У Мінску пройдзе рэтраспектыва французскага кіно сярэдзіны мінулага стагоддзя
Пасольства Францыі ў Беларусі сумесна з праектам Cinemascope арганізуе рэтраспектыву французскага кіно 1930—1960-х гадоў з 17 верасня па 4 кастрычніка ў сталічным кінатэатры "Ракета".
Праграма атрымала назву "Вялікія ілюзіі: класіка французскага кіно ад Віго да Гадара" і прэзентуе гледачам 13 класічных карцін, якія зведалі глыбокую лічбавую рэстаўрацыю, паведамілі ў прэс-службе пасольства.
"Праз гады пасля выхаду на экраны многія класічныя фільмы французскага кіно па-ранейшаму застаюцца наватарскімі, перажываючы сёння новы віток цікавасці да сябе, пра што сведчаць спецыяльныя
паказы рэстаўраванай кінакласікі, якія карыстаюцца вялікім поспехам, у прыватнасці на Канскім фестывалі ці фестывалі імя братоў Люмьер у Ліёне", — гаворыцца ў
паведамленні.
"Праграма "Вялікія ілюзіі: класіка французскага кіно ад Віго да Гадара" ўяўляе сабою выбарку знакавых французскіх карцін за 30-гадовы перыяд. Яна прапануе вандраванне па
гісторыі кіно, яго жанрах і эпохах — ад фантастыкі да музычнай камедыі, ад жахаў вайны да вальнадумства новай хвалі — і аддае належнае вялікім рэжысёрам, а таксама легендарным
акцёрам", — адзначылі ў пасольстве.
17 верасня мінчане змогуць убачыць карціны "Наконт Ніцы" (1930) і "Нуль за паводзіны" (1933) Жана Віго, 18 верасня — "Вялікая ілюзія" (1937)
Жана Рэнуара, 19 верасня — "Дзеці райка" (1943) Марселя Карне, 20 верасня — "Жуль і Джым" (1961) Франсуа Труфо.
Фільм "Пепе ле Мако" (1936) Жульена Дзювівье сталічныя кінаманы ўбачаць 24 верасня, "Святочны дзень" (1947) Жака Таці — 25 верасня, "Кішэннік"
(1959) Рабера Брэсона — 26 верасня, "Шэрбурскія парасоны" (1961) Жака Дэмі — 27 верасня.
У першыя чатыры дні кастрычніка мінчанам пакажуць фільмы "Залатая каска" (1951) Жака Бекера, "Мадам дэ…" (1953) Макса Афюльса, "Вочы без
твару" (1959) Жоржа Франжу і "Шалёны П'еро" (1965) Жана-Люка Гадара.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН