Басовішча-2019. Без слёз і феерверкаў (фота, дапоўнена)

Ва ўрочышчы Борык пад Грудэкам 19 ліпеня распачаўся трыццаты — апошні, як сцвярджаюць арганізатары — фэст музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

basovisca_2019_17_logo.jpg

Пасля традыцыйнага конкурсу маладых гуртоў, пераможцамі якога сталі гурты LUTY SAKAVIK і HARMONIX COLLEGE, на сцэну ўзыйшлі ветэраны беларускага року, гурт «Крама», які мае амаль такую ж доўгую і не менш багатую гісторыю.

basovisca_2019_02_logo.jpg
basovisca_2019_03_logo.jpg

Польскую каманду Ilo&Friends, добра вядомую заўзятарам фэсту, змяніў гурт BEZ.NOT з рускамоўным рэгі.

basovisca_2019_07_logo.jpg
basovisca_2019_06_logo.jpg
basovisca_2019_05_logo.jpg
basovisca_2019_01_logo.jpg

Вядоўца апошніх чатырых фэстаў «Басовішча» Аляксандр Рацько з гурта Dzieciuki

basovisca_2019_04_logo.jpg


Калі вы раней не чулі польскі гурт Żywiołak, варта гэта зрабіць. Каманда існуе з 2005 года, грае магічную музыку, заснаваную на традыцыйных народных спевах. Дзякуючы старажытным інструментам, гіпнатычнаму вакалу і цяжкаму, часам металёваму гуку, падчас выступу «Жывёлка» на сцэне адбывалася сапраўднае шаманства.

Беларускі гурт Re1ikt добра вядомы і беларусам, і палякам. Падчас свайго сэта музыкі запрашалі на сцэну людзей, так ці інакш датычных да фестываля «Басовішча».

Дарэчы, Re1ikt зараз працуе над новым альбомам, выхад якога запланаваны на восень.
 
Хэдлайнерам першага дня «Басовішча» стаў гурт Znich. Гэта быў яго дваццаты выступ на фестывалі. Дарэчы, гурт таксама працуе над новымі праектамі, восеню аматараў чакаюць ажна два новыя альбомы.

Як сказаў лідар гурта Алесь Таболіч, трыццатае «Басовішча» не можа стаць апошнім. «Бо інакш тут бы быў феерверк і ўсе лілі слёзы». Сапраўды, развітальнай атмасферы на фэсце няма, як і нейкага спаду цікаўнасці. Побач арганічна пачуваецца публіка самых розных генерацый — ад сівых ветэранаў рок-тусоўкі да маладых сем'яў з малымі дзеткамі ў вазочках і падлеткаў, што пакуль яшчэ вызначаюцца са сваімі музычнымі перавагамі. А калі ёсць запыт — мусіць быць і прапанова. Так што, магчыма, сапраўды, гэта яшчэ не канец? 
Увечары суботы адбыўся заключны канцэрт фэста пры ўдзеле Naviband, Лявона Вольскага, берасцейцаў :B:N: і гарадзенскага гурта Dzieciuki.
Naviband адыгралі вельмі душэўны сэт, удала спалучыўшы "Басовішча" і "Еўрабачанне". 


dsc_2772_logo.jpg

Лявон Вольскі пачаў свой сэт з хітоў "Мроі", метафарычна павяртаючы гледачоў у часы первых "Басовішчаў". Потым выканаў любімыя публікай песні з усіх перыядаў сваёй творчасці: NRM, ZET, Volski.

Пасля на сцэну падняліся берасцейцы  :B:N:.
 

Апошнімі выступалі гарадзенцы Dzieciuki. Яны завяршылі канцэртную праграму фестывалю песняй "Радыёактыўны снег" з рэпертуару гурта "Кальян".  

На сцэну падняліся арганізатары "Басовічша". Яны падзякавалі ўсім за ўдзел і падтрымку і сышлі на танцпол спяваць з гледачамі разам песню "Простыя словы" пад акампанемент гурта :B:N:

dsc_3729_logo.jpg


А напрыканцы пасля развітальных словаў са сцэны нечакана для ўсіх прагучала: "Ну што, да сустрэчы ў наступным годзе?"