Адбылася тэлефонная размова Пуціна і Байдэна

Увечары ў чацвер, 30 снежня, прайшлі тэлефонныя перамовы прэзідэнтаў Расіі і ЗША Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна, піша «Свабода».

gazeta.ru

gazeta.ru

Джо Байдэн падчас размовы знаходзіўся ў сваім доме ў штаце Дэлавэр.
Перамовы працягваліся 50 хвілін. Пра іх змест адразу пасля завяршэння размовы каментароў не было.
Размову напярэдадні сустрэчы Расіі з ЗША і НАТА па пытаннях бяспекі ініцыявала Масква. Паводле слоў прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, падчас званка бакі павінны былі ўдакладніць свае пазыцыі перад важнымі перамовамі. Пяскоў адзначыў, што гэта звычайная тэлефонная размова без публічнай часткі.
Гэта ўжо другая размова Пуціна і Байдэна ў снежні — пасля перамоў па відэасувязі.
Незадоўга да званка прэзідэнтаў прадстаўніца Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Эмілі Хорн адзначыла, што, на думку Байдэна, замены прамому дыялогу паміж двума лідарамі няма. Пры гэтым Хорн падкрэсліла, што Белы дом кансультуецца з партнёрамі ў ЕС для выпрацоўкі адзінага падыходу ў адказ на нарошчванне ваеннай моцы Расіі на мяжы з Украінай.
Увосень СМІ са спасылкай на даныя выведкі паведамілі аб канцэнтрацыі расійскіх войскаў на мяжы з Украінай. ЗША і краіны Захаду выказалі здагадку, што Масква рыхтуе ваеннае ўварванне. Крэмль гэтыя заявы аспрэчыў і запатрабаваў ад ЗША і НАТА гарантый бяспекі — у прыватнасці, не пашыраць НАТА на ўсход і не ўключаць у ваенны саюз новых членаў з ліку былых савецкіх рэспублік.
Разам з тым, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны паведаміў, што Кіеў пакуль не бачыць пагрозы з боку Расіі. Паводле слоў Аляксея Данілава, Масква не можа пачаць паўнавартаснае ўварванне фізічна.
Перамовы Расіі, ЗША і НАТА аб гарантыях бяспекі запланаваныя на студзень 2022 года.