275 тысяч былых польскіх грамадзян.
![Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 1. Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 1.](/img/v1/images/stranica_1a.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 1.
«Усе прыяцелі сталі ворагамі. За што — то і самі не знаем»
Дамо ж слова аўтарцы ліста Стэфанідзе Аляксандраўне Бакач (арыгінальную арфаграфію мы пастараліся захаваць):
«Міленька і Дараженка Кумушка! Шмат часу прайшло са дня нашаго пабачанья, і здаецца ня месяцы, а цэлыя гады ужо мінулі на чужой старане. Часта сядавілася Вам пісаць, але голас душы кажа не, дык і сьонья пішу і баюся, каб ня памяшаць Вашаму счастліваму жыцю, калі і так, то шчаранька прашу выбачцье, бо мы сені ні свабодныя граждане Савецкаго Саюза, а безправныя, нам здаецца усе нашы шчырыя прыяцелі сталі ворагамі. І за што — то і самі не знаем. Той дзень Вялікага сьвята 17-га, калі наша любімая Чырвоная армія перайшла нашу усходнюю граніцу і нясла нам усім працоўным вызвалене ад польскіх паноў і капіталістаў, наша счасьце, наша быццё, наша сьветлае будучыня, наша радасць у сьветлае і шчаслівае жыццё...»
Мы ўжо наўрад ці даведаемся, наколькі шчырыя словы Стэфаніды Аляксандраўны (1895 года нараджэння) пра «радасць і шчасце» з нагоды «вызваленчага» паходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе. Разам з мужам яна была высланая з вёскі Нізяны (сёння ў Падароскім сельсавеце Ваўкавыскага раёна) у першую хвалю дэпартацыі, 10 лютага 1940 года, калі ахвярамі сталі «асаднікі і леснікі».
Муж пані Стэфаніды, Аляксандр Іосіфавіч Бакач (1885 года нараджэння), мясцовы ўраджэнец, мог быць да 1939 года акурат лесніком, бо асаднікаў дасылалі зазвычай з Цэнтральнай Польшчы. У любым выпадку, «радасці і шчасця», але выключна ў савецкім разуменні, дэпартаваным давялося зведаць ужо ў паўночных раёнах неабсяжнай імперыі.
![Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 2. Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 2.](/img/v1/images/stranica_2a.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ліст Стэфаніды Аляксандраўны Бакач. Старонка 2.
«Старшый лейтенант, такі харошы чалавек»
«Кумушка мілая, — ідзецца далей у лісце. — Я калі выбіралася з дому дык цешылася і сьмеялася і хуценка усё складала бо мала часу дано было на гэты выбар, усяго 2 гадзіны, я рада была што мы едзем у другую област, і думала, можа гэта усіх пераселюць, чулася вельмі добра, нас атправляу старшый лейтенант, такі харошы чалавек. Тош ён са мною так няньчыуся як здзіцём малым, памагау мне усё складаць і тое вазміце і тое палажыце я можа і шмат чаго не узялаб каб ня такой харошый чалавек. Савецкія людзі усе очень і очэнь харошыя, толькі адно недобра — сала ні кусочка, хлеба ні крошкі, ні крупы, ні мукі, нічога с сабой не узялі, кабан у хляве застауся. Нічога не шкадую, ні кутка сваго ні жывого, нічога. Няхай было бы так хлеб і вада абы быць свабодным гражданінам».
![Зімнія краявіды каля колішняга пасёлку Тушылава (фота kozhozero.ru) Зімнія краявіды каля колішняга пасёлку Тушылава (фота kozhozero.ru)](/img/v1/images/zimnija_krajavidy_kalja_kolisznjaha_pasjolku_tuszylava__fota_kozhozero.ru_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Зімнія краявіды каля колішняга пасёлку Тушылава (фота kozhozero.ru)
Куды ж дапамагаў збірацца сям’і лесніка таварыш лейтэнант, такі «харошы чалавек»? Пасёлак Тушылава, пазначаны ў лісце, знаходзіцца ў Анежскім раёне Архангельскай вобласці. Даўным-даўно там жылі лапары, а з XVI стагоддзя — манахі з мужчынскага Багаяўленскага Кажазерскага манастыра ды сяляне з навакольных вёсак, што належалі манастыру. Увосень 1918-га манастыр быў разрабаваны, іераманах забіты, манахі разбеглася. На месцы моцнай гаспадаркі спачатку была створаная камуна, але ў хуткім часе ў руках новых гаспадароў яна канчаткова збяднела. Тады «мудрае кіраўніцтва» ў Маскве і вырашыла падымаць бедныя раёны з невыносным кліматам за кошт дэпартаваных сялянаў.
![onega2.svg.png onega2.svg.png](/img/v1/images/onega2.svg.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тушылава — пасёлак выжыўшых
На пачатку 1940 года ў Архангельскую вобласць пачалі прыбываць першыя партыі дэпартаваных. Іх планавалася выкарыстаць у сістэме нарыхтоўкі лесу прадпрыемстваў НарКамЛеса СССР, з якім была адмысловая дамова ў НКУС. Чэкісты фактычна здавалі ў рабства людзей лесанарыхтоўшчыкам за 10% ад прыбытку. Грошы на пабудову элементарнага жытла на «краі свету» Масквой былі выдаткаваныя, аднак будаваць ніхто нічога не спяшаўся: НарКамЛеса наўпрост заткнуў імі дзіркі ў бюджэце альбо раскраў. Таму ссыльных прывозілі на вузлавыя станцыі, дзе людзі чакалі невядома чаго: ані баракаў, ані фронту працаў падрыхтавана не было.
Рашэнне знайшлося ў адпаведнасці з логікай часу. Кантынгент падзялілі на групы па 20 сем’яў. На групу выдаваліся 4 двуручныя пілы, 8 сякераў і 2 напільнікі для заточкі. Маўляў, працуйце, і паралельна будуйцеся! Чаму так мала інструменту? Разлік быў дакладным: з улікам доўгай суровай зімы і смяротнасці ссыльных. Чэкісты згружалі ў снег буржуйкі, па два камплекты працоўных робаў на сям’ю, ежу па нормах утрымання зняволеных, падпісвалі акт аб перадачы «спецкантынгету» з трэстам, ды абяцалі вярнуцца праз месяц. Калі праз месяц кантынгент быў жывы — добра. Як не — завозіўся новы.
![Смерць каталіцкай манахіні на спецпасяленні (фота Antique Photos Forum) Смерць каталіцкай манахіні на спецпасяленні (фота Antique Photos Forum)](/img/v1/images/smerc_katalickaj_manahini_na_specpasjalenni__fota_antique_photos_forum_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Смерць каталіцкай манахіні на спецпасяленні (фота Antique Photos Forum)
Прыкладна так і ўзнік пасёлак Тушылава на Кожвозеры. Гэта — пасёлак выжыўшых, да якіх дадалося мясцовае насельніцтва — з сялянаў, што некалі жылі на манастырскіх землях, ды з такіх самых раскулачаных, але ранейшых хваляў, з розных куткоў СССР. Сляды пасёлку ў выглядзе закінутых баракаў ды рэштак мясцовых могілак можна было адшукаць яшчэ ў 1987 годзе.
«Грахоу мы за сабою нечуям»
«Я усётакі думаю некалі угледзімсья, — працягвае аўтарка ліста, — Ня ужош такі ніколі прауды не дачакаямся і будзем зауша насіць на сабе маральную цяжасьць — не я моцна веру што разбяруцца і наша шчырая любов да усяго Савецкаго народа да Партіы і да Нашаго Мудраго і любімаго, Вялікаго Сталіна, нас аправдая. Даражэнькі Кумок! Калі у Вас хоць адна іскра той пашаны да нас яшчэ тлее як раней, і Вы нас добра ведалі і ведаеце якія мы ворагі Савецкай власьці дык пагаварыце скім знаяце і прашлеце нам што трэба зрабіць. Мы тут на сваём месцы сто процентово выконваем чэстно сваі абавязкі як і дома заўсёды выконвалі. А можа […] што калі сказаў дык плёткі только — а грахоу мы за сабою нечуям через нас ніхто ніколі не пастрадаў. Нам гэто усё кажецца сном што сталося з намі…»
![Панарама Кожвозера, вясна 2017 (фота drive2.ru) Панарама Кожвозера, вясна 2017 (фота drive2.ru)](/img/v1/images/panarama_kozvozera__vjasna_2017__fota_drive2.ru_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Панарама Кожвозера, вясна 2017 (фота drive2.ru)
На жаль, не вядома, чым займаўся ў 1940 годзе «кумок» — Сямён Міхайлавіч Глебік, адзін з адрасатаў ліста. Вядома, што да 1939-га яго сям’я пражывала ў маёнтку Кабылякі — сёння гэта аграгарадок Матвееўцы Ізабелінскага сельсавету, непадалёк ад Нізянаў. Аўтарка ліста, імаверна, была хроснай маці дзяцей Глебікаў Яўгеніі і Мікалая, якія таксама згадваюцца ў лісце. Магчыма, бацька сямейства Глебікаў з прыходам Саветаў займеў нейкую пасаду, таму кума і звяртаецца да яго па дапамогу: каб з кім трэба паразмаўляў і напісаў, што рабіць.
Адсюль жа, магчыма, і шчымлівая, ледзьве не псіхапатычная дваістасць думкі ў лісце. З аднаго боку, пра добрых савецкіх людзей і асабіста таварыша лейтэнанта, з іншага — пра тое, што нават кавалку хлеба з сабой узяць не далі. З аднаго боку — прызнанні ў любові да ўсяго савецкага ды асабіста да таварыша Сталіна, з іншага — «Нам гэто усё кажацца сном, што сталося з намі». Дзве рэальнасці: што можна пісаць, і што нельга, як павінна быць, і як ёсць.
![Баракі сасланых (фота Antique Photos Forum) Баракі сасланых (фота Antique Photos Forum)](/img/v1/images/baraki_saslanyh__fota_antique_photos_forum_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Баракі сасланых (фота Antique Photos Forum)
«Ціхо сьнег ляжыць ночью марозы птушачок не чутно»
Згадваюцца ў лісце паміж словам і іншыя сасланыя. Напрыклад, Іосіф Галамбеўскі, які жыў з сям’ёй Бакачаў у адным пакоі. Вядома, што Іосіф Галамбеўскі (1902 года нараджэння) жыў у Міхайлаве пад Ізабелінам і быў сасланы разам з двума сынамі 14 ды 16 гадоў (Здзіслаў і Чэслаў). У Тушылава Галамбеўскія прыбылі разам з Бакачамі.
Заканчваецца ліст Стэфаніды Аляксандраўны наіўна-лірычнымі і адначасна страшнымі замалёўкамі прыроды:
«У Вас вясна птушачкі ужо сьпеваюць, а [тут] ціхо сьнег ляжыць ночью марозы птушачок не чутно жаваранкі кажуць беленькія я то не бачыла дамашней птіцы не увідіш, суровы север. Нам цяжко будзе прывыкаць кругом лес глухой дзікій і баракі нашыя с одной стараны озеро велікае. Бывайце здаровенькія цалуем вас моцна моцна. Правет знаёмым. Адрас наш: Архангельская область Онежскій район Кожо. Озазерское Поч.отделенія посёлок Тушилово. Цалую Кольку наймацней. С.А. Бакач».
Стэфаніда Аляксандраўна Бакач, як і сусед па пакоі Іосіф Галамбеўскі з сынамі, была вызваленая са спецпасялення па амністыі 10.09.1941 года. Пашчасціла. Яе муж, Аляксандр Бакач, не дажыў да амністыі — памёр 8 ліпеня 1940 года.
![Кожвозера (фота russian-travels.ru) Кожвозера (фота russian-travels.ru)](/img/v1/images/kozvozera__fota_russian_travels.ru_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кожвозера (фота russian-travels.ru)
Канец пасёлка і Паклонны Крыж
Паводле статыстыкі, у 1940 годзе ў Архангельскую вобласць чэкісты прывезлі 40000 «палякаў» — выхадцаў з Заходняй Беларусі і Украіны. З 1946 па 1953 год, атрымаўшы права выезду ў Польскую Народную Рэспубліку, ім скарысталіся 5800 чалавек. Раней у розныя раёны Украіны і Стаўраполля былі выселеныя яшчэ 1000 чалавек. Атрымаўшы пашпарт (без статусу ссыльных) у Архангельскай вобласці засталіся яшчэ 3000 чалавек. На пачатку 2000-х гадоў палякамі ў Архангельскай вобласці назвалі сябе 1430 чалавек. Паводле грубых разлікаў, выжыў тут адно кожны чацвёрты.
![Руіны манастыра на Кожвозеры (фота sanatatur.ru) Руіны манастыра на Кожвозеры (фота sanatatur.ru)](/img/v1/images/ruiny_manastyra_panad_kozvozeram__fota_sanatatur.ru_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Руіны манастыра на Кожвозеры (фота sanatatur.ru)
Ужо ў 1954 годзе Кожпасёлак быў прызнаны неперспектыўным і ліквідаваны, нешматлікія яго насельнікі — пераселеныя ў больш цывілізаваныя куткі Саюза. На момант развалу СССР на яго месцы быў толькі ляснічы кардон. На Лопскай паўвыспе, дзе некалі стаяў разбураны бальшавікамі манастыр, у другой палове 1990-х гадоў зноў з’явілася абіцель манахаў. Там жа, сярод бяскрайніх лясоў ды маўклівых камянёў, з нагоды адраджэння манастыра быў усталяваны вялікі Паклонны Крыж.