Amnesty International прапануе ўсім краінам свету ўвесці квоты для ўцекачоў

Багатыя краіны паказалі поўную адсутнасць лідарства і адказнасці, прымусіўшы толькі 10 краін, на долю якіх прыпадае менш за 2,5% сусветнага ВУП, прыняць 56% бежанцаў, гаворыцца ў справаздачы праваабарончай арганізацыі Amnesty International, апублікаванай 4 кастрычніка.

49a078b4_22e9_4100_a362_505a1377e6b7_w987_r1_s.jpg


Арганізацыя прапануе развязаць крызіс паводле аб’ектыўных крытэраў: кожная дзяржава ў свеце павінна штогод узяць удзел у пошуку новага дому для 10% бежанцаў. Напрыклад, выкарыстоўваючы крытэры колькасці насельніцтва, нацыянальнага багацця і ўзроўню беспрацоўя, праваабаронцы Amnesty International падлічылі, што Новая Зеландыя павінна штогод прымаць 3466 уцекачоў. У Ліване пражывае падобная колькасць людзей, але гэтая краіна прыняла ўжо больш за 1 мільён уцекачоў.

«Толькі 10 з 193 краін свету прымаюць больш за палову бежанцаў. Невялікай колькасці краін даводзіцца рабіць занадта шмат толькі таму, што яны з’яўляюцца суседзямі крызісу», — гаворыцца ў справаздачы.

Арганізацыя нагадвае, што ў 2015 годзе больш за адзін мільён уцекачоў і мігрантаў дайшлі да Еўропы па моры, 4000 чалавек па дарозе патанулі. Больш за 3500 уцекачоў памерлі ў першыя дзевяць месяцаў 2016 года.

www.svaboda.org