Заўтра беларусы Польшчы пачнуць блакаваць дарогу да беларускай мяжы
З суботы, 5 чэрвеня, па ініцыятыве Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў Польшчы і Літве праходзяць намётавыя мітынгі на межах з Беларуссю. Дэманстранты патрабуюць ад Еўрасаюза паскорыць увядзенне магутных і маштабных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а ад беларускай нелегітымнай улады — вярнуць грамадзянам магчымасць наземнага выезду з краіны, вызваліць палітвязняў і правесці новыя, сумленныя выбары.
Акцыя на польскай мяжы праходзіць на пункце пропуску «Баброўнікі — Бераставіца». У Літве намётавы мітынг размясціўся каля беларускага памежнага пераходу «Мядзінінкай — Каменны Лог». У кожнай з акцый удзельнічаюць каля сотні чалавек.
У выпадку невыканання сваіх патрабаванняў да аўторка, 8 чэрвеня, удзельнікі намётавых мітынгаў заблакуюць дарогі для грузавога транспарту ў адпаведных прапускных пунктах.
Пачатак перакрыцця дарогі ў пункце пропуску «Баброўнікі — Бераставіца» ў Польшчы — 8 чэрвеня ў 12:00 па мясцовым часе.
Акцыі ўзгодненыя з мясцовымі ўладамі Польшчы і Літвы. Да ўдзелу ў іх запрашаюцца ўсе жадаючыя. Актывісты спяваюць песні падчас мітынгаў, граюць на музычных інструментах, на выступы прыязджаюць мясцовыя групы. Жыхары бліжэйшых гарадоў і вёсак прывозяць удзельнікам намётавых мітынгаў ваду і дровы на ноч і частуюць хатняй ежай.
«Мы хочам даць вельмі выразны сігнал Бруселю. Размовы могуць працягвацца колькі заўгодна. Словы салідарнасці і падтрымкі, безумоўна, важныя, але перш за ўсё неабходныя дзеянні, каб спыніць рэпрэсіі ў нашай краіне», — заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падчас мітынгу на мяжы з Беларуссю.
Арганізатары паведамляюць, што да акцыі плануюць далучыцца беларускія дыяспары і ў іншых краінах, прычым не толькі тых, што мяжуюць з Беларуссю.
Паводле прэс-рэліза