All we need is love. Першы Марш роўнасці ў Беластоку (фота)

У суботу, 20 ліпеня, у памежным Беластоку прайшоў Першы Марш роўнасці. 

dsc_2616_logo.jpg


За некалькі дзён да падзеі арганізатары на старонцы ў фэйсбуку заклікалі патэнцыйных удзельнікаў паклапаціцца пра ўласную бяспеку, нагадвалі асноўныя правілы паводзінаў на такога кшталту мерапрыемствах.
Перасцярогі аказаліся не залішнімі. Акцыя была афіцыйна дазволена ўладамі, але за пару гадзінаў да мерапрыемства да месца яго правядзення пачалі падцягвацца прыхільнікі "традыцыйных сямейных каштоўнасцяў" — прадстаўнікі каталіцкіх і нацыяналістычных суполак.


Па перыметры плошчу атачалі паліцэйскія машыны. Увогуле, паліцыі на мерапрыемстве было вельмі шмат. Яе задачай было — ахоўваць удзельнікаў марша. Ад беларускіх калегаў паліцыю Беластока адрознівала поўная адсутнасць агрэсіі ў дачыненні да грамадзян, яны спакойна і прафесійна рабілі сваю працу.


Чым бліжэй да абвешчанага часу пачатку акцыі, тым больш неспакойнай станавілася атмасфера. Удзельнікі «антыпрайду» скандавалі лозунгі, змест якіх няма сэнсу прыводзіць — яны прыкладна аднолькавыя для ўсіх гамафобных мерапрыемстваў. Хіба што з здабыткаў апошняга часу крычэлка: «Хто не скача, той вычварэнец!». Трэба адзначыць, што скакалі пры гэтым не многія.
Некалькі разоў сярод мінакоў раптам уздымаўся вясёлкавы сцяг, але на тых, хто адважваўся гэта зрабіць, адразу наскоквалі дужыя хлопцы з паголенымі патыліцамі і адбіралі сімволіку. 


Калі здавалася, што мерапрыемства ўжо не адбудзецца, у адным месцы плошчы ўнутры паліцэйскага кардону раптам сфармавалася даволі шматлікая калона ўдзельнікаў акцыі. Нягледзячы на спробы правакацыі з боку апанентаў, марш у атачэнні паліцыі рушыў па заяўленым маршруце. Раз-пораз побач з калонай выбухалі петарды, распыляўся слезацечны газ, у натоўп кідалі цяжкія бутэлькі з вадой. Нават нягледзячы на ахову паліцыі, трэба было мець вялікую мужнасць, каб узяць удзел у маршы.


Паводле ацэнак Gazeta Wyborcza, удзел у акцыі ўзялі болей за тысячу чалавек. Колькасць апанентаў прыкладна такая ж. Мерапрыемства ахоўвалі некалькі соцень цяжка экіпіраваных паліцыянтаў, узвод кінолагаў, дзясяткі паліцэйскіх браневікоў і верталёт.
Праз дзве з паловай гадзіны ад пачатку, нягледзячы на спробы блакады руху ідэйнымі праціўнікамі, калона планава вярнулася да плошчы, з якой пачынаўся маршрут. А пятай гадзіне вечара акцыя скончылася. Звестак аб пацярпелых няма. Некалькі чалавек з "антыпрайду" былі затрыманыя.