Беларус выйграў 7 мільёнаў долараў на покерным турніры ў Лас-Вегасе
На покерным турніры WPT Big One for One Drop, што адбыўся ў снежні ў Лас-Вегасе, найлепшым гульцом стаў беларус Мікіта Бадзякоўскі.
Як паведамляе Myfin.by, наш суайчыннік аказаўся лепшым за 16 супернікаў: яго агульны выйгрыш склаў 7 114 500 долараў. Перамога таксама дазволіла яму падняцца на 20-ы радок рэйтынгу GPI (Global Poker Index), у якім ацэньваюцца больш за 450 тысяч гульцоў у жывых покерных турнірах па ўсім свеце.
«Я адчуваю сябе выдатна... сам турнір — гэта самы вялікі тытул у маім жыцці. Мне проста пашанцавала ў пары буйных кулераў (сітуацыя чыстага шанцавання, пры якой гулец атрымлівае пры раздачы моцныя карты і з прычыны гэтага забірае банк — заўв. Myfin.by). Так бывае, аднаму з бакоў павінна пашанцаваць, і сёння гэта быў я», — заявіў Бадзякоўскі.
Турнір быў арганізаваны ў падтрымку місіі Фонду One Drop Foundation па забеспячэнні ўстойлівага доступу да бяспечнай вады, санітарыі і гігіены. Першапачатковы ўзнос для ўдзелу складаў $1 млн, а яго агульны прызавы фонд дасягаў $15, 81 млн.
Акрамя Бадзякоўскага, грошы атрымалі гульцы, якія занялі 2-е, 3-е і 4-е месцы — па $4,66 млн, $2,8 млн і $ 1,22 млн адпаведна.
Варта адзначыць, што 31-гадовы Мікіта Бадзякоўскі з'яўляецца даволі вядомым і паспяховым прафесійным гульцом у покер і ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах ужо на працягу 15 гадоў. Паводле профільных рэсурсаў, да цяперашняй перамогі ён зарабіў агулам больш за $43 млн толькі ў афлайн-турнірах. У гэтым годзе яго заробак склаў больш за $12,5 млн.
Нагадаем, у лютым яшчэ адзін беларус Аляксандр Шылко стаў пераможцам покернага турніру PokerStars Players Championship 2023, які праходзіў на Багамах — яго выйгрыш склаў больш за $3,1 млн.