З'явіўся ліст Сянцова: «Я вымушаны спыніць галадоўку з заўтрашняга дня»
У СМІ з'явіўся ліст украінскага рэжысёра, палітвязня Алега Сянцова, у якім ён тлумачыць прычыны, па якіх спыняе галадоўку, паведамляе «Еўрарадыё».
Заяву, якую ён перадаў праз свайго адваката Дзмітрыя Дзінзе, апублікавала раійская "Новая газета".
"У сувязі з крытычным станам майго здароўя, а таксама пачаткам паталагічных зменаў ва ўнутраных органах у самы бліжэйшы час да мяне запланавана ўжыванне прымусовага харчавання. Мая думка пры гэтым ужо не ўлічваецца. Нібыта я ўжо не ў стане адэкватна ацэньваць узровень здароўя і небяспекі, якая яму пагражае. Гвалтоўнае кармленне будзе праводзіцца ў рамках рэанімацыйных мерапрыемстваў па выратаванні жыцця пацыента. У дадзеных умовах я вымушаны спыніць сваю галадоўку з заўтрашняга дня, гэта значыць з 6.10.18.
145 дзён барацьбы, мінус 20 кг вагі, плюс надарваны арганізм, але мэта так і не дасягнутая. Я ўдзячны ўсім, хто падтрымліваў мяне, і прашу прабачэння ў тых, каго я падвёў...
Слава Украіне!
Алег Сянцоў. 5.10.18"
Раней пра тое, што палітвязень спыняе галадоўку, паведаміла Федэральная служба выканання пакаранняў Расіі.
Украінскага рэжысёра асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. 14 траўня Сянцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў з расійскіх турмаў.
Паводле звестак праваабаронцаў, у Расіі і анексаваным Крыме ўтрымліваюць 64 ўкраінскіх палітвязняў. 27 з іх знаходзяцца на тэрыторыі Расіі. 58 чалавек — затрыманыя ў Крыме або па справах, звязаных з Крымам.