У Літве фіксуецца наплыў нелегальных мігрантаў з Беларусі

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце заявіла, што беларускія чыноўнікі могуць быць датычныя да перавозкі нелегальных мігрантаў у Літву. Падставы так думаць маюць і літоўскія памежнікі, паведамляе Свабода.

litva_2705.jpg

Міністарка і кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМЛ) ў перадачы «Дзень на Delfi» расказалі пра тое, якія выклікі чакаюць.
Міністарка Агне Білатайце кажа, што існуючыя лічбы выклікаюць непакой — колькасць нелегальных мігрантаў з Беларусі за пяць месяцаў была ў два разы большая, чым за ўвесь 2020 год. «Відавочна, што мы жывем побач з непрадказальным тэрарыстычным рэжымам, і зробленыя тыдзень таму заявы пра тое, што нас чакае беспрэцэдэнтны паток нелегальных мігрантаў — мы можам сказаць, што гэта ўжо адбываецца, мы назіраем рост нелегальных мігрантаў, і за пяць месяцаў колькасць нелегальных мігрантаў з Беларусі склала 190 — і за гэтыя месяцы іх колькасць удвая большая, чым за ўвесь 2020 год.
Чаму мы бачым, што могуць быць замешаныя службовыя асобы? Такое ўражанне ствараецца з-за таго, што... службовыя асобы не супрацоўнічаюць, і кіраўнік САДМЛ можа больш падрабязна расказаць. Відавочна, што сродкі выкарыстоўваюцца для маскіроўкі слядоў, калі гэтыя нелегальныя мігранты пераходзяць на тэрыторыю Літвы, і відавочна, што гэта велізарная пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы. Я хачу растлумачыць, што мы бачым гэтыя тэндэнцыі, — і Міністэрства ўнутраных спраў, і я будзем кіраваць гэтымі патокамі і рабіць усё магчымае, мы прадугледзелі захады, якія будуць працаваць тут і цяпер. Вядома, плануюцца і доўгатэрміновыя захады», — заявіла кіраўніца МУС.
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМЛ) Рустам Любаеў кажа, што па-ранейшаму існуе шэраг перашкодаў для супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі.
«Мы заўважылі тэндэнцыю росту нелегальнай міграцыі з восені мінулага году, з кастрычніка, — заўважае Любаеў. — Гэтыя лічбы няўхільна раслі і дасягалі піку ў сакавіку, красавіку і траўні. Пра гэта ўжо гаварылася, а мы адзначаем практычна адсутнасць жадання супрацоўнічаць з боку прадстаўнікоў Дзяржкамітэту Беларусі. Гэта супрацоўніцтва істотна змянілася з пачатку палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь. Насамрэч нашыя калегі-памежнікі не вельмі рэагуюць на супольныя запыты пра расследаванне, матывуючы гэта сітуацыяй з каранавірусам і абмежаваннямі на арганізацыю сустрэч на мяжы і запуск супольных расследаванняў. На дадзены момант у нас ёсць пагадненне аб памежным рэжыме паміж краінамі, і ў адпаведнасці з гэтым пагадненнем існуе працэдура разгляду і расследавання парушэнняў дзяржаўнай мяжы», — нагадвае кіраўнік літоўскай памежнай службы.
«У прыватнасці, у нас няма прамых доказаў таго, што прадстаўнікі Памежнай службы Рэспублікі Беларусь датычныя да арганізацыі, але ў нас ёсць падставы меркаваць, што прадстаўнікі іншых ведамстваў могуць быць датычныя або, па меншай меры, не прадпрымаць ніякіх дзеянняў дзеля затрымання такіх груп ля мяжы, каб можна было спыніць нелегальную міграцыю», — запэўнівае Любаеў.
На пытанне, з якіх краін больш за ўсё грамадзян заяжджае ў Літву праз беларускую мяжу, міністар запэўніў, што цяпер у Мінск з Багдаду і Стамбулу адпраўляюцца чатыры рэйсы на тыдзень. «Цяпер у нас ёсць схема, якую мы бачым, а менавіта чатыры рэйсы на тыдзень у Мінск з Багдаду і Стамбулу. Уявім, што кожны тыдзень з гэтых напрамкаў вылятае не менш за шэсцьсот чалавек, а затым ёсць пэўныя арганізаваныя аб’яднанні, у якія могуць быць уцягнутыя самі службовыя асобы, гэтыя людзі накіроўваюцца і рухаюцца да літоўскай мяжы. У нас ёсць інфармацыя аб цэнах на такія паездкі для гэтых асоб, цана на аднаго чалавека — каля пятнаццаці тысяч даляраў, на сямʼю — трыццаць пяць тысяч даляраў, але хачу адзначыць, што не толькі ў Літве, але і ў Польшчы ёсць аналягічныя схемы. Таму ў дадзеным выпадку мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з нашымі калегамі ў Польшчы.
На пытанне, якая частка нелегалаў злоўленая і колькім удаецца схавацца, Любаеў запэўніў, што каля дзесяці адсоткаў — гэта тыя людзі, якім удаецца выслізнуць і пранікнуць далей у Заходнюю Эўропу.
«Паводле нашых ацэнак, каля дзесяці адсоткаў нелегальных мігрантаў. Мы можам прыблізна падлічыць, што столькі застаюцца незаўважанымі. У асноўным гэта невялікія групы, людзі, якіх складана заўважыць без спецыяльных сістэм назірання, — кажа Любаеў. — Мы лічым, што іх мэта сапраўды Заходняя Еўропа, гэта значыць гэта эканамічныя мігранты, якія маюць эканамічныя мэты, іх мэта, вядома ж, не Літва».