«Мінск парушыў нормы, якія прымаюцца нават дыктатарамі»
Мінск парушыў нормы, якія прымаюцца нават дыктатарамі, заявіў выканаўчы намеснік старшыні Еўракамісіі Франс Тымерманс (Нідэрланды), каментуючы інцыдэнт на літоўска-беларускім памежным пераходзе «Мядзінінкай — Каменны Лог».
4 чэрвеня беларускія памежнікі запатрабавалі ад літоўскіх дыпкур’ераў зняць пячаткі і адчыніць машыну з поштай. Кур’еры вымушаныя былі вярнуцца ў Літву.
«Рэжым у Беларусі з кожным днём усё больш становіцца ізгоем. Нават самыя базавыя дыпламатычныя нормы, якія прымаюцца дыктатарамі ва ўсім свеце, Беларуссю не выконваюцца», — цытуе Радыё Свабода Тымерманса, які ў дзень інцыдэнту знаходзіўся ў Вільні.
«Адзіны адказ на гэта — цвёрдасць. Мы павінны быць цвёрдымі з Беларуссю, дакладна дзейнічаць у пытанні санкцый, паказаць, што ў Еўропе такія паводзіны зусім недапушчальныя», — падкрэсліў прадстаўнік Еўракамісіі.
Ён паведаміў, што Еўракамісія цалкам салідарная з Літвой і яе ўрадам. Паводле слоў Тымерманса, у сувязі з інцыдэнтам на мяжы ён знаходзіцца ў кантакце з еўракамісарам па ўнутраных справах Ільвай Юхансан (Швецыя).
Раней Міністэрства замежных спраў Літвы выказала «рашучы пратэст у сувязі з беспрэцэдэнтным інцыдэнтам» на мяжы з Беларуссю.
«Беларускія афіцыйныя асобы перашкаджалі праезду нашых дыпламатычных кур’ераў, што з’яўляецца сур’ёзным парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, — заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. — Беларусь зноў прадэманстравала, што гэтая краіна падрывае ўсе правілы цывілізаванага свету. У цэнтры Еўропы бушуе дыктатура».
У МЗС Літвы быў выкліканы прадстаўнік пасольства Беларусі, якому ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з інцыдэнтам.
На тое, што адбылося, адрэагавала МЗС Латвіі, назваўшы здарэнне «яшчэ адным беспрэцэдэнтным захадам» беларускіх уладаў. «Рэжым Лукашэнкі стаў ізгоем, і міжнародная рэакцыя павінна быць рашучай, — гаварылася ў каментары латвійскага МЗС у Твітары — Венская канвенцыя аб дыпламатычных зносінах павінна выконвацца. Наша поўная салідарнасць з літоўскімі калегамі».
Беларускі дзяржаўны памежны камітэт сітуацыю каментаваць адмовіўся.