Эстонія плануе паставіць Украіне супрацьтанкавую зброю і гаўбіцы

Міністэрства абароны Эстоніі плануе паставіць Украіне супрацьтанкавыя ракеты «Javelin», а таксама 122-мм гаўбіцы.

estonija_ukraina.jpg

«Мы падтрымлівалі навучанне ўкраінскіх сапёраў, спецназаўцаў, ваенных медыкаў, артылерыстаў і абменьваліся інфармацыяй з 2014 года. Цяпер, калі расійскія войскі зноў засяроджваюцца каля межаў Украіны, Эстонія плануе значна павялічыць сваю падтрымку. Міністэрства абароны прыняло прынцыповае рашэнне падтрымаць Украіну ўзбраеннямі і боепрыпасамі», — паведаміў у чацвер парталу тэлерадыёвяшчання ERR начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Петэр Куймет.
Ён адзначыў, што перад прыняццем канчатковага рашэння неабходна атрымаць згоду ад ЗША як краіны-вытворцы супрацьтанкавай зброі, а таксама ад былых уладальнікаў гаўбіц Фінляндыі і Германіі.
У свой час Эстонія закупіла і атрымала ў якасці падтрымкі ракеты «Javelin» з ЗША. Кошт адной ракеты вагаецца ад 75 000 да 130 000 еўра — у залежнасці ад кантракта і канкрэтнага тыпу ракеты. Эстонія плануе паставіць Украіне некалькі дзясяткаў такіх ракет.
Эстонія закупіла раней у Фінляндыі 42 гаўбіцы і боепрыпасы да іх у 2009 годзе і заплаціла за іх 31 мільён крон. Колькі гармат яна гатовая перадаць Украіне, не паведамляецца. У самой Украіны стаяць на ўзбраенні каля 150 такіх гармат.
Акрамя адпраўкі зброі і боепрыпасаў, Эстонія таксама плануе павялічыць так званую «мяккую дапамогу», у тым ліку рыхтуе да адпраўкі перасоўны комплекс палявога шпіталя, навучыць працы на ім украінскіх ваенных медыкаў.
interfax.by