Дасье ў карыкатурах. Байкот пекінскай Алімпіяды

Шэраг краін абвясцілі дыпламатычны байкот зімовай Алімпіядзе ў Пекіне. Гэта адразу знайшло адлюстраванне ў творах шматлікіх карыкатурыстаў.

Сярод спецыялістаў па гісторыі спорту модна казаць, што апошняя нармальная алімпіяда мела месца ў 1952 годзе ў Хельсінкі. Нармальная — у тым сэнсе, што ні Масква, ні Вашынгтон, ні Пекін на той час яшчэ не разглядалі спорт як інструмент для прасоўвання сваіх геапалітычных інтарэсаў. Менавіта пасля Хельсінкі спорт імкліва палітызаваўся.

Адной з формаў палітызацыі стала практыка байкоту алімпіядаў. Напэўна, самыя славутыя такога кшталту байкоты мелі месца ў 1980-я. Спачатку Захад байкатаваў маскоўскую Алімпіяду-80. Праз чатыры гады спартоўцы краін сацыялістычнага лагеру адмовіліся ад візіту ў Лос-Анджэлес, які тады прымаў Гульні. Прыроду спартовых байкотаў яшчэ тады арыгінальна выявіў адзін з канадскіх мастакоў.  


Нягледзячы на спрэчны КПД папярэдніх байкотаў алімпійскіх гульняў, вера ў іх эфект не знікла. Напярэдадні зімовых Гульняў у Пекіне (яны стартуюць 4 лютага 2022 года) тэма байкоту зноў набыла актуальнасць. Адмову ад удзелу ў Гульнях разглядаюць як форму дэманстрацыі пратэсту супраць парушэння праў чалавека ў Паднябеснай.

Увогуле ідэя байкатаваць буйныя спартовыя мерапрыемствы ў КНР нарадзілася не зараз. Яшчэ напярэдадні летніх Гульняў 2008-га, якія прымаў Пекін, некаторыя праваабаронцы крытыкавалі ўдзел у іх спартовых дэлегацый дэмакратычных краін. Публікаваліся і адпаведныя тэматычныя карыкатуры.


Цяпер назіраецца нейкая дэжа-вю. У інтэрнэце лёгка знайсці шмат графікі на тэму неабходнасці байкоту.


Цяжка сказаць — як бы на Захадзе рэагавалі на такія заклікі ў іншы час? Аднак паколькі цяпер камуністычны Кітай разглядаюць як галоўны выклік Захаду ў гэтым стагоддзі, ідэя «ігнору алімпіяды» была пачутая. Спачатку Штаты, а пасля Вялікабрытанія, Аўстралія і Канада абвясцілі байкот. Праўда, на гэты раз байкатаваць Гульні будуць выключна дыпламаты і афіцыйныя асобы. Лічыцца, што такая акцыя будзе вельмі эфектыўнай і рэзананснай, пра што сведчаць адпаведныя карыкатуры.  

У сваю чаргу, кітайскія ўлады кажуць, што яны ні дыпламатаў, ні палітыкаў не запрашалі. Больш таго, мастакі афіцыйных медыя КНР заклікаюць літаральна гнаць такую публіку з стадыёнаў.


Дзіўная, палавінчатая пазіцыя заходніх урадаў хутчэй сведчыць пра негатоўнасць ісці на прамую дэманстратыўную канфрантацыю з КНР. І падставы для гэтага відавочныя. Гутарка пра крытычную залежнасць ад кітайскага імпарту, што цудоўна адлюстраваў адзін з брытанскіх мастакоў. На яго малюнку аўтару плакатаў за байкот Алімпіяды нагадваюць, што аловак, якім ён малюе, «Made in Сhina».

Але ж нельга выключаць, што «дыпламатычным байкотам» справа не абмяжуецца. Да старту гульняў яшчэ хапае часу. І за гэты перыяд можа адбыцца ўсё, што заўгодна.
  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: