Што ёсць 3 ліпеня для народа Беларусі

З кожным годам у нас становіцца ўсё менш і менш не толькі тых, хто са зброяй у руках набліжаў перамогу над Германіяй. Радзеюць шэрагі і тых, хто з-за свайго ўзросту не мог удзельнічаць у баях з ворагам, а толькі ў вялікім страху чакаў той шчаслівай часіны, калі чужынцаў выганяць з роднай зямлі.

Падчас адкрыцця Кургана Славы, 1969 год

Падчас адкрыцця Кургана Славы, 1969 год

Шчаслівы дзень вызвалення

Мне падчас вызвалення ад нацыстаў роднага мястэчка Магільнае, што на Вуздзеншчыне, ішоў ужо 16-ты год. Што гэта за радасць была, добра памятаю і сёння, і не забуду пра яе да канца свайго жыцця. Не забуду таму, што — як і ўсе астатнія людзі — ой як не хацеў паміраць.

Для тых, хто перажыў суровыя выпрабаванні ўсталяванага фашыстамі рэжыму, самым вялікім святам быў і застаецца дзень вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў. Катэгарычна сцвярджаю гэта, зыходзячы не толькі са свайго асабістага жыцця. Добра памятаю радасныя, залітыя слязамі худыя твары магілянскіх жанчын і мужчын, якія ў апошнія дні чэрвеня 1944 года сустракалі конных разведчыкаў-чырвонаармейцаў на адной з вуліц нашага напаўразбуранага нямецкай авіяцыяй мястэчка. А сустракалі не ў ліпені, а ў апошнія дні чэрвеня таму, што, хаця магіляне і знаходзяцца прыкладна на 90 кіламетраў на захад ад Мінска, у ходзе правядзення летняй наступальнай аперацыі «Баграціён», мястэча было вызвалена раней за беларускую сталіцу. Ад гэтага шчаслівага, радаснага дня ў людзей пачалося зусім новае жыццё, цалкам не падобнае на тое, якім яно было месяц-два таму.

Ніхто з майго атачэння, і я, не ведалі, што напярэдадні поўнага вызвалення беларускай зямлі з яе з’ехала на Захад не адна сотня тысяч людзей, бо ў сілу розных прычын супрацоўнічалі з нямецкім акупацыйным рэжымам. А сярод жа іх знаходзілася шмат тых, хто быў вельмі патрэбны ў інтарэсах хутчэйшага залечвання ранаў, прычыненых чужынцамі. Ніхто з нас таксама не здагадваўся, не ведаў, што ўслед за воінамі-вызваліцелямі ў Беларусь накіроўваюцца падраздзяленні савецкіх рэпрэсіўных органаў для ўчынення расправы над многімі з тых, хто не па ўласнай волі апынуўся на службе ў акупантаў. Людзі ад незвычайнай радасці, што нарэшце знікла рэальная пагроза смерці, катаванняў, зусім не хацелі думаць, што некаторых з іх гэта чакае ў недалёкай будучыні.

28-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

28-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


Першыя святкаванні

Насуперак неверагодным матэрыяльным цяжкасцям, святкаванне 3 ліпеня 1945 года — першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — прайшло на належным узроўні, у чым заслуга не толькі ўладаў, але і грамадскасці. Гэта вельмі лёгка зразумець, бо без вызвалення людзей нішто іншае не чакала, як немінучая смерць. І самае страшнае, недарэчнае — што часам па злой волі лёсу беларусы забівалі адзін аднаго.

Знадворнае аблічча Мінска было непадобнае на звычайнае ўжо за колькі дзён да 3 ліпеня 1945 года. Усім разумелася, што горад рыхтуецца па-сур’ёзнаму адзначыць першую гадавіну свайго вызвалення. У невялікай публікацыі «Звязды» ад 3 ліпеня «Святочныя дні» пісалася: «Пасля чатырохгадовага перапынку зноў заіскрыліся электрычныя лямпачкі на Савецкай вуліцы, на вуліцы Карла Маркса, Камсамольскай, Чырвонаармейскай, на плошчы Леніна і ў Цэнтральным скверы, у парку культуры і адпачынку імені Горкага. …Мінск, кожны яго жыхар, як і ўсе працоўныя нашай рэспублікі, адзначае слаўную гадавіну. На плошчах, вуліцах, над дамамі, установамі — усюды палыхаюць тысячы чырвоных сцягоў. Многія дамы ўпрыгожаныя жывымі кветкамі. Усюды плакаты, лозунгі, транспаранты».

З першай гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў яе народ павіншавалі Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, Савет Народных Камісараў БССР, Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а таксама аналагічныя структуры савецкіх і партыйных органаў Украінскай ССР. Савет народных камісараў УССР тады ўзначальваў Мікіта Хрушчоў. Такія ж прывітанні прыйшлі ад савецка-партыйнага кіраўніцтва Кіргізскай, Эстонскай, Латвійскай ССР. Кіраўніцтва Беларуска-Літоўскай ваеннай акругі назвала дзень 3 ліпеня нацыянальным святам беларускага народа. Акрамя яго, слова «нацыянальнае» больш нікім не ўжывалася.

Пісьменнік Ілья Эрэнбург назваў сваё віншаванне з нагоды 3 ліпеня «Будзь благаславена, Беларусь!». Гэтым словам знайшлося месца і ў самім тэксце яго віншавання: «Краіна вялікага гора і вялікай радасці, будзь благаславена, Беларусь! Мы не забудзем перажытага. Мы захаваем памяць (падкрэслена мною. — Л. Л.) як крыніцу натхнення».

Як і планавалася, на самым высокім дзяржаўным узроўні прайшла ў Мінску афіцыйная частка святкаванняў першай гадавіны вызвалення. Адбывалася яна ў будынку Акруговага дома Чырвонай Арміі імя Варашылава. Галоўны даклад таго ўрачыстага пасяджэння, з якім выступіў сакратар Мінскага абкама КПБ(б) Васіль Казлоў, заканчваўся такімі словамі: «Гэты дзень увойдзе ў летапіс беларускага народа самай яркай і радаснай старонкай у яго жыцці. Беларускі народ у стагоддзях праславіць Чырвоную Армію як вызваліцельніцу».

Заставацца 3 ліпеня «самай яркай і радаснай старонкай» у нашай гісторыі дапамагла не толькі ўдзячная памяць народа, але і тыя практычныя захады, што мэтанакіравана рабіліся савецкімі органамі, грамадскімі арганізацыямі па папулярызацыі гэтай гістарычнай даты.

img_0623_copy.jpg

Моцна паўплываў на рост аўтарытэту свята 3 ліпеня насыпаны ў 1967 годзе на 21 кіламетры шашы Мінск — Масква Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, дзе сталі праводзіць разнастайныя прысвечаныя гэтай знамянальнай падзеі мерапрыемствы.

Сапраўдны юбілейны характар мела святкаванне дня вызвалення Беларусі ў ліпені 1969 года: падзеі спаўнялася 25 гадоў. Рэспубліканскія газеты пісалі пра яе на працягу 2–8 ліпеня, забяспечваючы свае пісьмовыя матэрыялы запамінальнымі фотаздымкамі: прэзідыум урачыстага сходу ў Палацы спорту; удзельнікі ўрачыстага сходу ў Палацы спорту вітаюць гасцей і ветэранаў вайны, што прыехалі ў Мінск на святкаванне 25-годдзя вызвалення Беларусі; мітынг працоўных, прысвечаны адкрыццю Кургана Славы. Старонкі газеты «Звязда» ад 5 ліпеня 1969 года былі цалкам аддадзены пад публікацыі, прысвечаныя юбілею.

Чарговы, ужо 50-ты юбілей вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў даводзілася адзначаць у прынцыпова іншай палітычнай сітуацыі, выкліканай распадам СССР, адзначаць ва ўмовах, калі рэзка скарацілася колькасць непасрэдных удзельнікаў аперацыі «Баграціён», а таксама і тых, хто ад вялікай радасці са слязьмі на вачах сустракаў воінаў-вызваліцеляў. Дый эканамічнаму становішчу Рэспублікі Беларусь на час 50-гадовага юбілею не пазайздросціш. І ўсё ж, па добрай традыцыі, свята збольшага атрымалася. Тут нельга не сказаць і аб удзеле ў правядзенні свята самых высокіх уладных структур, нягледзячы на тое, што яны жылі клопатамі аб маючым адбыцца 10 ліпеня другім туры галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На ўрачыстым сходзе ў Палацы спорту прысутнічала больш як сем тысяч былых франтавікоў, падпольшчыкаў і партызанаў. У прэзідыуме ўрачыстага сходу разам са старшынёй Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Мечыславам Грыбам і старшынёй Савета Міністраў Вячаславам Кебічам знаходзілася нямала ўдзельнікаў Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», кіраўнікоў і членаў урадавых дэлегацый Расійскай Федэрацыі на чале са старшынёй яе ўрада Віктарам Чарнамырдзіным, іншых дзяржаў садружнасці, а таксама з Літвы. З асноўным дакладам «Ад вялікай перамогі да стабільнасці!» на гэтым урачыстым сходзе выступіў Вячаслаў Кебіч.

Самыя высокія дзяржаўныя дзеячы ўзялі ўдзел ва ўрачыстым шэсці да Плошчы Перамогі, дзе 3 ліпеня з дакладам выступіў старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб. Найбольш важнымі ў той прамове лічу такія словы: «І што б ні адбывалася, але ў памяці людской назаўсёды застануцца тыя, хто аддаў сілы, здароўе, маладосць вызваленню роднай зямлі».

Але ўжо 3 ліпеня 1995 года ў Мінску святкаванні абмежаваліся галоўным чынам толькі шэсцем не такой ужо вялікай колькасці людзей на Плошчу Перамогі, каб пакланіцца «героям-вызваліцелям — і мёртвым, і жывым». Выдзеленыя ў двукоссі словы ўзятыя з невялічкага, змешчанага ў газеце «Звязда» паведамлення Белінфарма (аўтар Леанід Трацэўскі). Усё, што гэтым разам адбывалася на Плошчы Перамогі, больш нагадвала рытуальныя памінанні, а не штосьці з баявых воінскіх традыцый. Падобнае ў многім паўтарылася 3 ліпеня 1996 года.


Дзень Рэспублікі

І вось праз рэферэндум у лістападзе 1996 года нам штучна, па-валюнтарысцку навязалі «Дзень Рэспублікі», які да гэтага адзначаўся ў краіне цалкам абгрунтавана — паводле прынятага 27 ліпеня 1990 года адпаведнага акту. У выніку такога неабдуманага сімбіёзу Беларусь у 1997 годзе адзначыла 3 ліпеня як свята з дзвюма назвамі: Дзень Незалежнасці і Дзень Рэспублікі, прычым з абавязковым правядзеннем ваеннага парада, чаго не практыкавалася апошнія сем гадоў. На гэты раз слову «Вызваленне» — як базаваму, традыцыйнаму для свята 3 ліпеня, так і не знайшлося месца. Калі не ўсё, дык амаль усё падчас урачыстасцяў звялося да бязмернага ўхвалення падзей, звязаных з прыходам у ліпені 1994 года да ўлады Лукашэнкі, што нібыта забяспечыла Рэспубліцы Беларусь сапраўдны дзяржаўны суверэнітэт, якога ў рэальнасці яшчэ і сёння не бачна.

Ужо пры такім паважлівым стаўленні вертыкалі кіраўніка дзяржавы да 3 ліпеня яно ніяк не магло быць такім бедным на ўрачыстасці, як у 1995, 1996 гадах. У гэты дзень у 1997 годзе было на што паглядзець, было ў чым паўдзельнічаць. Найбольш людзей назірала за ваенным парадам, на што бедная дзяржава не пашкадавала грошай. Што датычыцца прамовы Лукашэнкі на ўрачыстым пасяджэнні 2 ліпеня з досыць разгорнутым загалоўкам: «У Беларусі ёсць усё, каб упэўнена і энергічна рухацца наперад да дабрабыту, да росквіту», яна заняла прыкладна 4/5 газетнай старонкі. А вітаў жа кіраўнік дзяржавы ў гэты дзень людзей не з Днём Вызвалення, а з Днём Незалежнасці, Днём Рэспублікі, не забыўшы, аднак, сказаць нямала добрых слоў і на адрас тых, хто ў ліпені 1944 года выратаваў беларускі народ ад акупантаў.

І ўсё ж не гэта з’яўлялася самым істотным у прамове кіраўніка дзяржавы, у чым пераконваемся з наступных слоў: «Дазвольце шчыра павіншаваць вас з нашым галоўным нацыянальным святам — Днём Незалежнасці».

У той прамове Лукашэнкі нельга не звярнуць увагі на такія словы: «На працягу многіх вякоў нашу зямлю неаднойчы дратавалі боты хцівых чужынцаў, якія ішлі на нас з агнём і мячом. Мангола-татары, крыжакі, немцы, шведы, французы, немцы». А вось пра рускіх — ні слова, хаця менавіта ў баях з імі пралілося мора беларускай крыві, панесена найбольш матэрыяльных страт, пераканаўчым сведчаннем чаму з’яўляюцца бесперапынныя войны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай, у складзе якой знаходзілася і наша краіна ў статусе палітычнага суб’екта. Галоўны ж змест той прамовы зводзіўся да ўсхвалення савецкага мінулага, да слёзнай жальбы аб распадзе СССР і, вядома, да ацэнкі сучаснага жыцця, якое не ўяўлялася без шматбаковай сувязі з Расіяй, асабліва ў сферы эканомікі. Прамоўца неабгрунтавана і не да месца шмат крытыкі выказаў на адрас сваіх апазіцыянераў.

Так, па волі ўлады, а не народа Дзень Незалежнасці ўжо з 1997 года намертва ўвабраў у сябе 3 ліпеня 1944 года — Дзень вызвалення Беларусі.

Вось такім абкарнаным сталася традыцыйнае ў нас свята 3 ліпеня ўжо ў першы год, калі пачалі адзначаць гэты дзень. Яе кіраўнік павіншаваў з днём вызвалення Мінска толькі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а не ўвесь беларускі народ.

Толькі па вядомых для ўлады прычынах надзвычай сціпла правялі афіцыйны Дзень Незалежнасці Беларусі (Дзень Рэспублікі) у 1998 годзе. Віншаванне Лукашэнкі беларускаму народу складалася з 10 невялікіх абзацаў. Цяжка паверыць у такія яго словы: «Нягледзячы на сваю маладосць, яно ўвайшло ў кожны дом, у кожную сям’ю, стала сапраўдным агульнанацыянальным набыткам». І не даюць паверыць гэтаму не погляды аўтара дадзенага артыкула на 3 ліпеня, але тое, як у тыя дні ставіліся да яго іншыя людзі, што перажылі акупацыю і пажадалі выказацца на старонках газеты «Звязда». Так, Аркадзь Гайдук з вёскі Калюжыца Бярэзінскага раёна назваў 3 ліпеня перш за ўсё Днём вызвалення. А вось меркаванне Мікалая Багамаза з Крупак: «Для нас гэта свята ў першую чаргу звязана з Днём вызвалення Мінска... Гэта адно з нашых галоўных святаў, бо падчас вайны загінуў кожны трэці. Галоўнае, быў выратаваны ад гітлераўскага генацыду наш народ. Найперш трэба памятаць менавіта аб гэтым. Таму, лічу, не зусім удала адначасова мы адзначаем яшчэ і Дзень Незалежнасці». Аляксандр Фурман з Пінска (13 гадоў): «У гэты дзень Мінск вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта вялікае свята для ўсіх».

Прыкладна ў такім жа фармаце, як 3 ліпеня 1997 ці 1998 гадоў, адбывалася святкаванне Дня Рэспублікі ва ўсе наступныя гады. Стала модным да слоў «Дзень Рэспублікі» дадаваць словы «Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь». І тут усё зразумела: моцнае жаданне бачыць гэта хоць на паперы, калі такое адсутнічае ў рэальнасці. А вось словы «Дзень вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі» адсутнічаюць. Не збыліся прароцтвы, выказаныя ў ліпені 1945 года на яго адрас Сёмай сесіяй Вярхоўнага Савета БССР, маршаламі Савецкага Саюза, вядомымі палітыкамі, дзеячамі навукі і культуры, самім беларускім народам.

1992_independance_day.jpg


Час вызвалення і Дзень Незалежнасці

Так жыццё склалася, што для нас, беларусаў, слова «вызваленне» і сёння мае надзвычай важнае значэнне. Ці ж гэта, скажам, не актуальна, вызваліцца з-пад руйнавальнага ўздзеяння «Русского мира» на этнакультурную самабытнасць нашай нацыі? Ці ж гэта не час вызваліцца ад нацыянальнага нігілізму, так шырока распаўсюджанага ў выніку ўжо не толькі царскай, бальшавіцкай, але і галоўным чынам уласнай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі? А якая пільная патрэба вызваліцца ад усяго антынацыянальнага, антыбеларускага, што прысутнічае ў дзяржаўнай сістэме адукацыі, у самых прэстыжных пластах культуры! А як наспела неабходнасць хутчэй вызваліцца ад ненасытнага жадання многіх нашых людзей кінуць хворую маці-Беларусь і шукаць разам з дзецьмі, унукамі багатага жыцця ў замежжы! Нам трэба рашуча вызваляцца ад карупцыі ў самых высокіх эшалонах улады, што зараз назіраецца і сярод элітарнай часткі грамадства, ад нечуванай да гэтага часу нацыянальнай пасіўнасці, асабліва з боку дзяржаўнага чыноўніцкага апарату, інтэлігенцыі, уключаючы і творчую.

А вось ад Дня вызвалення, што прыпадае на 3 ліпеня, ніяк нельга вызваляцца, як таго не робяць палякі, штогод адзначаючы 1 жніўня Дзень Варшаўскага паўстання 1944 года. Французы ажно з 14 ліпеня 1789 года адзначаюць як сваё вялікае нацыянальнае свята ўзяцце крэпасці і турмы Бастыліі, не навязваючы гэтаму дню ніякай іншай падзеі. А мы праз 52 гады наклалі сярод белага дня рукі на 3 ліпеня 1944 года, калі ў 1996 годзе яшчэ жыло нямала ўдзельнікаў баёў за вызваленне Беларусі, а яшчэ больш тых, хто ў дзіцячым, юнацкім узросце сустракаў пераможцаў. Сёлета спаўняецца 75 гадоў той гістарычнай падзеі, што з’яўляецца добрай нагодай, каб вярнуцца да традыцый 1945–1996 гадоў і штогод адзначаць 3 ліпеня як Дзень вызвалення беларускага народа ад фашысцкага прыгнёту.

Для свята Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі) неабходна прызначыць тую дату, калі ён афіцыйна быў абвешчана такім. Бяру на сябе смеласць заявіць, што нам яшчэ зусім не карэктна ў любы з каляндарных дзён адзначаць свята Незалежнасці, бо да яго вой як далёка — і не так паводле эканамічных ці палітычных паказнікаў, як па этнакультурных. Краіна не можа быць незалежнай, калі ў яе афіцыйным жыцці пануе чужая мова, хаця яна насуперак логіцы і шматкроць названая кіраўніком краіны роднай. Чужая мова несумяшчальная з дзяржаўным суверэнітэтам, ёсць самая магутная зброя ў барацьбе з нацыянальнай ідэнтычнасцю, этнакультурнай спецыфікай Беларусі. У сучасных варунках няма ніякіх падставаў святкаваць незалежнасць Рэспублікі Беларусь, таму давайце не будзем далей ашукваць саміх сябе, а эпахальны для нас дзень 3 ліпеня адзначаць як дзень вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, як гэта разумна, абгрунтавана практыкавалася да 1996 года нашымі папярэднікамі.

Днём Незалежнасці Беларусі (Днём Рэспублікі) могуць быць, як ужо сказана вышэй, 27 ліпеня, паколькі ў 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР прыняў «Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», або 25 жніўня, бо гэта тая дата, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

А калі глянуць глыбей, у самы корань, дык сучасная Рэспубліка Беларусь так і не выйшла на ўзровень суверэннай дзяржавы і галоўным чынам па віне саміх яе ўладаў. За час існавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання мы не прайшлі сур’ёзнай школы суверэннага развіцця. І гэта амаль за чвэрць стагоддзя! Мы вельмі істотна падрываем свой нацыянальны суверэнітэт, будуючы супольна з Расіяй Саюзную дзяржаву, у якой пры яе канчатковым сканструяванні Беларусь будзе выступаць у ролі пігмея. Працэс стварэння Саюзнай дзяржавы яшчэ не завершаны (і няхай такое ніколі не збудзецца!), а мы ўжо ў яе інтарэсах выкінулі за борт родную беларускую мову і ўсе сферы афіцыйнага жыцця, як і ў Расіі абслугоўваем рускай мовай, што адпаведным чынам (зразумела: самым горшым) паўплывала і на беларускую мову як на сродак камунікатыўных зносін паміж людзьмі. Яна практычна і тут адсутнічае. Сучасныя беларусы — гэта нішто іншае, як рускамоўнае насельніцтва. Рускімі іх нельга назваць, бо для гэтага аднаго моўнага фактару недастаткова.

Суверэнная, як мы ўжо даўно неапраўдана звыкліся з гэтым словам, Рэспубліка Беларусь яшчэ ніколі не знаходзілася ў такой страшэннай, глабальнай культурна-моўнай залежнасці ад Расіі, як сёння! Таму смеху вартыя ўсе гэтыя вайсковыя парады, рознага роду культурныя, ідэалагічныя мерапрыемствы, што ладзяцца ўладамі 3 ліпеня ў гонар Дня Незалежнасці (Дня Рэспублікі), выдаючы жаданае за сапраўднае. І самае страшнае, недарэчнае, што дзеля гэтай уяўнай незалежнасці палітыкі пайшлі на ахвяраванне рэальнай датай вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў — 3 ліпеня.

Многія могуць здзівіцца, не пагадзіцца са мною, што ў большасці палітыкаў, ідэолагаў Расіі погляд на разгляданую тут дату больш справядлівы, аб’ектыўны, чым у іх беларускіх калег. Для першых 3 ліпеня — гэта Дзень вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў — і баста! Спашлемся на словы з леташняй прывітальнай тэлеграмы Уладзіміра Пуціна на адрас Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа: «3 июля — знаменательная дата в истории Беларуси. Освобождение Минска от немецко-фашистских захватчиков стало одной из важнейших побед, которые одержали наши отцы и деды в годы Великой Отечественной войны. Завещанные ими братская дружба и взаимопомощь и сегодня служат надежной основой развития российско-белорусских связей». Пра Дзень жа незалежнасці — ні слова!

3_lipenja_2017_h.jpg

У палітычных колах Расіі Беларусь па-сур’ёзнаму не ўспрымаецца як незалежная, суверэнная дзяржава. Для гэтага ёй трэба быць у разы больш моцнай у эканамічным вымярэнні і ажыццявіць буйнамаштабныя пераўтварэнні ў духоўнай сферы, вывеўшы яе з чужога рускага ва ўласна беларускае культурна-моўнае рэчышча. У гэтай архіважнай нацыястваральнай сферы ў нас проста татальная залежнасць ад Расіі, што не дае палітычнаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь аніякіх падстаў на поўным сур’ёзе гаварыць пра нацыянальны суверэнітэт, тым больш, паўтару яшчэ раз, ла­дзіць з такой нагоды вайсковыя парады. Гэта ніколькі не робіць краіну незалежнай.

3_lipenja_2017.jpg


Такой яна можа стаць толькі тады, калі будзе мець у корані адрозную ад Расіі культурна-моўную прастору, адметныя ад свайго ўсходняга суседа нацыястваральную дзяржаўную палітыку, нацыянальнае аблічча базавага, тытульнага народа краіны. Усё, што свядома рабіла і робіць вертыкаль кіраўніка дзяржавы па сціранні культурна-моўных адрозненняў паміж беларускім і рускім народамі на карысць апошняга — гэта не проста памылка, а паводле ўсіх сваіх параметраў сапраўдная нацыянальная здрада, паколькі ў такой сітуацыі нельга забяспечыць краіне фактычную дзяржаўную незалежнасць. Калі ж рэальнасцю стане супольная з Расіяй Саюзная дзяржава, Беларусі са сваім татальна зрусіфікаваным тытульным народам нязначна лепш будзе жыць, чым выкінутай з вады на бераг рыбе.