Кіраўнік «Укрзалізніцы»: на абстраляным вагонарамонтным заводзе ў Кіеве не было танкаў

Кіраўнік «Укрзалізніцы» (украінскіх чыгунак) Аляксандр Камышын адпрэчыў сцвярджэнні расійскага мінабароны, што ракетныя ўдары па Кіеве знішчылі бронетэхніку, пастаўленую Еўропай. Ён запрасіў журналістаў наведаць завод.

6316dfe1c51bc2a24254e40845e74630_wide_big.jpg

«Сёння раніцай расійскія войскі ў чарговы раз абстралялі чыгуначную інфраструктуру. Чатыры ракеты ўдарылі па Дарніцкім вагонарамонтным заводзе, размешчаным на левым беразе Кіева. У прынцыпе, для нас гэта ўжо стандартны пачатак дня. Яны б'юць па чыгунцы кожны дзень, мы аператыўна рамантуемся і едзем далей. Сярод чыгуначнікаў быў адзін паранены, яму была аказана медыцынская дапамога», — напісаў Камышын у сваім тэлеграм-канале.
«Афіцыйна заяўляю, што на тэрыторыі ДВРЗ няма ваеннай тэхнікі. Гэты завод рамантаваў паўвагоны і збожжавозы, якія выкарыстоўваюцца для вывазу экспартнай прадукцыі», — заявіў ён.
Раней афіцыйны прадстаўнік мінабароны Расіі Ігар Канашэнкаў заявіў, што мэтай удару па Кіеве была ўкраінская бронетэхніка, якая, паводле яго слоў, была размешчана «ў карпусах вагонарамонтнага прадпрыемства» на ўскраіне Кіева.
«ВКС Расіі высокадакладнымі ракетамі паветранага базавання вялікай далёкасці на ўскраіне Кіева знішчаны пастаўленыя ўсходнееўрапейскімі краінамі танкі Т-72 і іншая бронетэхніка», — заявіў Канашэнкаў.