Акцыя на беларуска-польскай мяжы з патрабаваннем увядзення санкцый (фотарэпартаж)
Беларусы, якія па палітычных матывах былі вымушаныя пакінуць радзіму, па закліку Народнага Антыкрызіснага Кіравання (НАК) другія суткі запар ладзяць акцыю на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю на пункце пропуску Баброўнікі-Бераставіца. Прымае ўдзел у акцыі і кіраўнік НАК Павел Латушка.
Мэта акцыі, па словах НАК, – «заклікаць Еўрапейскі Саюз хутчэй увесці рашучыя і эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Таксама патрабаванне адкрыцця наземных межаў для грамадзян Беларусі нелегітымнай беларускай уладай».
Першыя тры дні на мяжы плануецца правядзенне мітынгаў, на якіх будуць распавядаць пра сітуацыю ў Беларусі. Калі за гэты час не будуць прынятыя абяцаныя Еўропай маштабныя санкцыі, то пікетоўцы абяцаюць заблакаваць дарогу да пункта пропуску Баброўнікі-Бераставіца.
Некалькі сотняў пікетоўцаў разбілі на памежжы намётавы лагер, у якім цяпер знаходзяцца кругласутачна (уначы, зразумела, людзей менш). Яны размаўляюць з дальнабойшчыкамі і іншымі кіроўцамі, раздаюць ім лістоўкі і флаеры, тлумачаць свае мэты. Акцыя ладзіцца ад 9-й раніцы да 19-й. Увечары беларусы збіраюцца ля вогнішча, граюць на музычных інструментах (нават на цымбалах), спяваюць пратэсныя і народныя песні («Муры», «Купалінка» ды іншыя). А сёння ўначы лагер нечакана наведаў Павел Латушка, які прысутнічае на акцыях і ўдзень. Надвор’е ў гэтыя дні стаіць па-летняму гарачае, і Павел Латушка ўласна частуе пратэстоўцаўмарозівам, ратуючы ад спякоты.
З большага дальнабойшчыкі станоўча і з разуменнем ставяцца да акцыі, некаторыя кіроўцы фур ноччу нават ахвяравалі лагеру шмат пітной вады. Хаця зрэдку трапляюцца і з агрэсіўнай рэакцыяй. Польская паліцыя іпамежнікі паводзяць у дачыненні да пратэстоўцаў сябе ветліва і чым могуць, дапамагаюць. Ежу ў лагер падвозяць валанцёры, атрымалася наладзіць сувязь з валанцёрамі ў Беластоку, якія могуць падвезці людзей і ўсё неабходнае.