Гулец «Дынама» паказаў дзіўны жэст, схапіўшыся за «прычындалы». Што адбываецца ў футбольным чэмпіянаце

Да фінішу чэмпіяната Беларусі па футболе застаецца ўсяго два туры плюс некалькі прапушчаных матчаў. Карціна ўверсе турнірнай табліцы закручаная, але найбольшыя шанцы на чарговае золата мае салігорскі «Шахцёр». 28 тур фінішаваў сёння. Бадай, найбольш яскравай падзеяй сталі паводзіны капітана мінскага «Дынама Арцёма Быкава.

20221029164634.jpg

Забіўшы ў Маладзечне гол у вароты «Іслачы», Быкаў падбег да телекамеры і ў прамым эфіры прадэманстраваў дзіўны жэст, ухапіўшыся за тое месца, якое называюць прычынным. Выглядае, хлопец хацеў паказаць, які ён круты, але ніхто гэтага не ацаніў. Суддзя паказаў гульцу жоўтую картку, а ў сеціве і сацсетках учынак футбаліста кпліва раскрытыкавалі. Да таго ж і «Дынама» — клуб, якія негалосна курыруе міністр спорта Сяргей Кавальчук — здабыць перамогу не здолеў. Нічыя 2:2.

Зрэшты, страцілі ачкі і іншыя прэтэндэнты на медалі. Мінскі «Энергетык» саступіў барысаўскаму БАТЭ з лікам 0:2, а «Шахцёр» не змог перамагчы сціплую мазырскую «Славію» — 1:1.

У выніку на першым месцы засталіся салігорцы — у іх 56 ачкоў, далей крочыць «Энергетык» — 54 і БАТЭ — 53 (барысаўчане правялі на адну гульню больш».

Мінскае «Дынама», якое летась натхняў на чэмпіёнства Лукашэнка, з 53 ачкамі ідзе чацвёртым — за межамі прызавой тройкі.

Ужо вядомы адзін клуб, які па выніках сезона вылеціць з вышэйшай лігі. Гэта магілёўскі «Днепр», які заўчасна страціў шанцы падняцца з апошняга месца.