На «Беларусьфільме» прайшоў адбор найлепшага сцэнарыя для першага мастацкага фільма пра беларускі спорт
Заўжды ёсць верагоднасць, што на выхадзе атрымаецца фільм пра вайну і партызанаў.
Аўтар сюжэту на прапагандысцкім канале ў шэрагу патэнцыйных герояў пералічыў Вольгу Корбут, Аляксандра Мядзведзя, Віталя Шчэрбу, Дар'ю Домрачаву і іншых зорных спартоўцаў, але далей стала зразумела, што самой інтрыгі як такой не было.
Цэнтральнай фігурай будучага мастацкага фільма стане лідар атак мінскага «Дынама» ў чэмпіёнскім сезоне 1982 года Аляксандр Пракапенка. Народны футбаліст і яго няпросты лёс.
Ён першым з залатога складу «Дынама» пайшоў з жыцця, пакінуўшы пасля сябе фенаменальную любоў заўзятараў.
10 заявак былі прадстаўлены ў фінальным туры. Сярод журы былі як прафесійныя кінематаграфісты, так і спартыўныя журналісты, і, вядома, асобы са свету футбола. Брамнік залатога сезона Міхаіл Вяргеенка і сын Аляксандра Пракапенкі Дзмітрый.
Сінапсісы ўдзельнікі фінальнага тура прадставілі розныя — дзесьці акцэнт на галоўных спартовых падзеях у біяграфіі Пракапенкі, дзесьці гаварылася аб асабістай гісторыі футбаліста, а хтосьці хацеў выказацца аб унутранай супярэчнасці героя. Гэта і байопікі, і спартовыя драмы, і іншыя жанры.