Абвастрэнне на Блізкім Усходзе. Нетаньяху: «Той, хто б'е па нас — мы б'ем па ім»
Ізраіль заявіў пра нанясенне серыі прэвентыўных удараў па аб’ектах радыкальнай групоўкі «Хізбала» на тэрыторыі Лівану. «Хізбала» у сваю чаргу ўчыніла масаваную атаку тэрыторыі Ізраіля ў якасці «акцыі адплаты» за забойства высокапастаўленага палявога камандзіра Фуада Шукры.
25 жніўня прэм’ер-міністр Ізраілю Беньямін Нетаньяху на паседжанні ваенна-палітычнага кабінету заявіў, што рана раніцай стала вядома, што групоўка «Хізбала» рыхтуецца атакаваць Ізраіль. У звязку з гэтым ЦАХАЛу быў адданы загад «дзейнічаць прэвентыўна», піша «Белсат».
«З таго часу Армія абароны Ізраілю дзейнічае, каб прадухіліць пагрозу. Армія знішчыла тысячы ракет, накіраваных на поўнач краіны, прадухіляе многія іншыя пагрозы і дзейнічае з вялікай сілай — як у абароне, так і ў нападзе», — заявіў прэм’ер.
Паведамляецца, што ЦАХАЛ нанёс дзясяткі авіяўдараў па тэрыторыі Лівану, у якіх удзельнічалі больш за сотню знішчальнікаў.
«Хізбала» ў сваю чаргу ўчыніла масаваны ракетны абстрэл тэрыторыі Ізраілю. Групоўка заявіла, што атакавала 11 вайсковых баз на поўначы Ізраілю, выпусціла звыш за 320 ракетаў і беспілотнікаў. Аднак, паводле медыяў, першапачаткова планавалася запусціць звыш за 6000 ракетаў і БПЛА. «Хізбала» пазіцыйнуе сваю атаку як «акцыю адплаты» за гібель высокапастаўленага палявога камандзіра Фуада Шукры, які быў забіты ў выніку ізраільскага авіяўдару ў канцы ліпеня.
«The Times of Israel» са спасылкай на ЦАХАЛ паведамляе, што «Хізбала» раніцай запусціла каля 210 ракет і 20 беспілотнікаў. Частка з іх перахоплена, частка — не. Ёсць разбурэнні і пацярпелыя. Пры гэтым шмат ракетаў упалі на адкрытай мясцовасці.
Пра наступствы ўдараў вядома мала. Медыі пішуць, што ў ізраільскім горадзе Акко жанчына атрымала аскепкавае раненне, а ў ліванскім горадзе Хіам адзін чалавек загінуў.
Выданне «The Jerusalem Post» піша, што на дадзеным этапе няма ніякіх прыкметаў таго, што ЦАХАЛ распачне сухапутнае ўварванне ў паўднёвы Ліван, да чаго шмат хто ў Ізраілі апошнім часам заклікаў. Аднак ізраільскія вайскоўцы гатовыя да любых сцэнароў. Таксама пакуль незразумела, што, ці рыхтуе «Хізбула» новыя атакі, і наколькі зменшыў іх патэнцыял ізраільскі прэвентыўны ўдар.
«ЦАХАЛ і «Хізбала» ўступілі ў новую, значна больш небяспечную фазу канфлікту», — канстатуе выданне.
Паводле «The Washington Post», кіраўнік МЗС Ізраілю Ісраэль Кац заклікаў міжнародных партнёраў падтрымаць дзеянні Ізраілю і падкрэсліў, што краіна «не імкнецца да поўнамаштабнай вайны і будзе дзейнічаць у адпаведнасці з развіццём падзеяў на месцах». Міністр абароны ЗША Ллойд Осцін падчас тэлефоннай размовы з міністрам абароны Ізраілю Ёаў Галантам пацвердзіў «непарушную прыхільнасць» Злучаных Штатаў абароне Ізраіля ад любых нападаў з боку Ірана і яго рэгіянальных саюзнікаў.
У Ізраілі абвешчана асаблівае становішча тылу тэрмінам на 48 гадзінаў. На поўначы Ізраілю ўвялі шэраг абмежаванняў для мірных жыхароў. Улады забаранілі, каб на вуліцах адначасова збіраліся больш за 30 чалавек, а ў памяшканнях - больш за 300. Навучальным установам і кампаніям дазволілі працу толькі ў выпадку, калі побач ёсць прытулак. Улады закрылі пляжы на мяжы з Ліванам. Падчас нападу «Хізбалы» міжнародны аэрапорт Бэн-Гурыён у Тэль-Авіве часова прыпыняў працу; у 7 раніцы ён пачаў прымаць рэйсы.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаніягу заявіў, што Ізраіль поўны рашучасці абараняць сябе. «Мы поўныя рашучасці зрабіць усё магчымае, каб абараніць нашу краіну і бяспечна вярнуць жыхароў поўначы ў свае дамы, і працягваем прытрымлівацца простага правіла: той, хто б'е па нас — мы б'ем па ім», — сказаў ён.