Беларускі Cвабодны тэатр пакажа ў Кіеве спектакль пра Сянцова
Беларускі Cвабодны тэатр прывязе ў Кіеў спектакль Burning Doors пра ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, рускую актывістку Марыю Алёхіну і расійскага мастака Пятра Паўленскага, піша svaboda.org.
Спектакль пакажуць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Івана Франка 6-7 лістапада. Квіткі ўжо даступныя ў продажы. Сабраныя за іх сродкі перададуць сем’ям палітвязняў.
Ініцыятар паказу Burning Doors у Кіеве — лідар гурта «Бумбокс» Андрэй Хлыўнюк, які супрацоўнічае са «Свабодным тэатрам» з 2015 года. У спектаклі выкарыстаны песні ўкраінскага гурта.
Алег Сянцоў асуджаны ў Расіі на 20 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Рэжысёр абвяргае абвінавачванні. Ад 14 траўня ён трымае галадоўку, патрабуючы вызваліць з расійскіх турмаў украінскіх палітвязняў.
З патрабаваннем неадкладна вызваліць Сянцова да Расіі неаднаразова звярталіся міжнародныя арганізацыі, заходнія ўрады, мастакі і актывісты ва ўсім свеце.