Бальніцы перапоўненыя, моргі і крэматорыі не спраўляюцца: што адбываецца зараз у Кітаі

Пасля адмены палітыкі «нулявога кавіда» Кітай сутыкнуўся з рэзкім усплёскам захворванняў і ўжо не ў стане стрымаць імклівае распаўсюджванне віруса.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 248 мільёнаў чалавек, або 18 працэнтаў насельніцтва Кітая, заразіліся каронавірусам толькі за першыя тры тыдні снежня — пасля таго, як улады КНР знялі абмежаванні на кантакты паміж людзьмі. Гэтыя лічбы рэзка кантрастуюць з афіцыйнай статыстыкай з пачатку снежня. Згодна з ёй, захварэлі па ўсёй краіне толькі 62 тысячы чалавек.

Адначасова паступаюць звесткі, што бальніцы ў Кітаі перапоўненыя, а крэматорыі ўжо не спраўляюцца з колькасцю памерлых. Агенцтва «Reuters» са спасылкай на цэнтр «Airfinity», які даследуе медыцынскія даныя, паведаміла, што ў Кітаі штодня ад каронавіруса паміраюць каля 5 тысяч чалавек. Паводле ацэнак «Airfinity», хваля COVID-19 у Кітаі можа мець два пікі: 3,7 млн. новых выпадкаў заражэння на дзень у сярэдзіне студзеня ў рэгіёнах, дзе на дадзены момант колькасць захворванняў расце, і 4,2 млн. на дзень у сакавіку ў іншых правінцыях. Таксама ёсць меркаванне, што смяротнасць можа дасягнуць 2 млн. выпадкаў.


У Шанхаі і яго ваколіцах адкрыта каля 3 000 кансультацыйных цэнтраў, дзе людзі могуць атрымаць рэкамендацыі па лячэнні, а таксама гарачкапаніжальныя і абязбольвальныя лекі. Гэта зроблена, каб супакоіць людзей, і паказаць, што ўлады цяпер настроеныя развязваць праблемы больш мякка.
Нагадаем, на пачатку снежня пасля масавых пратэстаў у некалькіх рэгіёнах улады КНР рэзка знялі каронавірусныя абмежаванні. У сувязі з гэтым рашэннем згадвалася, што новыя варыянты штаму «амікрон», якія зараз рэгіструюцца ў Кітаі, менш небяспечныя.


Разам з тым, стала вядома, што Нацыянальная камісія аховы здароўя Кітая з нядзелі перастала публікаваць штодзённыя даныя аб захворванні. Афіцыйная прычына закрыцця статыстыкі — «сумневы ў яе надзейнасці». Так напрыклад, паводле даных на 23 снежня ў цэлым па КНР, у адпаведнасці з афіцыйнай інфармацыяй, зарэгістравана 4103 новых хворых. Такое разыходжанне ў лічбах паказвае на недакладнасць звестак, якія мае ўрад краіны, і велізарныя праблемы, з якімі сутыкнуўся Кітай пасля паслаблення палітыкі ў дачыненні да Covid-19. Аналагічныя меры — надзвычайны ўзровень цэнзуры — ужо прадпрымаліся кітайскімі ўладамі падчас падаўлення «антыкавідных» пратэстаў.