Ва Украіне збіраюць подпісы за выдачу грамадзянства замежным добраахвотнікам

Беларусы таксама ў іх ліку.

53512414_303.jpg

Ва Украіне збіраюць подпісы за выдачу грамадзянства замежным добраахвотнікам, у тым ліку - беларусам.
На сайце прэзідэнта Украіны стварылі петыцыю з патрабаваннем даваць замежным добраахвотнікам, якія «абараняюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны», грамадзянства. Або - іншы прававы статус, які гарантуе ім і іх сем'ям сацыяльную і прававую абарону, як і ўкраінскім грамадзянам.
Згодна з дзейным законам Украіны, людзям, якія добраахвотна пайшлі абараняць краіну ў вайне, грамадзянства не даюць. Гэта значыць, калі добраахвотнік атрымае калецтва, трапіць у палон ці загіне, ён і яго сям'я не атрымаюць належнай сацыяльнай і прававой абароны.
Асобна звяртае на сябе ўвагу сітуацыя з беларускімі добраахвотнікамі. З пачатку вайны для абароны Украіны прыбыла больш за 2000 беларусаў. І зараз яны — найбольш неабароненая група грамадзян у гэтай вайне. Калі грамадзянін Беларусі трапіць у палон войскаў РФ, ён будзе адпраўлены ў Беларусь, бо абмен палоннага робіцца з дзяржавай, грамадзянінам якой ён з'яўляецца.
У Беларусі ж палоннага могуць прыгаварыць да пажыццёвага пазбаўлення волі. У горшым выпадку — да смяротнага пакарання.
Падпісаць петыцыю могуць як грамадзяне Украіны, так і замежнікі, у якіх ёсць электронны лічбавы подпіс (ЭЛП), ІНАУ і карта ва ўкраінскім банку.
На дадзены момант ужо сабрана 4560 з 25 000 неабходных подпісаў.