Літва працягвае папракаць беларускіх памежнікаў у бяздзейнасці
Кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў заявіў, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы застаецца складанай, піша «DELFI».
«Мы бачым, што сітуацыя змяняецца не па днях, а па гадзінах. За выхадныя затрымалі тры групы нелегалаў, гэта больш за 30 чалавек», — сказаў журналістам Любаеў.
Зараз, паводле слоў Любаева, нелегальных мігрантаў затрымліваюць амаль кожны дзень. У Вільні ўпэўненыя, што патокі нелегалаў накіраваныя ў Літву і Польшчу: «У Латвіі няма ні аднаго, а ў нас — 273 нелегалы, у Польшчы — 180. Усё ідзе праз Літву і Польшчу».
Цяпер Літва вырашае пытанні аб закупцы новых сродкаў абароны і зброі для аховы мяжы. Разглядаецца магчымасць прыцягнення арміі.
Паводле слоў Любаева, з беларускімі памежнікамі практычна няма ніякіх кантактаў.
«Ёсць фармальныя каналы паведамлення, але яны не працуюць. Мы перадаём інфармацыю беларускім калегам, але яны не адказваюць, не прыязджаюць на месца нелегальнага перасячэння мяжы. Паводле дзейных правілаў, мы павінны праводзіць расследаванне сумесна, але гэтага няма, усё тлумачаць COVID-19 і дзеючымі ў Беларусі абмежаваннямі. Мы бачым, што не жадаюць фіксаваць факт парушэння мяжы і супрацоўнічаць з нашымі ведамствамі», — сказаў Любаеў.
Нагадаем, 26 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць». У Літве ўпэўненыя, што ўзрослы паток нелегальных мігрантаў — следства гэтай заявы. На мінулым тыдні толькі за адзін дзень літоўскія памежнікі затрымалі 52 нелегалаў, у тым ліку і беларусаў, якія папрасілі прытулку ў Літве.
telegra.ph