Анджэй Дуда: Расія — агрэсар, адмаўляць гэта «проста несур’ёзна»
Прэзідэнт Польшчы лічыць, што «сёння Расія не з'яўляецца суседам, якога можна лічыць бяспечным».
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв’ю першай праграме Польскага радыё заявіў пра існаванне ваеннай пагрозы з боку Расіі.
Паводле слоў прэзідэнта, Расія з'яўляецца агрэсарам, і адмаўляць гэта «проста несур’ёзна».
У якасці прыкладу прэзідэнт прывёў Грузію, якая адчувае пагрозу з боку Расіі, і Украіну, якая знаходзіцца ў «ваеннай сітуацыі», а Крым, Луганская і Данецкая вобласці акупаваны Расіяй.
Анджэй Дуда патлумачыў, што на Данбасе «сепаратысты — гэта на самай справе проста расіяне, якіх падтрымлівае Крэмль, і толькі дзякуючы яму яны дзейнічаюць».
«Розныя віды расійскіх правакацый, як ваенных, так і гібрыдных, а таксама кібератакі паказваюць, што сёння Расія не з'яўляецца суседам, якога можна лічыць бяспечным», — сказаў Анджэй Дуда.
Прэзідэнт дадаў, што абаронай Польшчы ад гэтай пагрозы з'яўляецца членства ў НАТА і прысутнасць сіл Паўночнаатлантычнага саюза на тэрыторыі краіны.
radyjo.net