Няскораны («загад — адмова — удар, загад — адмова — удар...»)
Прапануем чытачам эксклюзіўныя ўрыўкі з дзённіка палітвязня Ігара Аліневіча, напісанага ім у сумнавядомай «амерыканцы» — турме КДБ. Дзённік нам перадала маці
зняволенага, Валянціна Аліневіч.
28 лістапада 2010 года, Масква, кафэ гандлёвага цэнтра «У Горбушки», 14.45 на гадзінніку. Выходзім з цэнтра, з усіх бакоў кінуліся 4 цені, схапіўшы пад рукі. Адзін з людзей у
чорным супакойвае: «Гэта мы вашым дапамагаем». Хм, гэтыя «нашы» вашы, а не нашы. Бразнулі бранзалеты, запіхнулі ў машыну, шмон па кішэнях, мабіла, кашалёк,
плэер... Шапка на вочы, адна машына, пасля другая. Паміж сабой людзі ў чорным не перагаворваюцца, пішуць тэкст на тэлефоне і перадаюць адзін аднаму. Пару прыпынкаў у прыбіральню, глядзіш на поле, лес
і здаецца, што гэта сон...
...Мяжа з Беларуссю. Галаву ўціскваюць у падлогу, значыць, аперацыя — нелегальная. Перадача мясцовым у бусік. Маскоўскія кажуць: «Больш такой х... не падкідвайце».
«Вядома, за намі доўг, мужыкі», — адказваюць тутэйшыя.
Кранаемся з месца. Пачынаюць з пагрозаў: «Ты зразумеў, што сказаць трэба? Ці заедзем у адно месца для тлумачэнняў?» «Так, зразумеў-зразумеў, — адказваю я,
— чаго ўжо тут...» Ага, як жа. Трэба мабілізавацца, засяродзіцца на адной праўдзе: «Не вер, не бойся, не прасі...»
* * *
Заводзяць у кабінет, садзяць на крэсла, тварам у стол, на шыю апусцілася рабро чыёйсьці далоні. Наперадзе самая доўгая ноч у маім жыцці... Бралі зморам. Я засынаў шмат разоў і прачынаўся; як толькі
адчувалі стомленасць, адразу ўзмацнялі ціск. У ход ішло ўсё: пагрозы, ліслівасць, шантаж, разважанні пра бессэнсоўнасць барацьбы, сумневы ў бок таварышаў, упор на эгаізм і г.д. Я не ведаў, колькі
часу прайшло. Ён перастаў існаваць… «...Закіну ў хату да скінхэдаў! У нас ёсць адмысловая скінхата!.. Ты — прыгажунчык, такіх у турмах любяць... Цябе яшчэ не білі
нармальна... Навошта табе гэта? Жыў бы як усе. Яшчэ ёсць магчымасць!.. Ты займаешся каратэ? Ты супярэчыш сваім прынцыпам, бо яно іерархічнае!.. Ты баішся ўзяць, ты — баязлівец!.. Ты сядзеш.
Пытанне вырашанае. Толькі вось на пяць ці дзесяць гадоў, вырашаць табе... Я б даў табе 12, не, нават 20 гадоў. Я тэлефаную тваёй бабулі. Хай даведаецца пра цябе ўсё... Табе ніхто не нойме адваката...
Нам трэба ведаць толькі адно: хто табе заплаціў?» Я ўключаўся толькі, каб сказаць: «Не ведаю, не быў», і зноў сыходзіў у бяспамяцтва.
* * *
Заводзяць да следчага. Тут жа адвакат. Усё культурна. Уручаецца ордэр на арышт па абвінавачванні ў акцыі ля Акрэсціна. Пачынаецца допыт, на гадзінніку 16.00. У іх лапах ужо суткі. Дазнанне доўжылася
19 гадзін. Нарэшце знялі кайданкі... Гэта чароўнае адчуванне свабоды паварушыць рукамі...
* * *
«...У мяне ёсць пра што з вамі пагаварыць», — сказаў сівы, але моцны палкоўнік з 4-га аддзялення КДБ. З акна самага далёкага кабінета адкрываўся раптоўны від начнога
горада, цэнтральнага праспекта Мінска. Не паверу, што пасля камеры на кагосьці гэта не зрабіла б уражання. Так блізка, і так далёка, даўжынёю ў гады... Гарбата, печыва, пернікі, іншая абыходлівасць,
як у фільмах.
Тры дні запар размовы да ночы — пра анархічны рух, метады, асабісты выбар, сэнс жыцця і г.д. Палкоўнік цікавіўся такімі рэчамі, як «фінансаванне»,
«лідары», «замежныя сувязі» — ніхто ўжо не верыць, што людзі могуць нешта рабіць самастойна, з ідэйных меркаванняў. На трэці дзень усё скончылася
пытаннем: «А ці могуць анархісты і ўлада ісці разам да светлай будучыні? Ці хацелі б вы стварыць уласную арганізацыю?» Тут, як пстрычка, у памяці ўсплыў фрагмент з
«Дзённіка крыніцы» (гісторыя-прызнанне завербаванага КДБ гамельчука Сяргея Гаўрыліна — Т.Ш.), дзе праз такую прапанову і адбылася вярбоўка! «Пасля заканчэння
тэрміну я збіраюся заняцца пытаннямі альтэрнатыўнай энергетыкі», — павольна, слова за словам, адчаканіў я. Мой адказ моцна засмуціў палкоўніка... Па дарозе ў камеру ўспомніўся
Маякоўскі і яго вялікае «...я лепей у бары блядзям буду падаваць ананасную ваду...»
* * *
...Першы шпацыр пад мокрым снегам, у дзіравых пантофлях з тканіны. Шпацыр — гэта трохметровыя суровыя сцены, дворык тры на шэсць крокаў (!) і краты з калючым дротам пад электрычнай напругай.
Першы раз надоўга адбівае жаданне выходзіць зноў, але роўна да таго часу, пакуль не прыходзіць разуменне таго, што неба, хай і ў клетачку, лепш, чым нязменная брудна-белая столь з пастаянным святлом
24 гадзіны на суткі...
* * *
«З рэчамі на выхад!» — прагучала распараджэнне кантралёра. Скончыліся два тыдні адзіночкі, зараз — у іншую камеру. Заходжу, вітаюся. Перада мной стаяць людзі,
самыя звычайныя людзі з чалавечымі тварамі. Неяк не так я ўяўляў сабе крымінальнікаў. Падыходзіць хлопец і пытаецца: «За МТЗ ганяў?» Кажуць, што свет цесны. Але хто б мог падумаць,
што я сустрэнуся ў СІЗА КДБ, дзе ўсяго 18 камер на 60 месцаў, з чалавекам, з якім некалькі гадоў ганяў за МТЗ РІПА! Сапраўды, цесны свет!
* * *
Вынікі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня мы даведаліся ноччу, калі ў камеру паднялі пятага чалавека, Алега Корбана. Высветлілася, што дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцу і адбыліся сутыкненні каля
дома ўрада.
Адно стала ясна дакладна: масавыя затрыманні. У той жа дзень Алега забралі. Замест яго паднялі Анатоля Лябедзьку, старшыню АГП. Вопытны палітычны дзеяч, ён шмат дзе паспеў пабываць і паўдзельнічаць у
шматлікіх справах. Праўда, гэта ніяк не перашкодзіла яму зрабіць нас у даміно і іншыя гульні, з якімі ён быў добра знаёмы, мабыць, па ізалятарах. На знак пратэсту Лябедзька пачаў галадоўку і мужна
трымаўся да Новага года.
* * *
Мы не ведалі, што азначае ўвод спецназа ў турму. Вопытных зэкаў сярод нас не было... Але тады яшчэ на выраз «мордой в пол» мы ў гневе агрызаліся, а хамства і грубасць спісвалі на
тое, што гэтых грамілаў узялі з якога-небудзь АМАПа. Нават калі нас паставілі на расцяжку падчас ператрусу, спецыяльна вывеўшы для гэтага ў спартзалу, мы ўспрымалі гэта як гнілыя панты, грубыя спробы
прыстрашыць, танны фарс, які вось-вось скончыцца. Бо ўся грамадскасць глядзіць цяпер, як разгортваюцца падзеі, увесь Захад пільна назірае за Беларуссю.
Ілюзіі развеяліся, калі ў нас забралі тэлевізар, калі сукамерніка Уладзіміра ахова ледзь не давяла да сардэчнага прыступу (на скаргі адказалі: «Памрэ — вынесем»), калі ў
дворыку сталі прымушаць 2 гадзіны хадзіць па коле, калі а 10 гадзіне вечара 31-га снежня Лябедзька сышоў з усімі рэчамі, а праз паўгадзіны яго вярнулі назад...
* * *
2011-ы пачаўся змрочна. Першага студзеня на шпацыры мы з Максам намалявалі снежкамі смайлік і слоган «Vivat anarchia». Толькі вярнуліся ў камеру, як у кармушкі з’явілася
галава кантралёра з пытаннем: «І хто ў нас тут мастак?». Я ўзяў на сябе і пайшоў заціраць назад адзін. Памылка. Неяк не звярнуў увагі на эскорт з двух масак, якія зайшлі за мной на
двор. Раптам яны загадалі зняць швэдар (бабуля вязала) і ім жа сцерці снежныя майстэрствы. Зразумела, я адмовіўся. Тут жа атрымаў дубінкай у галаву. Першыя секунды я быў у шоку, не мог паверыць, што
яны сур’ёзна разлічваюць, што нармальны чалавек будзе распранацца ў мароз і драіць сваёй шмоткай гэтую брудную шурпатую сцяну. Але менавіта гэтага яны і хацелі! Загад — адмова
— удар, загад — адмова — удар... Білі ў галаву, па вушах, па шыі, у пах, пад калена, у зубы, вочы. Кроў закiпела, кулакі сціснуліся самі сабой. Убачыўшы такі паварот, маскі
адышлі на пару крокаў і ўсталі з дубінкамі наперавес, аралі, каб расціснуў кулакі, але я іх ужо не чуў. Сітуацыю разруліў дзяжурны, які нечакана з’явіўся за іх спінамі. Пры ім яны не пасмелі
працягваць. Унутры ўсё гарэла... На зваротным шляху пры лесвіцы зноў тармазнулі. Тыя ці іншыя, не разабраў. Патрабавалі па камандзе схіліць галаву. Адмова. Магутны ўдар у галаву, па шыі ззаду.
Адмова. Зноў комплексны падыход. Адмова. Дарэшты выведзены з сябе карнік закрычаў: «Ты што, ідэйны?!» — “Так, ідэйны. — “Не
разумею, ты — злодзей, ці што?! — “Не. — “Так, б..., за якую ты ідэю?! — “За свабоду я!
— “А вертухай усё крычаў: «Б..! Ідзі на х... адсюль!!!
Істэрычка.
Раніцай наступнага дня экзекуцыя працягнулася. Вычапілі на зваротным шляху з сарціра. На гэты раз маскі сабраліся ўсе разам, чацвёра ці пяцёра. Перагарадзілі дарогу, каманда — апусціць
галаву. Адмова. Пару ўдараў, нуль рэакцыі. Ставяць на расцяжку каля сцяны. Пацікавіліся, ці буду далей адмаўляцца. Адказ станоўчы. Рэзкі ўдар па нагах, падаю як падкошаны на калені і локці. Дручкі,
ногі... Хапаюцца падняць, але дах ужо сарвала, у вачах — чырвоная заслона. Гэта ўжо не я. Адбіваюся ад захопаў, кручуся на падлозе, як ваўчок. Скручваюць, пстрыкаюць бранзалеты. Цягнуць у
спартзалу. Ставяць на вельмі жорсткую расцяжку, упёршы галавой у сцяну. Расцягваюць ногі берцамі, на галёнцы падэшвай ірвуць скуру. Б’юць пад дых, туды-сюды, але болю ўжо не адчуваю. У крыві
львіная доля адрэналіну. Падносяць да твару ўключаны электрашокер. Страшна, але толькі мацней сціскаю зубы. Перамовы. Сыходзімся, што буду толькі апускаць позірк пры камандзе «галаву
ўніз». Хоць нешта. Цішком мажуць ранкі — перакісам вадароду, мабыць.
Яшчэ праз суткі запісваюся ў медпункт, каб зняць пабоі. На лбе — гематома, калені і локці разбітыя. На галёнцы — шнар. Вусны, вуха... больш чым дастаткова. Аднак замест лекара ўся
камера ідзе на прыём да начальніка СІЧУ. У прасторным, добра ўладкаваным кабінеце сядзеў чалавек невысокага росту, але з уладным і самаўпэўненым тварам. «Вы — тэрарыст?»
— жорстка спытаў палкоўнік Арлоў. — «Не». — «Навошта вы збілі дваіх кантралёраў? У мяне вось рапарта ляжаць. Аднаму прыйшлося бальнічны даваць. У
іншага — рука пашкоджаная». Во як!
* * *
Спачатку мы хадзілі крокам, затым — бягом. У выніку прыйшлі да шматразовых забегаў. Па камандзе, загрузіўшыся кешарамі (і матрацам з прасцінкаю, якая вечна выпадае, трэба было бегчы ўверх па
вузкай крутой лесвіцы. Амаль на фінішы карнікі спынялі і прымушалі спускацца ўніз. І зноў наверх... Гэтага не вытрымае нават вельмі фізічна моцны чалавек! Дапаўзаеш да нар упараны, як конь, і нават
не раскладаешся — так усё становіцца абыякава.
Закатаваўшы «цялесна і душэўна», карнікі прымаліся за мозг. З 18.00 да 22.00 па мясцовым «СІЗА ТБ» (звычайнае ТБ адключылі яшчэ ў снежні) пачыналі круціць усякія
праграмы, з якіх 90% складалі самы сапраўдны шлак. Містыка, псеўдагісторыя, чачэнскія баевікі, тэрарысты, палітыканы, наркаманы, габрэйская змова, долар-крывасмок... Усё бы нічога, але гэта
паўтаралася кожны дзень. Перыядычна заходзілі кантралёры ў суправаджэнні масак з дубінкамі ў руках. Правяралі, ці глядзім.
* * *
Лісты — падступная штука! Яны выдатна падымаюць настрой, асабліва, калі апісваюць розную драбязу з нармальнага паўсядзённага жыцця. Але вераломства ў тым, што карнікі, рэгулюючы плынь і
фільтруючы пошту, могуць ствараць хлуслівае ўражанне пра сапраўднае стаўленне людзей да цябе, пра рэальнае становішча спраў на волі. Напрыклад, пішуць некалькі прыкладна роўных па адносінах людзей,
але прапусцяць толькі аднаго, а потым і яго абразаюць. Вось і пачынае здавацца, што на цябе забыліся і нікому ты не патрэбны. Ці могуць сабраць запар некалькі лістоў з негатыўнай інфармацыяй. Гэта
цяжка. Вядома, розум тысячу разоў паўтарае, што гэта — падстава і не трэба браць да галавы, але чарвячок сумнення точыць падсвядомасць. Ад гэтага нельга ўцячы. На гэта і ідзе разлік.
* * *
У пачатку студзеня ў камеры адбыліся перастаноўкі, якія вызначылі будучы склад выпрабавальнага вальера №4. Валодзю і Лябедзьку прыбралі, а на замену даслалі Малчанава Саню і Фядуту Аляксандра. Абодва
— палітычныя.
Аляксандр Фядута апынуўся 46-гадовым мужчынам у акулярах. Наколькі буйны ў целе, настолькі буйная палітычная фігура. Ён ствараў уражанне вялікага гуманіста XVIII стагоддзя і таямнічага шэрага
кардынала. Аляксандр ледзь не ночыў на допытах. 8–12 гадзін у інквізітараў былі стабільна яго. Мы хутка паладзілі. Калісьці Аляксандр быў школьным настаўнікам, правадыром камсамола,
журналістам, які сустракаўся з Горбі. Затым адным з верхаводаў брыгады Лукашэнкі, а цяпер стаў яго вязнем. Акрамя палітыкі, Аляксандр апынуўся прафесійным літаратарам і выдатным апавядальнікам. Гэтую
рысу мы актыўна эксплуатавалі. Успамінаецца, як уся камера пасля адбою, стаіўшы дыханне, слухала «Графа Монтэ-Крыста» ў пераказе. Было цікава назіраць за асобамі сукамернікаў, калі
граф ажыццяўляў чарговы акт помсты. Напэўна, кожны круціў у сваім уяўленні ўласную сітуацыю, прымяраючы ролю графа.
* * *
Калі нас прымушалі перасоўвацца бягом (абавязкова з рукамі за спінай і апушчанай галавой), мы ставілі наперад Фядуту. Такім чынам, ніхто не адставаў і апошняга не падганялі дубінкамі. Карнікі
спрабавалі разбурыць салідарнасць. Як быццам адмыслова праводзілі шмон або «асабісты дагляд» падчас настольнай гульні, калі ў запале азарту мы забывалі пра ўсё. Ці адных шманаюць, а
іншых — не, каб выклікаць зайздрасць і падазрэнне. На арыштанцкім жаргоне гэта называецца «повестись на мусорские мармыли». Мы не вяліся, але на ўзроўні падсвядомасці ўсё
роўна заставаўся асадак. На гэта і быў разлік, як аказалася пасля. У ход пускаўся і падман. Так, пасля чарговага допыту, Фядута з парога заявіў: «Мужыкі, што я такога зрабіў? Чаму вы
напісалі заяву на адсяленне мяне ў іншую камеру?» Мы нават асалапелі ад гэткай нахабнай хлусні.
* * *
Выклікі да гаспадара «амерыканкі» — асобная тэма. Ва ўсім гэтым дурдоме толькі яго кабінет уяўляў сабой лагуну супакою і міра. Звычайна ён сустракаў вельмі добразычліва,
умеў цікава гаварыць і слухаць. Распавядаў, што ўдзельнічаў у аперацыях у гарах, сядзеў дзесьці ў азіяцкай турме, не п’е, не паліць. Нават неяк не верылася, што менавіта ён катуе нас,
гуляецца як кот з мышамі, дырыжуе ўсю гэтую трагікамедыю. Ён не рабіў тапорных памылак, як простыя апяры. Ён мог цішком пацікавіцца меркаваннем пра сукамернікаў. Памятаю, як ён прапаноўваў паглядзець
фоткі, дзе, маўляў, адлюстравана, што Лябедзька не выконваў галадоўку. Тут ён даў маху, бо гэты фокус ён праварочваў з кімсьці іншым яшчэ раней. У тым выпадку кампутар «раптоўна»
падвіс пры спробе адкрыць фотаздымкі. Тое ж самае адбылося і са мной, так што я не здзівіўся. Да таго ж я асабіста бачыў, як Лябедзька за некалькі дзён прыстойна саслабеў, пачаў хістацца, нават твар
ягоны збялеў. Не гаварыць з Арловым было не магчыма. Неаднаразова я ішоў з думкай звесці размову да аднаскладовых адказаў, але раз за разам Арлову ўдавалася разгаварыць мяне. У кабінеце знаходзіўся
прыгожы сервіз, пернікі, каньяк — усё як у фільмах. Ніякай гарбаты з карнікамі! Я так адразу і заявіў, і паўтараў кожны раз, калі начальнік прапаноўваў. Людзі чамусьці думаюць, што гэта
— драбяза. Маўляў, калі мент паводзіць сябе культурна і прыстойна, то можна і гарбатку паганяць. Тым самым прызнаюцца дапушчальнымі ўсе тыя здзекі і падман, якім падвяргаюць зняволеных. Я
прымаў контрмеры. У якасці абароны, гледзячы на начальніка напалоў пасмешліва, я паўтараў у думках раз за разам: «Гэта ён цябе душыць, зневажае, прыносіць боль блізкім мне людзям. Ён
— вораг. Усё, што ён кажа, хлусня». Арлоў адкрыта абмяркоўваў метады пакут, маральны бок справы. Ён сцвярджаў, што яго мэтай з’яўляецца прымусіць нас сумнявацца. З размоваў
мне стала вядома, што яны практыкуюць індывідуальны падыход да кожнай камеры і да кожнага чалавека. Усё выразна планавалася: калі, дзе і колькі разоў. Як праводзіць шмон, каго падвяргаць персанальнай
экзекуцыі, дзе пакінуць святло на ноч, дзе забараніць паліць. Нават каго закрануць у страі падчас прагонаў у туалет ці на шпацыр. Арлоў пры мне тэлефанаваў кудысьці і даваў інструкцыі, каб Малчанава
два дні не чапалі. Ну і, вядома, ж камеры ператусоўвалі, каб ускладніць ці палегчыць жыццё.
«Свет — гэта зграя ваўкоў. І больш моцная зграя заўсёды спрабуе ўрваць у меншага суседа. Я атаясамліваю сябе са сваёй зграяй, і яе дабрабыт — ёсць дабрабыт маёй
сям’і, блізкіх, супляменнікаў», — разважаў Арлоў пра свой светапогляд.
На гэтыя патрыятычныя довады мне было што сказаць: «Класіка фашызму. Пачытайце Мусаліні, вам спадабаецца».
* * *
Святло ў нас ніколі не згасала. Было дзённае святло — 100 Вт лямпачка, было начное, настолькі яркае, што можна было чытаць. Здаралася, што па некалькі дзён запар спалі пад святлом адразу
двух лямпаў. Кантралёр толькі бездапаможна адказваў: «У мяне загад». Кожны тыдзень станавілася ўсё горш. Метадычна, крок за крокам. Мы чакалі нейкай развязкі, таму што так далей
было нельга. Адчувалася мяжа.
* * *
У пачатку лютага маскі азвярэлі дарэшты. Была пятніца, трое ў камеры захварэлі на грып. Усю ноч трэсла: тэмпература, дрыжыкі. Назаўтра схадзілі да лекара, ён выпісаў таблеткі. Увечары тузанулі мяне і
Малчанава з усімі шмоткамі. Навучаныя горкім вопытам, мы выклалі кнігі і іншыя цяжкія рэчы. Як звычайна, спусцілі ў спартзалу, але чамусьці крокам і без рову. Падазрона ціха. Нічога добрага гэта не
прадказвала. Кешар і пакеты выварочваюць, звальваюць змесціва ў адну кучу. Чаканне басанож на бетоннай падлозе голым. Пачалося. «Сабраць рэчы!», «Жыва!»,
«Што незразумелага?!!», «Жывей», «Я сказаў!!!», «БЯГОООМ!!! ... Па лесвіцах, калідорах. Заганяюць у «дурхату» ў склепе
(гэта — абабітая гумай і дзерманцінам камера для ўціхамірвання буйных). Зноў шмон. Ставяць на расцяжку і сыходзяць, але перыядычна падыходзяць да вочка праверыць. Збор шмотак, ледзь
паспяваеш апрануцца, матрац пад паху і бягом па калідоры на лесвіцу, якая вядзе ў цэнтр гэтага неакалізея. На фінішы стаіць карнік і гарлапаніць: «Занадта павольна, назад!» Іншы
падганяе. Чую, як на іншай лесвіцы ганяюць Саню Малчанава. Свалата. Вяртаюся назад у «дурхату». Дзіка горача, пот льецца літаральна ручаём, у галаве туман. Гэта — мяжа.
Калі пераступіць, то што будзе далей??? Усё, пляваць.
Карнік гарлапаніць: «Дубль два! БЯГОООМ МАРШ!!!»
— Не.
— Я сказаў. Узяў рэчы і бягом, жывей!!!
— Я адмаўляюся.
— Рэчы ў рукі і бягом!
— Рабі што хочаш. Больш не пабягу.
Некаторы час ён глядзеў на мяне, затым ідзе за другім, нешта шэптам абмяркоўваюць. Затым другі карнік падыходзіць і, як ні ў чым не бывала, самым ветлівым і міралюбным тонам кажа: «Збірайце
вашы рэчы і праходзьце ў камеру». Я аж асалапеў, не верачы сваім вушам. Настолькі гэты тон супярэчыў сітуацыі.
Назаўтра дзяжурны спытаў: «Ну хто яшчэ хворы?»
* * *
Дзясятыя дні лютага адзначыліся пачаткам «пацяплення клімату». Штосьці, відаць, адбылося на волі, узровень прэса значна знізіўся. Забегі з г. зв. «асабістым
даглядам» спыніліся. Шмон стаў мякчэйшым, радзейшым. 23 лютага Кірыл зваліўся з лесвіцы. Па замацаванай маскамі звычцы, ён спускаўся ўніз бягом з рукамі за спінай, не трымаючыся за парэнчы.
Я ўпершыню бачыў гематому на палову спіны. У Кірыла быў болевы шок. Яго трэсла так, што ён не мог ні нармальна размаўляць, ні нават паліць. У выніку павезлі ў шпіталь. Мяркуючы па абрыўках размоваў
паміж кантралёрамі, былі і іншыя падобныя выпадкі. Так ці інакш, на наступны дзень карнікі крычалі на нас за тое, што... мы перасоўваліся бягом і не трымаліся за парэнчы!!! З кожным днём мы ўсё
радзей і радзей бачылі масак, і, нарэшце, да пачатку сакавіка іх не стала зусім.
* * *
Следчы, які не з’яўляўся з мінулага года, раптам наляцеў з адвакатам і экспертызамі па справе. Адвакат сказаў, што яго не пускалі «за адсутнасцю тэхнічнай магчымасці», як і
многіх іншых. Цікава, а каго тады наогул пускалі?
У экспертызах супраць мяне не было наогул нічога! Ні тэлефонных перамоваў, ні перапіскі, ні якіх-небудзь слядоў на кампутары, ні доказаў з ператрусаў на кватэрах і ў машыне, ні супадзенняў ад
мабільнага аператара. Жыццёвы тонус павысіўся.
* * *
Cталі вядомыя падрабязнасці «вечнай зімы» ў іншых камерах. Гаворка ішла пра камеру №13, «залётную». Арлоў неяк мімаходзь згадаў трынаццатую, маўляў, «там
людзі, незадаволеныя жыццём». Аказалася, што ў тыя дні да гэтай камеры было два падыходы: шмон праз дзень і шмон кожны дзень. Там шмоткі высыпалі з кешараў проста на падлогу. Маскі маглі
зайсці і разбіць дубінкамі кантэйнеры з гарбатай. Там бывалі выпадкі збіцця толькі за тое, што чалавек перадаў скаргу ў пракуратуру прама ў зале пасяджэння суда (студзень 2011), а другога, схапіўшы
за каўнер, закідвалі на падворак, але прамазалі, патрапілі ў сценку... «Асабісты дагляд» — ставілі на расцяжку абсалютна голымі, а кантралёр задаваў вязням ужо зусім
пахабныя пытанні.
* * *
Прыйшла газета, у якой быў артыкул пра вызваленне Фядуты: выпусцілі на падпіску пра нявыезд. Але нармальна парадавацца мы не змаглі. Бянтэжыла адна дэталь. Аказалася, што з нашай камеры яго
перакінулі ў другую, транзітку, у якой ён прабыў адзін... 55 дзён! Наўрад ці хто-небудзь звярнуў увагу на гэтую акалічнасць, але мы зразумелі ўсё без слоў. Горш за ўсе пакуты — гэта быць
адным і кожны дзень чуць, як катуюць іншых. На трэці дзень адзіноты хочацца лезці на сценку, на пяты — з’язджае дах. Я прабыў у адзіночцы два тыдні (максімальны тэрмін пакарання ў
карцары), і я быў шчаслівы, калі перавялі да людзей. Але амаль два месяцы — гэта жах. Кожнаму вязню «амерыканкі» ў большай ці меншай ступені прыйшлося сербануць пакуты і
пацярпець, але самая жорсткая доля сярод усіх выпала Фядуту. Мала таго, што трэба было не зламацца. Звар’яцець — вось, што было на парадку дня.
* * *
Зусім хуткае першае пасяджэнне суда. Яго чакаеш як збавення. Калі справу перадалі ў суд, далі кароткае спатканне з бацькам. Шкло, тэлефонная трубка... Цяжка знаходзіцца ў метры ад блізкага чалавека і
не мець магчымасці абняцца.
* * *
...Раніца. Канвой, кайданкі, аўтазак, глухі «стакан» у апраметнай цемры. Машына імчыцца па зялёнай, з мігалкамі. Каб уседзець на месцы, даводзіцца ўпірацца галавой у сценку.
Пад’ехалі прама да дзвярэй з чорнага ўваходу. Да дзвярэй двайны калідор з мянтоў. Паасобку вядуць у склеп. Размяркоўваюць па камерах-«стаканах», на гэты раз бетонных.
Паўметра на метр. Шмон, старанна правяраюць вопратку. У гэты момант сустракаемся позіркамі. Столькі хочацца сказаць, абняцца, паціснуць рукі. Выстройваюць калонай і выводзяць у залу пасяджэнняў. У
холе куча народа, успышкі фотакамер. Усё гэта ўводзіць у ступар. Прыходзяць адвакаты, адзін за адным з’яўляецца мноства знаёмых і незнаёмых людзей. Бацькі, сваякі, сябры, таварышы. Гэтая
падтрымка шматкроць умацоўвае. Бо на свае вочы пераконваешся, што можаш разлічваць не толькі на сябе, але і на ўсіх гэтых неабыякавых людзей. Ізаляцыя ізалятара трашчыць па швах.
* * *
Апошняе слова. Не рыхтаваўся, думаў, што заўтра. Вырашыў сказаць пра Дзіму Дубоўскага, нашага таварыша, якога абылгалі і цяпер пераследуюць. Веткін і Канафальскі, падонкі, назвалі яго адказным за
некаторыя рэчы, але так забрахаліся, што на судзе гэта выплыла. З нас чацвярых яму выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. Хай нават яму і ўдалося захаваць тое, што ў гэтым убогім грамадстве называюць
«свабода». Да яго ўжылі самыя подлыя і гідкія метады аператыўнай распрацоўкі. Але Дзіма ўсё вытрываў і пераадолее любыя цяжкасці. Такія людзі — назаўсёды. І гады ў
засценках — не перашкода для нашага брацкага таварыства. Саня і Коля сказалі вельмі годна. Прысуд. Што ж, восем гадоў на адным уздыху! Апошні позірк на блізкіх мне людзей. За выключэннем
бацькоў, я іх убачу зусім не хутка. Развітваюся з адвакатам. Яго з’яўленне ў СІЗА КДБ было як глыток свежага паветра. І ў гэтай безнадзейнай сітуацыі ён змог мне дапамагчы. Паціскаем рукі і
абдымаемся з Колем. Для мяне гонар падзяліць лёс з такімі людзьмі.
Веткін выхапіў ласку: 4 гады хіміі. Ён, Захарчык, Арсенчык, Бурачка будуць жыць няшчасным пагарджаным жыццём. Няма даравання здрадзе. Калі ў іх будуць дзеці, чаму іх навучаць ТАКІЯ бацькі?
* * *
Спатканне з бацькамі. На гэты раз пусцілі і маці. Нашы дарагія матулі... Хто ўжо па-сапраўднаму нешчаслівы, дык гэта яны. Таты таксама пакутуюць, але па прыродзе сваёй разумеюць, што суровыя
выпрабаванні пойдуць іх дзіцяці на карысць. А маці не прымае ніякіх довадаў, калі яе сын за кратамі. Зняволеных заўсёды двое. Маці не можа і дня пражыць без перажыванняў за сваё дзіця. Стаяць у
чэргах на перадачу, чакаць лісты, лавіць любую навіну пра турму або калонію, дзе мы адбываем тэрмін, — вось іх прысуд з дня ў дзень, з года ў год.
* * *
З дня на дзень чакаю этапу на Валадарку.
У адзін з гэтых апошніх дзён адчыніліся дзверы і ў камеру ўвайшоў... палкоўнік Арлоў уласнай персонай! Натуральна, па маю душу. Начальнік цікавіўся маім настроем, стаўленнем да тэрміну, што мне
«прыпісалі». Нават выказаў некаторае спачуванне. Я не веру ў сентыментальнасць чэкістаў, і таму чакаў сутнасці дыялогу. Арлоў раптам выпуліў: «А давайце да нас хакерам?
Вунь як кітайцы разгарнуліся! Уласны ноўтбук вам дамо». Прызнацца, я аслупянеў і зусім разгубіўся. Тады Арлоў выдаў другую порцыю: «Ну, калі не хочаце хакерам, давайце сюды ў
гаспадарчую абслугу. Тут добрыя ўмовы, шмат пераваг». Разрыў шаблонаў, вынас мозгу, татальны шок... Няўжо я дзесьці калісьці хоць у чымсьці даў падставу прапаноўваць мне ТАКОЕ? Колькі людзей
загінула ў барацьбе з гэтай канторай? А колькі мільёнаў лепшых прадстаўнікоў народа яны змарнавалі?! А як здзекуюцца з народа зараз? І яшчэ думаюць, што я прамяняю сумленне на іх нікчэмныя
падачкі.
* * *
...Этап на Валадарку. Адбылося! Развітваюся з сукамернікамі, кешар у рукі, шмон, фармальныя працэдуры. Вядуць да бусіка. Абарочваюся, аглядаю гэта месца, наскрозь прасякнутае горам, адчаем.
Амерыканка... Калі-небудзь тут будзе музей пакуты.
Ігар Аліневіч нарадзіўся 24 верасня 1983 года. Закончыў Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці інжынер-электроншчык. Прымаў удзел у працы над расійска-беларускім спадарожнікам.
Тыя, хто яго добра ведае, характарызуюць Ігара як інтэлектуала, чалавека вельмі цікавага і шырока эрудзіраванага, асабліва ў гісторыі і філасофіі. Па поглядах адносіць сябе да анархістаў, што
пацвердзіў і на судзе.
Да крымінальнай адказнасці Ігар Аліневіч быў прыцягнуты па так званай «справе анархістаў». 24 траўня 2011 года судом Заводскага раёна г. Мінска быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення
волі ва ўзмоцненым рэжыме з канфіскацыяй машыны.
Праваабарончыя арганізацыі адзначаюць, што правядзенне папярэдняга следства па дадзенай крымінальнай справе суправаджалася сур’ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі і парушэннямі правоў
асуджаных, сярод якіх: адвольныя затрыманні, парушэнні тэрмінаў і працэдур затрыманняў, парушэнне права на абарону, парушэнне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, ужыванне жорсткага абыходжання. Гэтыя
грубыя парушэнні, па іх ацэнках, даюць падставы лічыць, што разгляд справы ў судзе не быў аб’ектыўным і ўсебаковым, а вынесеныя судом прысуды неабгрунтаваныя і незаконныя. Ігар Аліневіч
прызнаны беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі палітычным вязнем.