Па сапегаўскіх мясцінах
Не так даўно разам са спадаром Алесем Сапяжынскім — прадстаўніком адгалінавання слаўнага магнацкага роду Сапегаў — мы праехаліся па славутасцях Камянецкага раёна Брэстчыны.

Так сёння выглядае касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Высокім
Наведалі магдэбургскае месца гістарычнага краю, старадаўні цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва горад Высокае (да 1939 года Высокае Літоўскае), што месціцца на маляўнічых пагорках уздоўж ракі Пульва, праз якую высілкамі Сапегаў напрыканцы XVIII стагоддзя праходзіў водны шлях у Гданьск. Гэтае месца, дзе жыве больш за 5 тысяч чалавек, уражвае непаўторнымі краявідамі, багатым мінулым і шэрагам цікавых помнікаў архітэктуры, у тым ліку барокавым касцёлам Найсвяцейшай Тройцы пачатку XVII стагоддзя, руінамі замку Сапегаў XVII стагоддзя з вялікім пейзажным паркам плошчай больш за 50 гектараў, палацам Патоцкіх пачатку XIX стагоддзя, што зараз рэстаўруецца, шэрагам хрысціянскіх і іудзейскіх святыняў.

Алесь Сапяжынскі (злева) з ксяндзом Андрэем пасля ўручэння здымку 1931 года Траецкага касцёла ў Высокім
Як распавёў пробашч касцёла ксёндз Андрэй, у 1603 годзе тагачасны ўладальнік Высокага Андрэй Война-Грычынавіч заснаваў у месцы святыню Найсвяцейшай Тройцы, што мела 44 аршыны даўжыні і 12 — шырыні. Найбольшы касцельны звон насіў імя святых Пятра і Паўла.
Падчас Другой сусветнай вайны камяніца была пашкоджаная, а затым адабраная ў вернікаў. Толькі ў 1990 годзе будынак быў вернуты Каталіцкай царкве для духоўнага жыцця і пад кіраўніцтвам ксяндза Яна Васілеўскага пачалося аднаўленне храму. Аднак для вяртання будынку поўнай аўтэнтыкі мясцовай даволі невялікай парафіі папросту не хапіла сродкаў.

Парэшткі фундатараў святыні
Па сёння ў святыні захаваліся труны з парэшткамі прадстаўнікоў роду Войнаў і Сапегаў, якія, дарэчы, валодалі Высокім з 1647 па 1748 гады.

Від на святыню з боку гарадскога парку
Як зазначыў ксёндз Андрэй, парафія вядзе паўнавартаснае касцельнае жыццё, у тым ліку душпастырскае, дабрачыннае і асветніцкае. Разам з тым, на яго думку, меркаванае падпісанне пагаднення паміж Каталіцкай царквой і беларускай дзяржавай не павінна ўтрымліваць папярэдніх умоваў, якія б маглі, у тым ліку, перашкаджаць святарам прыходзіць у навучальныя ўстановы для духоўнага выхавання асобы і фармавання яе сумлення, што вельмі важна для будучыні Бацькаўшчыны.

Алесь Сапяжынскі са здымкам літаграфіі 1880 года, што ўвасабляе акварэль Напалеона Орды 1876 года з выявай замку Сапегаў.
Алесь Сапяжынскі нарадзіўся ў Высокім, пасля заканчэння школы і мараходнай вучэльні шмат гадоў хадзіў у Атлантыку штурманам плаўбазы рыбапрамысловага флоту, а пасля вучобы на юрыдычным факультэце Ленінградскага ўніверсітэту працаваў суддзёй у Беларусі і да пачатку 1990-х гадоў — намеснікам старшыні Кобрынскага гарвыканкаму па сацыяльных пытаннях.
Спадар Алесь згадаў, як на пачатку 1960-х гадоў у Высокім Саветы спачатку перабудавалі касцёл пад склад харчавання, а пасля зруйнавання храмавых вежаў і бакавых капліцаў з пахаваннямі фундатараў святыні — пад двухпавярховую спартовую залу мясцовай сельскагаспадарчай прафтэхвучэльні, дзе напрыканцы 1970-х гадоў праводзіліся дыскатэкі. «За ўсе за гэта мясцовыя вернікі пракліналі ўлады і казалі, што за такія грахі абавязкова прыйдзецца адказваць перад Богам і людзьмі», — казаў спадар Алесь. Затым ён перадаў ксяндзу Андрэю здымак храму 1931 года ў ягоным аўтэнтычным выглядзе.

Куточак старадаўняга парку
Мы пабывалі ў маляўнічым пейзажным парку, закладзеным Сапегамі ў XVIII стагоддзі. На яго тэрыторыі захаваліся рэшткі падмуркаў і земляныя ўмацаванні старога замку Сапегаў.

На замкавай тэрыторыі захаваліся старадаўнія скляпенні

Па сцежках старога парку
Фартэцыя значна пацярпела падчас найбольш згубнай для нашага краю вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, калі Бацькаўшчына страціла больш за палову насельніцтва, а таксама падчас Вялікай Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў. Пасля таго, як у 1748 годзе замак і палац Сапегаў згарэлі, магнаты перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонім.

Замак Сапегаў у Высокім. Акварэль Напалеона Орды. 1876 год
Спадар Алесь распавёў пра палац Патоцкіх, збудаваны ў 1816–1820-х гадах. У класіцыстычным комплексе захаваўся інтэр’ер і рэшткі мастацкай аздобы, а таксама шэраг гаспадарчых прыбудоваў. Падчас і пасля Другой сусветнай вайны палац выкарыстоўваўся для размяшчэння штабу памежнага атраду і казармаў памежнікаў, а затым — для школы і інтэрнату.

Руіны замку Сапегаў каля рэчкі Пульвы
Зараз у закінутым комплексе вядуцца рэстаўрацыйныя працы. З-за таго, што тэрыторыя палацу агароджаная і ахоўваецца аўчаркамі, мы, на жаль, не змаглі больш падрабязна пазнаёміцца з гэтым выбітным помнікам.
Затым мы накіраваліся ў вёску Воўчын да знакамітага барокавага Траецкага касцёлу, што з 18 ліпеня 1729 года па 1733 год узводзіўся на сродкі Станіслава Панятоўскага. Абсталяваннем і аздабленнем святыні шмат гадоў рупіўся чарговы ўладальнік Воўчына Міхал Чартарыйскі, які напрыканцы XVIII стагоддзя адрамантаваў святыню. Пасля паўстання 1863–1864 гадоў касцёл быў зачынены, а затым перабудаваны пад праваслаўную царкву.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Воўчыне да рэстаўрацыі. Здымак К. Шастоўскага.
У 1918 годзе храм быў вернуты каталікам, якія адрамантавалі святыню, дзе захоўвалася метрыка апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Яго парэшткі патаемна ад грамадскасці былі дастаўленыя ў святыню з Ленінграда ў ліпені 1938-га без выканання неабходнага ў такіх выпадках адпаведнага рытуалу. Вайна прыпыніла рамонт святыні, а пасля вайны Саветы зачынілі храм і перадалі мясцоваму калгасу пад сховішча. Тады воўчынскі ксёндз пакінуў вёску разам з касцельным архівам. У 2007 годзе руіны святыні былі вернуты каталікам — і пачалося адраджэнне храму. Адноўлены знешні выгляд касцёлу, у тым ліку бельведэр з курантамі, вядзецца рэстаўрацыя інтэр’ераў гэтай выбітнай гістарычнай каштоўнасці.

Так зараз выглядае Траецкі касцёл у Воўчыне
Ад усяго пабачанага засталося ўражанне поўнай гармоніі паміж лірычным, адначасна сціплым і тонкім краявідам гэтага самага заходняга куточка Брэстчыны, яго помнікамі дойлідства — жывымі носьбітамі трагічнага і слаўнага мінулага Бацькаўшчыны, а таксама асветленымі духоўнасцю прыгожымі тварамі тых асобаў, якія ашчадна ставяцца да сівой даўніны свайго народу.