5 чэрвеня па Кіеву зноў нанеслі ракетныя ўдары
Загінулых няма, адзін чалавек шпіталізаваны, паведаміў мэр горада Віталь Клічко.

Дым ад ракет над Кіевам
Раніцай 5 чэрвеня ў Кіеве прагрымела некалькі выбухаў. Ракетныя ўдары былі нанесены па Дарніцкім і Дняпроўскім раёнах.
Загінулых няма, адзін чалавек шпіталізаваны, паведаміў мэр горада Віталь Клічко.
Ракеты патрапілі ў аб'екты інфраструктуры. Відавочцы паведамлялі аб пажарах.
Удары наносіліся па аб'ектах «Укрзалізніцы», паведаміў член наглядальнай рады чыгуначнай кампаніі Сяргей Лешчанка.
Мэр Бровараў — гарады ў 25 км ад Кіева — Ігар Сапожка напісаў, што абстрэл адбыўся ў непасрэднай блізкасці ад населенага пункта.
У «Энергаатаме» заявілі, што адна з ракет, якую, як мяркуецца, выпусцілі ў бок Кіева, праляцела на крытычна нізкай вышыні над Паўднёва-Украінскай атамнай электрастанцыяй. У кампаніі заявілі, што «расіяне да гэтага часу не разумеюць, што нават найменшы абломак ракеты, які трапіць у працуючы энергаблок, можа выклікаць ядзерную катастрофу і ўцечку радыяцыі».
Апошні раз Кіеў абстрэльвалі 29 красавіка. Тады загінуў адзін чалавек — журналістка Вера Гірыч, 10 чалавек пацярпелі.