І яны выратуюць беларускі спорт?

Сёння ўсе «спартсмены» на сваіх месцах.

sport_10.jpg

Як кажуць, бясконца можна глядзець на тры рэчы: агонь, што гарыць, ваду, што цурчыць, і на тое, як працуе іншы чалавек, піша “Народная Воля”. А яшчэ бясконца можна назіраць за кадравымі прызначэннямі ў беларускім спорце. Шчыра кажу: эмоцыі неперадавальныя, інтрыга забяспечана!

Зусім нядаўна новым старшынёй Федэрацыі хакея стаў алімпійскі чэмпіён па веславанні, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Багдановіч. У той жа час на пасаду кіраўніка Федэрацыі веславання быў пераабраны бізнесмен Аляксандр Машэнскі.

Федэрацыю тэніса ўзначаліў вядомы беларускі гандбаліст Сяргей Рутэнка, які ў свой час пагуляў за іспанскую «Барселону» і быў адным з самых высокааплатных гульцоў у свеце. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Сяргей заняўся ў Магілёўскай вобласці бізнесам, паспрабаваў сябе на пасадзе намесніка старшыні Федэрацыі гандбола, але ўрэшце пайшоў «падымаць тэніс».

Каля тыдня таму новым кіраўніком Беларускай федэрацыі шахмат стаў начальнік аддзела кадраў «Белавія» Сяргей Сычук. Вядома таксама, што раней ён працаваў у 2-м аддзеле ўпраўлення Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Гэты «шахматны спецыяліст» змяніў на пасадзе віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі шахмат Анастасію Сарокіну, якая пасля выбараў мінулага года выказалася супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

На гэтым тыдні мы пачулі пра чарговыя кадравыя прызначэнні ў спартыўных федэрацыях.

Беларускі цяжкаатлетычны саюз узначаліў начальнік Віцебскай мытні Павел Лабачоў, які, паводле інфармацыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта, «з’яўляецца сынам заслужанага трэнера СССР па цяжкай атлетыцы Анатоля Лабачова».

А новым кіраўніком Беларускай федэрацыі каратэ абраны намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў. Паведамляецца, што «раней ён прафесійна займаўся каратэ».

Калі хто не ведае, то міністр спорту Сяргей Кавальчук раней працаваў у Службе бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.

Так што сёння ўсе «спартсмены» на сваіх месцах. За новымі перамогамі, таварышы!